Выбрать главу

Нерухомае возера-старыца нібы застыла, ашклела, люстра яго з незвычайнай яскравасцю адбівала такія ж нерухомыя хмары і дубы. Толькі каля травяністага берага нябачныя мошкі ці вадзяныя жукі чарцілі на гэтай гладзі адмысловыя іерогліфы. Рыба лягла на дно — ніводнага ўсплёску. Пакуль Віктар не разбудзіў цішу і гладзь блешняй спінінга. І адразу возера ажыло: разышліся кругі, быццам несучы сігналы небяспекі; з травы вылецела качка, кракнула і ўпала ў лазняках; пад абрывам плёснула, нібы кінулі вялікі камень.

— Шчупак! Тата, бачыў, які шчупак? — азартна крыкнуў Віктар і пачаў кідаць у тое месца блешню. Калі круціў катушку, дзіўна пераламваў сваю доўгую нязграбную постаць, здавалася, што вудзільна пратыкала яго худы жывот наскрозь.

Мужчыны пастаялі, паглядзелі. Шыковіч прапанаваў тут жа і павудзіць — ленаваўся ісці далей, ён абліваўся потам.

— Гэтая лужына як заварожана… Браканьерамі… Колькі яны выцягваюць сеткамі рыбы! А я на вуду і спінінг не ўзяў ніводнай маляўкі, — сказаў Яраш.

І яны рушылі далей. Адзін Віктар застаўся ганяцца з блешняй за няўлоўным шчупаком.

Рака дыхнула вільготнай свежасцю і прахалодай. Пахла дажджом. Набліжэнне яго заўсёды выразней адчуваецца каля ракі. Недарма ў народзе кажуць: рэкі прыцягваюць дождж. Рэкі і лес. Але рыбаловам здалося, што сама рака цягнецца, узнімаецца ўсёй сваёй вільгаццю насустрач далёкаму дажджу.

Яраш умеў не толькі любавацца прыродай, ён заўсёды стараўся ўспомніць ці выявіць законы яе з'яў. Шыковіч, нягледзячы на сваю прафесію, не любіў глыбока пранікаць у сутнасць гэтых з'яў. У хвіліны адпачынку ён як бы выключаў свой розум, даючы поўную волю пачуццям. Апынуўшыся на высокім беразе над вірыстай плынню, ён узмахнуў рукамі, быццам жадаючы паляцець, прагна ўдыхнуў рачную прахалоду і ад захаплення галёкнуў:

— О-го-го! Хараство-о-о! — і сеў на спаленую жорсткую траву, звесіўшы з абрыву ногі. — Нікуды далей не іду. Вось тут маё месца. — Кінуў уніз вуду і сам з'ехаў на спіне па пясчаным адхоне; каля самай вады, на мокрым пяску, не сеў, а лёг, раскінуўшы, як забіты, рукі і ногі.

Яраш, пасміхаючыся з яго дзівацтваў, ледзь пераканаў, што тут рыба не бярэцца і сядзець на гэтым месцы — марна траціць час. А вось ён ведае мясціну, дзе акуні самі лезуць на кручок.

Сцежка вяла праз густы лазняк, што парос на пясчаных наносах. Лазіны сцёбалі па твары, па руках. Кірыла лаяўся:

— Ты, эскулап, знарок мяне цягаеш па гэтым гушчары. Каб я больш нагінаўся. Цябе Валя падкупіла? Прызнайся.

Яраш смяяўся, ідучы наперадзе. Выйшлі з лазнякоў. Яраш спыніўся і расчаравана свіснуў.

— Захапіў нейкі тып наша месца.

Бераг тут паніжаўся. Наперадзе працякала лугавая крынічка: яна жывіла сенажаць, даўжэй трымаючы разліў, а таму і ўлетку, калі на сухадолах пабляклі ўжо фарбы, пойма яе вабіла вока веснавой свежасцю. Каля лазнякоў, дзе спыніліся крыху расчараваны Яраш і абыякавы Шыковіч, над негустым разнатраўем ужо ўзвышаліся мяцёлкі цімафееўкі і лісахвосту, кастрыцы і шчаўя. І толькі зязюліны слёзы ды смолка яшчэ рассыпалі свае дробныя яркія кветкі. А там, ніжэй, усё яшчэ цвіло, кожная травінка; жоўтыя, чырвоныя, ліловыя, васількова-сінія, блакітныя кветкі, зліваючыся ў дзівосны вясёлкавы колер, закрывалі яркую зелень травы.

І там, на мысе, дзе ручай уліваўся ў раку, пад вярбой сядзеў той, што захапіў улюбёнае месца Яраша.

Доктар хацеў было ўжо вярнуцца назад, у лазнякі, але Шыковіч угледзеўся і здзіўлена выгукнуў:

— Фу, чорт! Калі ты не заўважаў у мяне галюцынацый, то гэта — сам Гукан. Далібог, ён!

Яны наблізіліся. Сапраўды, гэта быў ён — старшыня гарсавета Гукан. Шыковіч прывітаўся. Гукан адказаў няўважліва, як малазнаёмым, цалкам прыкаваны ўвагай да паплаўка. Вуд у яго было некалькі. Адно бамбукавае вудзільна ён трымаў у руках, другія былі ўтыркнуты ў гліністы бераг. Ён стаяў, шырока расставіўшы свае доўгія ногі, нахіліўшыся над самым абрывам. З худым аскетычным тварам, глыбокімі вачамі і густымі сівымі брывамі, ён нагадваў у профіль ястраба, які выглядваў здабычу, здавалася, на самым дне ракі. Апрануты Гукан быў звычайна для летняга дня і рыбнай лоўлі — у белы палатняны касцюм. Але адразу кідалася ў вочы некаторая старамоднасць у гэтым касцюме, нібы ён быў пашыты гадоў трыццаць назад. Пінжак зроблены ў форме фрэнча, з хлясцікам, з вялікімі нагруднымі кішэнямі, моцна адтапыранымі, і яшчэ большымі бакавымі, таксама нечым напакаванымі. (Можа, гэта і зручна для рыбалова — такое мноства кішэняў.) Яшчэ больш старамодна выглядала шапка… Зашмальцаваная, скамечаная наперадзе над казырком, абвіслая ззаду, яна неяк смешна маладзіла гаспадара, робячы яго падобным на купецкага прыказчыка.