Выбрать главу

— А я плюю на вашу крытыку.

— Ты дзе вырас такі? На Брадвеі? Мне шкада цябе.

— Пашкадуй сваю маму.

— Хлопцы! Хлопцы! — прасіў Генрых.

— Вось такія на родную маму гатовы плюнуць.

А маці ўжо тут. Валянціна Андрэеўна непрыкметна падышла ззаду, паклала адну руку на плячо сыну, другой дакранулася Івана.

— Што ў вас, хлопчыкі? Можа, чаго не хапае?

— Не. Дзякуем, Валянціна Андрэеўна. Гэта мы з-за футбола паспрачаліся. Якая каманда сёння выйграе.

«Здзекуецца, гад», — ажно перасмыкнула Славіка. Ён наліў сабе таго ж паганага віна і дэманстратыўна, на злосць усім, выплеснуў у рот.

Маша, якая чула ўсю іх размову, ціха сказала:

— Ты задзірысты певень.

— А ты рыжая курыца.

Яна бяскрыўдна засмяялася. А ў Славіка ўжо залез чорцік: хлопцу хацелася ўсіх крыўдзіць і каб да яго таксама чапляліся. Тое, што Маша не пакрыўдзілася за «рыжую курыцу», трохі абяззброіла яго. Ён надзьмуўся, прыслухаўся да застольнай гаманы.

— Мы можам выхоўваць чалавека ў сваёй брыгадзе. А выхоўваць начальніка змены, інжынера — нам, рабочым!.. Яго інстытут не выхаваў, — даводзіў Тарасу яго сусед, самы старэйшы з іх брыгады, мужчына з тварам баксёра (нават нос сплюснуты) — Васіль Лапацін. Ён прыехаў з жонкай. Славік заўважыў, што дзябёлая, здаецца, цяжарная жанчына сама ела мала, сарамліва, а мужу падкладвала смачнейшыя і большыя кавалкі і ўвесь час непрыкметна падлівала віна. Ён выпіваў цішком, як ваду. Славіка гэта развесяліла.

«Вунь вашы праведнікі як дзейнічаюць», — хацелася яму сказаць Генрыху. Але той шаптаўся з Іванам.

— Талстоўская філасофія ў цябе. Часам трэба і па мордзе даць.

«Пра мяне, гады. Паспрабуй даць».

— Я Волгу пераплываў…

— Дзе? Каля вытоку?

Самыя малодшыя, сярод іх і Віктар, жартуюць на другім канцы стала, у іх свая тэма: спорт, рэкорды, галубы.

«Нецікава. Я вырас з гэтых штаноў».

— Наташка, наелася? Бяжы гуляй.

— Што ты, тата? Я ж люблю гасцей. Ты хіба не ведаеш?

— Гасцінная натура!

— Аднойчы на імяніны яна запрасіла два класы — свой і паралельны. Помніш, Антон?

— У нас Славік быў такі.

«Быў… Быццам мяне пахавалі».

— Хлопчыкі, ешце. Усё, што на стале, павінна быць з'едзена. Кірыла, прапануй тост.

— Праўда, ён цікавы, Косця? Як цыган. Глядзі, якія вочы. Як вуглі. А зубы якія!

«Наіўна, але правільна, сястра. Хвалі другіх, каб адвесці ад таго, з каго сама не спускаеш вачэй».

Славіку рабілася нудна, і ён пачаў шукаць, чым бы пазабаўляцца. Падсунуўся бліжэй да Машы, дакрануўся нагой да яе нагі. Яна строга глянула на яго і адсунулася да Іры.

Яраш з цікавасцю прыглядаўся да моладзі. Пасля размовы з Машай, калі ён адчуў раптам разрыў паміж такімі, як яна, і сабой, яго зацікавіла моладзь. Уся моладзь: маладыя лекары, сёстры, санітаркі… Але сябры Тараса асабліва. Рабочы клас. Творцы матэрыяльных каштоўнасцей.

Пакінуўшы Майзіса і яго жонку, якая стаіла крыўду, Яраш ганяў з хлопцамі па выкашаным лузе мяч, спаборнічаў у плаванні, загараў. Услухоўваўся ў іх размовы. Але на адпачынку словы і думкі былі лёгкія, як той мяч, што ганялі. Ён не верыў, што можна пагаварыць сур'ёзна цяпер за сталом, але паспрабаваў арганізаваць такую размову. Пастукаў відэльцам па пляшцы, просячы цішыні. Моладзь адразу ўгаманілася, бадай, хутчэй, чым перад тостамі Шыковіча.

— Хвіліначку, сябры. Сумнавата робіцца за нашым сталом. Сепаратныя размовы, шаптанне… Давайце паспрабуем пагаварыць калектыўна. Пра што? Адкажам, напрыклад, на такую анкету: мае мары, маё ўяўленне пра будучыню, чаго я хачу, да чаго імкнуся. Ша! Не хаваю нашага з Кірылам Васільевічам хітрага намеру — выпытаць пра вашы мары. Мы тут з ім часта спрачаліся наконт ідэалаў маладога пакалення. Толькі ўмова: адказваць шчыра, не баючыся, што адказы вашы трапяць у друк. Карэспандэнтаў тут няма.

— А Кірыла Васільевіч?

— Ён без пяра. Акрамя таго, у яго прынцып: калі ем…

— То глух і нем. Адно мурлыкаю, як кот.

Засмяяліся, заварушыліся, трохі ўзрушаныя нечаканай прапановай. Кожны, безумоўна, адразу падумаў: пра што сказаць? Хіба мала іх, мар? А якая галоўная?

Славік хмыкнуў. І здзейсніў намер, які з'явіўся хвілін колькі назад: апусціў руку пад стол, дакрануўся да Машынага голага калена. Яна ўздрыгнула, тузанулася, ушчыпнула яго за руку. Сказала спакойна:

— Славік, схопіш аплявуху.

Іра здагадалася, што ён зрабіў, і вочы яе пад шкламі акуляраў сталі жоўтымі ад гневу.

— Славік! Паскуда! Я маме скажу.

— Закрычы, ябеда. Ты ўсё жыццё нагаворвала.

Бацькі ўжо звярнулі ўвагу на іх злоснае перашэптванне. Валянціна Андрэеўна зноў падышла да сына, ласкава папрасіла: