— А сам ты што ўмееш? Біцца? — праенчыў піскліва Славік. — Стары конь!
Недарэчнае пытанне і яшчэ больш недарэчная мянушка прагучалі надзвычай па-дзіцячаму, вырваліся ад бяссільнай злосці і крыўды. Гэта расчуліла Шыковіча. Стала шкада сына і брыдка за свой учынак. Нікога ў жыцці ён не біў, нават калі быў хлапчуком, пазбягаў боек, часцей білі яго. А тут — выкінуў з кабінета Рагойшу, ударыў сына… Што здарылася? Нервы? Аднак, каб не раскіснуць, ён пагразіў:
— Я табе пакажу «конь»! Ідыёцкі жаргон! Разбэшчаныя шчанюкі! — Злосна да жонкі: — На рукі яго вазьмі! Пакалышы. Соску дай. Пе-да-го-ог!
І выйшаў. На верандзе адчуў, як дрыжаць рукі, ногі, «сігналіць» сэрца. Падумаў: «Так інфаркт нядоўга схапіць».
А Славік, пачуўшы, што бацька выйшаў, уткнуўся тварам у матчыны рукі, якія хацелі падняць яго з падлогі, і… заплакаў. Зусім па-дзіцячы, усхліпваючы.
Хлопцы ляжалі на беразе ракі, на пясчанай касе. Грэлі спіны на стомленым ласкавым сонцы. Слухалі, як ззаду ціха плешчацца і журчыць вада, а наперадзе, на адхоне, шалясціць лазняк. Вецер сціхаў — і ўсё сціхала, лагаднела, утаймоўвалася: вада і лес, птушкі і чалавечыя страсці. Нават ластаўкі, што гняздзіліся ў абрыве, лёталі без заўсёднай сваёй трывогі. Хлопцы займаліся адным: ляніва падграбалі пад сябе цёплы, вымыты ракой да белізны пясок і сачылі, як у чыстым небе над лугам плавае коршак. Гэтак жа ляніва і спакойна, не палюе — адпачывае. Калі коршак раптам куляй упаў уніз, у кусты, яны, як па камандзе, апусцілі галовы на рукі і праз сухі пясок удыхалі вільготныя пахі ракі. Пасля іх увагу прыцягнула маленькая, у залатой манішцы і блакітным фартушку птушачка: яна села за паўкроку ад Косцевай галавы і, віхляючы зялёным хвосцікам, праскакала міма ўсіх, як бы правярала, ці жывыя гэтыя голыя нерухомыя людзі. Яе не спалохаў і голас Генрыха:
— Хлопцы, хто ведае, як называецца гэтае прыгожае птушанятка?
Маўчанне.
— Ніхто не ведае? Косця?
— Шчурка.
— Дакладна? Маўчыш? Як мала мы ведаем!
— Дарэмна ты, Тарас, пацягнуў нас на гэтую куркульскую дачу, — прабурчаў Іван Ходас.
— Не папракай! — крыкнуў Косця.
— Я не папракаю.
Тарас маўчаў. Ён думаў пра Машу. Здзіўляўся: «Чаму я думаю пра яе? Дзіўна. Што дала аплявуху таму шалапуту? Яму варта. Але не гэтак. Не да месца было. Сапсавала абед, настрой усім… І сабе».
Як задрыжалі яе вусны, калі Шыковічы адзін за адным — сам, Славік, маці — пайшлі ў дом, а Іра і Яраш пачалі прасіць у яе прабачэння. Тарас бачыў, як крывілася Галіна Адамаўна, яна асуджала Машу, асабліва ёй не падабалася, што муж просіць у сваёй падначаленай прабачэння. Майзісы адразу пачалі збірацца дадому. Хлопцы падзякавалі Ярашам і, вылезшы з-за стала, тут жа зніклі. З Машай яны не развіталіся. Чаму? А цяпер маўчаць. Ну і да д'ябла, няхай маўчаць.
«Завошта яна пляснула яго? Што ён такое сказаў?»
— Куды ён хоча падацца цяпер?
— Хто?
— Гэты… «атамшчык».
— Славік? Не ведаю.
— А навошта яму куды падавацца? У бацькі грошай хопіць.
— Не думай дрэнна пра Шыковіча. Гэты чалавек правільны.
— А сынок?
— Чорт іх ведае, адкуль яны бяруцца, такія сынкі.
— Глядзіце, зноў коршак. Што ён выглядае?
— Шкада, што не паслухалі Яраша. Пра што ён хацеў расказаць?
— Хлопцы! А давайце возьмем яго ў сваю брыгаду!
Косця, падцягнуўшыся на руках, прасунуўся наперад і сеў, павярнуўся да хлопцаў, каб бачыць іх твары.
Тарас падняў галаву і паглядзеў: сур'ёзна ён? Маленькі, але ладна збіты, загарэлы, чорны, Косцік сядзеў на пяску, як будыйскі бажок; блішчалі зубы і гарэлі вочы — прыкмета таго, што ён гатовы да знямогі абараняць сваю ідэю. Іван Ходас глянуў на яго адным вокам і свіснуў у пясок, выдзьмуўшы ямачку.
— Не хапае табе дзярма?
— А што? Калі мы такая брыгада, то чаму не памагчы чалавеку стаць на верны шлях?
— Завод не школа-інтэрнат.
— Сябры, цікавая з'ява — супраціўленне матэрыялаў…
— Генрых, не трызні. Ці захоча ён сам? — спытаў Лапацін і павярнуўся на спіну, тварам да сонца.
Тарас сеў. Косцева прапанова падабалася. Сапраўды, чаму б ім не ўзяцца за гэтага неўраўнаважанага юнака.
Генрых пісаў пальцам на пяску доўгую формулу.
— Я пагавару з ім.
— Ты згодзен? Тарас? — Іван так дзьмухнуў у пясок, што засыпаў Генрыхаву формулу. — Вар'яты! Не бярыце на сябе ўсяго, зробіцеся пазёрамі. Я — супраць.
— Гаворыш, што камунізм — гэта змаганне, а сам не хочаш лішні раз паварушыць рукамі і мазгамі. Як жа ты думаеш змагацца за такіх?..