Жанчыны займаліся той дробнай мітуслівай работай, якой амаль не відаць, але якая надзвычай стамляе і ўрэшце прыводзіць да апатыі, абыякавасці. Прыходзяць госці, а гаспадыню ўжо нішто не цікавіць, яна ўжо згарэла. Да такога стану дайшла Галіна Адамаўна дужа рана: яе стаміла не столькі работа, колькі хваляванне, трывожныя думкі пра мужа і Машу. Яна ўпала пад дубамі на коўдру і… заснула.
Валянціна Андрэеўна і дзяўчаты сцераглі яе сон. Гаварылі напаўголасу.
Маша і Іра быццам бы пасябравалі, разгаварыліся. Валянціна Андрэеўна назірала за імі і бачыла, як лёгка і адкрыта ішла на збліжэнне Маша і як асцярожна, хітра, дыпламатычна падступала да новай знаёмай яе дачка. Маці стала непрыемна. Адкуль гэта ўзялося ў Іры? І наогул, чаму ўсё так атрымліваецца? Здавалася б, простыя бацькі, простыя і шчырыя адносіны ў сям'і — і раптам такія дзеці, зусім розныя і абое з нейкімі дзіўнымі адхіленнямі ад той нормы, што выпрацавала педагогіка, якой яна, Валянціна Андрэеўна, аддала ўсё сваё свядомае жыццё. Упершыню яна падумала пра гэтую навуку без павагі, скептычна ўсміхнуўшыся.
«Можа, Кірыла таму лягчэй перажывае паводзіны дзяцей, што ён не ведае гэтых педагагічных догм. Ён лёгка запальваецца, але лёгка і патухае. Як ён сустрэне Славіка?»
Толькі падумала пра сына, а ён тут як тут.
Яна сядзела пад паветкай на нізкай калодачцы і, задумаўшыся, мыла ў тазе талеркі, відэльцы і нажы. І раптам убачыла не яго — цень. Уздрыгнула, падняла галаву. Славік упаў перад ёю на адно калена.
— Мама, твой блудны сын з'явіўся пад гэтую мірную дачную страху і вінавата схіляе гвалтоўна абстрыжаную галаву. Пасып яе гарачым попелам.
Звыклы яго ход — адразу ўсё перавярнуць на жарт. Яна ўпэўнена, што не так весела ў яго на сэрцы, але ён жартуе, ён усё адно жартуе. Аднак не пра гэта маці думала. Яна даўно не бачыла яго стрыжаным. І ў гэтай стрыжанай, круглай, трохі смешнай роднай галаве яна ўбачыла маленькага Славіка, добрага, ласкавага, таго, які, прачынаючыся, перабіраўся ў іх ложак і вось гэтай стрыжанай галавой туліўся да яе шчакі.
Ёй зрабілася да болю шкада яго. Нясцерпна хацелася ўзяць мокрымі рукамі яго дурную галаву, прытуліць да грудзей, пацалаваць, а потым накруціць гэтыя любыя ружовыя вушы. Салодка было недзе глыбока ў грудзях і горка ў горле. Уміг успомнілася, якім прыехаў у той дзень, калі Славіка пасадзілі, бацька — што хмара. Яна вырашыла, што ён зноў з кім-небудзь пасварыўся ў рэдакцыі, і, каб адцягнуць яго думкі ў іншы бок, спытала, ці бачыў ён Славіка. Як Кірыла падскочыў, як закрычаў:
«Дарожкі ў парку падмятае твой Славік! Пацалуйся ідзі з ім! Выхавала бандыта, педагог няшчасны!»
Яна адразу нават не зразумела, што да чаго. А з Ірай ледзь не здарылася істэрыка. Дачка крычала:
«Вось ён, ваш сынок, ваш любімчык! Я даўно казала, што ён зганьбіць усіх нас! Божа мой! Які сорам! Цяпер нельга будзе паказацца ў горадзе. А ўсё вінаваты вы! Абое вы. Бацькі! Патуралі, няньчыліся…»
Валянціну Андрэеўну тады абразілі словы дачкі: быццам з ёй няньчыліся менш.
А цяпер Іра стаяла, глядзела на ўкленчанага Славіка і стрымлівала сябе, каб не зарагатаць.
Яны ішлі ад стала, які накрывалі, убачылі Славіка, — спыніліся за яго спіной. Маша глядзела здзіўлена, Іра — з іроніяй. Валянціна Андрэеўна ўбачыла іх і, схамянуўшыся, сурова сказала сыну:
— Не крыўляйся. Устань!
Славік падняўся, не забыўшыся абтрэсці калена, і паправіў канцы чырвонай вяровачкі, што замяняла гальштук.
Валянціна Андрэеўна раптам узлавалася:
— І каб я не бачыла ў цябе на шыі гэтую дурацкую вяроўку. Выкінь!
Ён паслухмяна сарваў бляшку, вышмаргнуў вяровачку, размахнуўся, каб шыбануць яе ў кусты каля ручая… І тут убачыў сястру і… Машу. Застыў у вялікім здзіўленні. Потым ступіў крокі два ўбок, пакруціў стрыжанай галавой, як бы праганяючы сон. Хутка наблізіўся да дзяўчат. Крыкнуў:
— Мама! Я не сплю? Адкуль узялося гэтае дзіўнае стварэнне? — І да Машы: — Слухайце, вы ж незямная. Я вас часта сніў. Я сніў марсіянак. І ўсе яны падобны на вас. Далібог жа, праўда? Не, скажыце шчыра, вы адтуль? — Ён паказаў на неба і зарагатаў.
— Славік! — сурова спыніла маці. — Вядзі сябе прыстойна.
— А хіба я сказаў што-небудзь непрыстойнае? Клянуся, я шчыра перакананы, што яна адтуль. На зямлі я такіх не страчаў.
Машу абразіла, як бесцырымонна, не пазнаёміўшыся нават, гэты юны шалапут разглядае яе. Абразіла і ўся яго недарэчная балбатня. Яна застыла на міг, а потым падняла руку, прыклала далоню да шчакі, нібы мацаючы, ці не гарачая. Сказала не яму — Валянціне Андрэеўне: