— Што мне рабіць, мама?
Што ёй рабіць? Ёй так захацелася рабіць, абы застацца тут. У Валянціны Андрэеўны сціснулася сэрца. Можа, упершыню яна адчула на поўную сілу, як няўмела выхоўвала сваіх дзяцей. Якую даць работу, каб Іра магла рабіць яе з такім жа ўменнем, спрытам, артыстычнасцю, як гэтая чужая дзяўчына, на першы позірк непрыгожая, а ў сапраўднасці элегантная, менавіта праз гэтае сваё высокае ўменне працаваць і трымацца?
— Хадзем дроў напілуем, — сказаў Іры Тарас.
— Дровы? — здзівілася яна, але тут жа згадзілася.
Валянціна Андрэеўна ведала, што не ўмее яе дачка пілаваць, бо ніколі ў жыцці не бралася за пілу. Але ўзрадавалася, што яна пайшла з Тарасам. Цяжка ёй, маці, глядзець і параўноўваць, як працуе Іра і гэтая залатая чарадзейка. На міг адступілі некуды захапленне і любаванне дзяўчынай і з'явілася раўнівая непрыязь да яе. Агіднае пачуццё. Ёй, настаўніцы, зрабілася сорамна за такое пачуццё. Не, яна павінна быць шчырай і аб'ектыўнай.
А другая жанчына — Галіна Адамаўна — у гэты момант думала:
«Няхай бы Тарас закахаўся ў гэтую рудую. Ён бы адгарадзіў яе ад Антона. Антон высакародны чалавек. Але ён слабы, як усе мужчыны. Калі ён прывёз яе, каб пазнаёміць з Тарасам, то, значыцца, нічога ў іх не было, яна добрая дзяўчына, і мне варта прылашчыць яе».
Паднялося над лесам сонца — і ўзняўся вецер. Зашумеў бор, як далёкі марскі прыбой. Знікала ранішняя дымка на небе, быццам вецер старанна працёр гэтае вялізнае блакітнае шкло. Не было душна, як некалькі апошніх дзён. Аднак сонца паліла няшчадна. Доўга чакалі рыбакоў снедаць. Яны не прыйшлі.
Снедалі пад дубамі.
Шыковіч прачнуўся з галаўным болем, не мог знайсці лязо для брытвы, хоць добра помніў, што прывозіў іх з горада, узлаваўся, бурчаў на жонку, на дачку. А ўбачыў Машу — і адразу падабрэў. Валянціне Андрэеўне, разважлівай, спакойнай, якая ніколі не раўнавала беспадстаўна, стала смешна і сумна. З іроніяй назірала за мужам, як ён заляцаецца да Машы, з трывогай — за Тарасам і Ірай. Каб толькі залатая чараўніца не падзейнічала так на хлопца, як на гэтага лысаватага рамантыка, яе мужа. Здаецца, Тарас вядзе сябе больш разумна, паважна, больш стрымана.
А ў Галіны Адамаўны, калі яна ўбачыла, як загарэўся Шыковіч перад Машай, зноў засмактала ў грудзях. У яе была свая грубая філасофія: мужчыны — што каты, адразу, нюхам, чуюць кошку. І яна ўжо амаль ненавідзела дзяўчыну. Але за сталом было весела.
Шумелі дубы. Церушыліся на стол, у талеркі і шклянкі тонкія сухія галінкі, мох, зрэдку злятаў заўчасна пажоўклы ліст. З лугу цягнула густым водарам сухога сена.
Ва ўсіх быў добры апетыт. Маша ела са смакам, многа і па-дзіцячы прыгожа. Шыковіч любіў такую здаровую, «эстэтычную», як ён казаў, яду. Наташа, нягледзячы на пагрозы маці, за снеданнем чытала, не магла адарвацца ад «Запісак вучаніцы». І раз-пораз выбухала такім залівістым смехам, што і ўсе дарослыя смяяліся, хоць і не ведалі, што там, у кнізе.
— Ох, не магу! Памру, — дрыгала Наташа пад сталом нагамі. — Усё, як у нашым класе.
— Наташка, не крыўляйся.
— Што ты, мама! Каб ты прачытала, то сама поўзала б ад смеху. Вы не чыталі, дзядзька Кірыла?
— Не.
— Вы нічога не чытаеце. Самі пішаце, а нічога не чытаеце.
— Наташа!
— Правільна, Наташа. Не ў брыво, а ў вока бі, — ухваліла Валянціна Андрэеўна.
— Валя! Ёсць і другія правілы для дзяцей.
— А я чытала — і нічога там смешнага.
— Бо ты, Ірка, як наша ангелька, смяешся раз у месяц, па святочных днях.
— Наташа! Я табе язык накалю, паганка. Ідзі прэч, — узлавалася Галіна Адамаўна.
— Не трэба, Галя, — папрасіў Шыковіч. — Усе людзі павінны гаварыць, што думаюць. Якая была б шчырасць у адносінах!
— Быў бы поўны хаос, тата.
— А я чытаю мала, — уздыхнула Маша.
— Чаму? — спытаў Шыковіч.
— Не ведаю. А вы — чаму?
— Я? — Ён засмяяўся. — Дзіця маё, я мала чытаю такія кніжкі, якія чытае Наташа. Але колькі я чытаю другіх, часам такіх, над якімі Наташа заснула б на другой старонцы. А рукапісаў! Я аслеп ад рукапісаў. А цяпер яшчэ ад архіўных дакументаў. У мяне цяжкі жанр — дакументальны. Не толькі праца пісьменніка, але і гісторыка, — ён уздыхнуў.
Валянціна Андрэеўна хавала ўсмешку ў кубак з чаем. Яна паважала мужаву працу, яго творчае гарэнне. Але каму ён гаворыць усё гэта зараз, напускаючы на сябе такую паважнасць, скардзячыся на нялёгкі лёс? Незнаёмай дзяўчыне, каб паланіць яе хоць чым-небудзь. Смешны стары дурань! Пасаромеўся б дачкі.
Шыковіч, памогшы Тарасу вынесці пад дубы амаль усе сталы, якія былі на дачы, пайшоў дапісваць артыкул. Тарас і Наташа панеслі рыбакам снеданне.