— Прынясі, сыне, піва з пограба.
— Чакай, паслухаю людзей будучага.
— Дык хто пачне, хлопцы? — запрашаў Яраш.
— Косця! — падказала жонка Лапаціна.
Той самы Косця, якім захаплялася Іра, маленькі, рухавы, смяшлівы і самы малодшы ў брыгадзе, падскочыў, як школьнік. Чорныя вочы яго загарэліся, як вугалькі. Можа, ён не адразу зразумеў, што ад яго патрабуюць.
— Сядайце, Косця. Што вы! — адразу запярэчыла Валянціна Андрэеўна. — Гэтак будзе не сяброўская гутарка, а непрыемны экзамен. Ты сам, Антон Кузьміч, пачні.
— Не, я пасля скажу, пра што я марыў, калі мне было столькі ж гадоў. Параўнаем…
— Я скажу, — адгукнуўся Косця. — Я думаю пра ўсё… Пра дзяўчат…
— Вось гэта шчыра! — засмяяўся Славік.
Але яго смеху не падтрымалі, можа, таму, што Косця тут жа запэўніў горача, з дзіцячай непасрэднасцю:
— Я хораша думаю пра дзяўчат… Жанчына дае жыццё і красіць яго, усё прыгожае ад жанчыны. Я многа думаў пра касмічныя палёты. Але, ведаеце, самому мне чамусьці не хочацца ляцець туды.
— Баішся? — зноў гукнуў Славік і быў рады, што ў гэты раз выклікаў смех.
— Не, не баюся. Але я люблю зямлю… дрэвы і кветкі. Для мяне найвялікшая радасць бачыць вось гэты лес. Я так мяркую, што ў камунізме ўсе людзі павінны жыць сярод дрэў і кветак. Тады ўсе стануць добрыя, вясёлыя…
— Правільна! Я таксама за тое, каб усе сталі дачнікамі.
— Слава! Вылеціш з-за стала, як корак з бутэлькі, — не стрымаўся ўрэшце Шыковіч-старэйшы.
— Маўчу, як фаршыраваная рыба. — Славік заціснуў рот далоняй.
— Карацей кажучы, я хацеў бы пажыць у грамадстве, дзе не будзе людзей злосных, несправядлівых, дурных, несумленных…
— У Косці хрысціянская мараль, — перапыніў сябра Іван Ходас. — Яму здаецца, што такое грамадства нехта падасць на талерцы, калі ласка, Косця, жыві, расці кветачкі, гадуй дзетачак… А для мяне — радасць у змаганні. І я думаю, што камунізм — гэта найвышэйшая форма барацьбы.
— Супраць каго?
— За што?
— Супраць дурняў, бюракратаў, дармаедаў… Я не кажу ўжо пра ворагаў знешніх, імперыялістаў розных…
— А калі іх не стане? Знішчым?
— Ага!
— Я не заглядаю так далёка! І ў царства ўсеагульнага цалавання не веру. І сярод анёлаў жыць не жадаю! Нудна. Я сам злосны і, магчыма, бываю несправядлівы. Малы быў — маму крыўдзіў. Дык што ты, і мяне знішчыш? — горача насядаў Ходас на Косцю.
— Завёўся ўжо! — папракнула яго Вера, жонка Лапаціна.
Іван асекся, павярнуўся да гаспадароў: як рэагуюць яны? Яраш з ухвалой кіўнуў галавой. Шыковіч сказаў:
— Я згодзен, Іван. Камунізм пабудуюць не святыя, а мы з вамі, кожны са сваім характарам, даволі часта вельмі супярэчлівым і складаным. Але бясспрэчна і тое, што мы павінны стаць лепшымі, чым ёсць. Пазбавіцца перажыткаў… Як гэта зрабіць хутчэй? Што, па-вашаму, мае першаступеннае значэнне ў выхаванні камуністычнай культуры пачуццяў?
Іван задумаўся. І ўсе змоўклі, задумаліся таксама.
— Калектыў, — першы адгукнуўся Тарас.
— Праца, — амаль адначасова з ім выказаўся Лапацін, прынімаючыся за кавалак пірага, які падсунула яму клапатлівая жонка.
— Барацьба! — не адступаў Ходас ад сваёй пачатковай думкі.
— Праўда! — Славік сказаў гэта сур'ёзна, цвёрда, пераканана. — Пакуль будзе ханжаства, падман…
Кірыла Васільевіч пераглянуўся з жонкай і, відаць, хацеў нешта адказаць сыну. Але перапыніў Косця.
— Любоў! — крыкнуў ён.
Усе маладыя засмяяліся. Акрамя Славіка.
— Цябе ўсё-такі хіліць да Езуса, — падкалоў сябра Іван.
— Чаму любоў, Косця? Растлумач!
— Любоў не ў вашым вузкім разуменні. А наогул. Любоў з вялікай літары. Да радзімы, да працы, да людзей, блізкіх і далёкіх…
— Якая шчодрая душа, — з добрай усмешкай сказала Галіна Адамаўна так, што пачулі толькі свае — Майзісы і Шыковіч. — Можна падумаць, што яго ніхто ніколі не крыўдзіў.
— Прадстаўнік пакалення, якое не ведае, што такое нянавісць. — І на поўны голас да Косці і да ўсіх: — Па-мойму, Косця, такая любоў — гэта мэта, а не сродак. Тое ж самае і твая праўда, Славік. Да такой праўды і такой любові мы прыйдзем… Безумоўна, Іван, праз барацьбу з маральнымі заганамі і ўсімі тымі, хто будзе перашкаджаць… І, напэўна, маюць рацыю таварышы, Тарас, Васіль Пятровіч, што праца… праца ў калектыве… грамадска карысная — галоўны фактар. Раз Шыковіч павярнуў на тэорыю, няхай ён падводзіць вынікі. А мне хацелася пачуць ад вас больш простыя адказы. Каб кожны пра сябе. І я скажу пра сябе. Планы, мары, жаданні… Вось Генрых маўчыць…