Выбрать главу

Усё, напэўна, ішло добра… Але прачнулася Іра (у сям'і Шыковічаў адна маці ўставала рана). У халаце, з ручніком, заспаная і хмурая, з'явілася яна пад паветкай, каб нешта запытаць у маці. Здзівілася, угледзеўшы Машу. Іх пазнаёмілі. Маша ўбачыла праз шкельцы яе акуляраў, што Іра глядзіць на яе зняважліва і насмешліва: «Адкуль ты такая спрытная ўзялася?» Гэта закранула Машына самалюбства.

«Няхай жонка Яраша глядзіць на мяне, як хоча. Яна старэйшая ўдвая. А ты, дурная авечка, чаму працягваеш мне руку, быццам робіш вялікую ласку? Не міргай сваімі блізарукімі вачамі. Я ўсё бачу».

Яна дэманстратыўна адвярнулася да Тараса. Сказала яму:

— А я ведаю, як вас ратавалі ў вайну. Як шукалі…

— Мяне?

Іра хмыкнула.

— У вайну ён пешшу пад стол хадзіў.

Маша не адказала ёй. Яна спытала ў крыху здзіўленага Тараса:

— А вы не помніце? Нічагусенькі? А я помню, як праводзілі тату на вайну. Мне ішоў чацвёрты год. Перад вачамі стаіць, як тата плакаў. Твару не помню, што плакаў — помню. Трымаў мяне на руках і плакаў. А я выцірала яму слёзы.

Расчырванелы Тарас сядзеў на зямлі і разбіваў качаргой у печы галавешкі. Водсвет жару залаціў яго белыя валасы. Іра ўсміхнулася, падумаўшы: «Тарас парыжэў ад гэтай рыжай. Сапраўды, адкуль яна ўзялася? — І тут жа ўспомніла: — А-а, Яраш расказваў пра „залатую сястру“, — і зноў хмыкнула: — Залатая!»

Можа, Іра нешта сказала б, але маці глянула на яе строга, папярэджваючы.

Валянціна Андрэеўна рабіла пірог, і рукі яе былі ў белым цесце, а правая скроня ў муцэ. Іра падумала, што і сівая мама будзе прыгожая. У яе расла непрыязь да гэтай рудой. Як незалежна яна трымае сябе на іх імправізаванай кухні! Як гаспадыня. А як размаўляе. Ад вайны і бацькі — да дроў:

— Тарас! Дровы вашы залішне сухія. Не трэба такі агонь. Усё папаліць. Знайдзіце сырэйшыя дровы.

Тады Іра нечакана для сябе самой прапанавала:

— Тарас! Хадзем купацца.

Але найбольшай нечаканасцю гэта было для Валянціны Андрэеўны. Маці што токам ударыла. Няўжо гэта сказала Іра? Тая Іра, якая чырванела і абуралася, калі пры ёй пачыналі размову пра каханне, хлопцаў-жаніхоў, замужжа. Малодшы Славік сваімі бесцырымоннымі жартамі часта даводзіў яе да слёз. А яна, Валянціна Андрэеўна, неаднойчы з болем гаварыла мужу:

«Боязна мне за Ірку. Нейкая яна замкнутая, нелюдзімая. Дваццаць год, а яна што дзіця. Баюся, не выйсці ёй замуж. Шчэ гэтая блізарукасць».

«Выйдзе», — адказваў аптыміст Шыковіч.

Жонка папракала:

«Не думаеш ты пра дзяцей».

«Калі мы абое пачнём гэтулькі думаць, як ты, замнога ўвагі ім будзе. Лепш навучы яе суп варыць».

Іра нават з імі, жанчынамі, не надта ахвотна хадзіла купацца. Больш адна. А пры мужчынах ніколі не скідала плацця, хоць мела самыя закрытыя купальнікі.

І раптам яна запрашае хлопца ісці купацца. Удваіх? Валянціна Андрэеўна проста аслупянела. Што здарылася? Што адбылося з яе Ірай?

— Я ўжо купаўся, — адказаў Тарас, адчуваючы няёмкасць ад такога запрашэння.

У гэты момант Галіна Адамаўна папрасіла яго схадзіць па ваду. Ваду для піцця і стравы бралі ў лясніцтве.

— Давайце я прынясу, — адгукнулася Іра.

Схапіла вёдры і пабегла. Рэдка яна праяўляла такую ахвоту да фізічнай працы. Маці, здзіўленая да ашаламлення, забыўшыся на ўсіх другіх, глядзела ёй услед. І раптам зіхнула думка: Іра, яе Іра закахана ў Тараса. Гэта так відавочна. Яна ўмела хаваць сваё каханне, пакуль яму нічога не пагражала. А ўбачыла гэтую рудую, адчула саперніцу… І знікла сарамлівасць, замкнутасць — усё, што дагэтуль вызначала яе характар. Валянціне Андрэеўне стала і радасна, і балюча, і боязна за дачку. Першае каханне. Першыя пакуты. А што ён, Тарас? Як ён адносіцца да Іры? Яна, маці, лічыла б за шчасце, каб такі хлапчына, разумны, стрыманы, разважлівы, пакахаў яе дачку. Чаму яна адкрыла Ірыніна каханне толькі сёння? Навошта з'явілася гэтая вогненная дзяўчына? Чаму Тарас тырчыць каля іх? Няхай бы сапраўды пайшоў на луг, купацца ці лавіць рыбу.

Іра прынесла ваду. Над быльнягом за паветкай пляснула з конаўкі на твар, выцерлася і далучылася да жанчын.