— А я такіх страчаю штовечар. У парку. І заўсёды п'яненькіх.
Словы яе ранілі сэрца маці. Валянціна Андрэеўна адчула непрыязь да дзяўчыны. А са Славіка — што з гусі вада. Ён галантна пакланіўся, шаркнуўшы нагой па сухой траве:
— Дзякую за высокую атэстацыю.
Мабыць, адчуўшы настрой маці, баючыся, што Маша зноў скажа што-небудзь непрыемнае, Іра павярнула знаёмства на звычайны мірны шлях:
— Мой брат. Уладзіслаў. Ён добры, толькі крыўляка.
— Ура! — гукнуў на ўвесь лес Славік. — Мая дарагая сястра прызнае мяне добрым. У такі дзень! Прагрэс!
— А гэта — Маша.
— Маша?
Мабыць, Славіку сапраўды здавалася, што ў дзяўчыны ўсё незвычайнае, і такое простае імя як бы працверазіла яго. Ён зусім сур'ёзна працягнуў ёй руку. Маша нейкі момант вагалася — падаваць руку ці не. Гэта спалохала Валянціну Андрэеўну. Што, калі яна не падасць рукі? Якая будзе абраза для хлопца. Яе заўсёды палохалі нячуласць, чэрствасць.
Але Маша раптам працягнула руку, хораша ўсміхнуўшыся. І ў гэты момант Валянціна Андрэеўна даравала ёй усё.
— Хто вы, Маша? — затрымліваючы яе руку, сур'ёзна спытаў Славік.
— Сястра.
— Чыя?
— Аперацыйная.
— Аперацыйная? — Відаць, да яго не адразу дайшло, што гэта такое. — З бальніцы? — Ён ціха свіснуў, нявесела пажартаваў: — Умее Яраш выбіраць сабе сясцёр. — І, ужо выпусціўшы яе руку, адыходзячы, кінуў убок, яўна з зайздрасцю: — Яраш усё ўмее.
Маці адчула гэтую зайздрасць, гэты нечаканы пераход ад крыўляння да сур'ёзнасці, зразумела, як нялёгка было Славіку прыйсці, і зноў пашкадавала яго: «Які ён худы, падстрыжаны, адны вушы тырчаць. І пад вачамі сінія цені».
— Ты галодны?
— Як воўк.
Яны падавалі яму на стол утраіх — маці, Іра, Маша — усё самае лепшае, што гатавалі для гасцей, як самаму галоўнаму госцю.
Валянціна Андрэеўна адчувала ўдзячнасць дачцэ і Машы за іх чуласць. Яе нават не вельмі кранала, што сын больш аддае ўвагі гэтай амаль незнаёмай дзяўчыне, чым ёй, маці. Пільна сочыць за кожным яе рухам, ловіць кожнае слова і позірк.
«Захапляецца зусім па-дзіцячы», — з замілаваннем падумала маці.
Ад добрага снедання і жаночай клапатлівасці Славік зноў зрабіўся балбатлівы.
— Маша, хочаце, я вас здзіўлю?
Іра спалохана страляла ў яго вачамі: маўчы!
Ёй здавалася ганьбай і сорамам такое прызнанне.
— Я толькі ўчора з турмы.
Ніводная рыска не тузанулася на надзвычай рухавым і выразным Машыным твары.
— І доўга там вас трымалі?
— Дзесяць сутак.
— О-о! — Што значыла гэтае «о-о», ніхто не зразумеў.
— Я пагразіў адным замежным дурням атамнай бомбай. Быццам яна ляжала ў мяне ў кішэні. І — калі ласка, маралісты ўляпілі мне… А ўчора я перачытваў газеты. Я рэдка чытаю. Так, ад смутку. І — божа мой! — што я там прачытаў. Калі мне далі дзесяць сутак, то многім сэрам і лордам трэба даць па дзесяць гадоў. Як яны махаюць гэтымі бомбамі! Жах!
Валянціна Андрэеўна насцярожана замерла: ніколі яшчэ сын не гаварыў пра такія сур'ёзныя рэчы. Няхай з гумарам, але з якім!.. Як вырываюцца праз гэты гумар злосць, абурэнне! Чым ён больш абураецца? Тым, што несправядліва пакаралі яго за п'яную балбатню? Ці тым, што над чалавецтвам вісіць страшэнная пагроза?
— Махаюць нада мной. Над табой! Над табой, мама. А ты хочаш, каб я быў у захапленні ад гэтага свету! Пляснуць у такую вось чароўную раніцу… — Ён нервова засмяяўся.
— Не будзь песімістам, Уладзіслаў, — сказала маці, расчараваная, што сын павярнуў не туды. — Ты ўсё пераблытаў. Сваю маленькую крыўду ты ўзнімаеш да праблемы, якая сапраўды хвалюе ўсё чалавецтва. Але і на гэтую страшную небяспеку ты глядзіш як індывідуаліст і песіміст!..
— Мама, не трэба мне маралі! — Ён кінуў відэлец, заціснуў далонямі вушы, потым правёў рукой па горле. — Я сыты вось так!
— Не, ты паслухай! Людзі змагаюцца і перамагаюць. Вайну. Страх. Голад. Дэспатызм, тупасць…
— Нічога гэтага людзі не перамаглі! Не цешце сябе!
— Няпраўда! — запярэчыла Іра. — Можа, не ўсё, але шмат што перамаглі.
— Перамаглі ў адной вайне, каб пачаць другую? Такую, у якой ужо не будзе ні пераможаных, ні пераможцаў. Застанецца адзін попел.
— Ты проста баязлівец! Панікёр! Ты заўсёды быў баязліўцам! — раздражнёна папракнула Іра.
— Вы самі баіцеся. Вы ўсе нервуецеся, калі пачуеце пра гэта. Усе, акрамя хіба мамы. Я ж чуў, як бацька і Яраш гавораць…
«Няўжо яны так часта гавораць пра гэта?» — падумала Маша. Сама яна нават рэдка думала пра такія высокія матэрыі. Не ўмела гаварыць пра іх, спрачацца. Ды і не было з кім. Сёстры і лекары гаварылі пра атамную вайну між іншым, і то больш з гумарам і ўсе аднолькава. Значна больш іх цікавіла тое, што звязана з жыццём, простым і няспынным, — кватэры, заробак, цэны, каханне, замужжа, дзеці. Маша не ўяўляла, што ёсць сем'і, у якіх вядуць вось такія спрэчкі. Ёй было цікава і дзіўна слухаць. Захацелася самой умяшацца і сказаць нешта значнае, разумнае. Але, дасціпная, знаходлівая ва ўсіх іншых спрэчках і гаворках, тут яна баялася, каб не сказаць глупства, не выдаць прымітыўнасць мыслення.