Выбрать главу

— Гнаць у шыю.

— Куды?

— На ўсе чатыры.

— Ну і логіка ў цябе!

— Логіка жалезная. А чаму я павінен падбіраць усялякае смецце і выкладаць элементарныя нормы паводзін? Я сам сябе яшчэ не выхаваў.

— Вось гэта правільна!

— Сам баіцца, каб гэты «стыліст» не перавярнуў яго ў сваю веру. Як жыд папа. Ведаеце показку?

— Пішы свае формулы! Канструктар ліпавы!

— Хлопцы, не сварыцца! — Лапацін запляскаў у далоні. — Усіх вас выхаваюць жонкі. Толькі жаніцеся…

— Цябе выхавала?

— А што ты думаеш? Я таксама ў пажыўныя мясціны заглядваў, як жаўтароцік гэты. Нават калі ў брыгадзе ўжо быў. А паспрабаваў бы цяпер!

— То-та, бачу, валасы ў цябе пачалі радзець.

Зарагаталі. Жарт найлепшым чынам прымірае людзей. Тарас адчуў, што настрой ва ўсіх узняўся.

Лапацін брыкнуў Івана нагой. Той злавіў нагу і пацягнуў «жанаціка» да вады. Тарас ускочыў, разбурыў усе Генрыхавы формулы і схапіў Лапаціна за рукі. На падмогу ім кінуўся Косця. Утрох яны раскачалі свайго паважнага сябра і шыбанулі ў раку, ведаючы, што ён кепска плавае і баіцца вады. Самі скочылі следам за ім. Пырскі бліснулі на сонцы вясёлкавымі пералівамі. Хвалі пакаціліся на пясок, лізанулі Генрыху ногі. Ён устаў, прыгожа пацягнуўся, кінуў на адзенне акуляры і, разагнуўшыся, ракетай пайшоў пад ваду. Ён быў лепшы плывец. І ўсе яго сябры, што дурэлі ў вадзе, сціхлі, з цікавасцю і, магчыма, з трывогай чакаючы, калі і дзе Варэнік вынырне. Ён вынырнуў амаль на сярэдзіне ракі. Паплыў хутка, спрытна выкідваючы з вады ўсё цела. Не плыў, а ляцеў.

Тарас і Косця пайшлі за ім. Плылі побач. Косця сказаў:

— А гэтая рыжая сядзела з ім, а вачамі страляла ў цябе.

Тарас збянтэжыўся.

— Ды ну цябе, Косця! Выдумаеш! — Але яму было прыемна, і ён пахваліў сябра: — А наконт Славіка — гэта ты добра прыдумаў. Трэба пераканаць хлопцаў.

11

Яраш перад аперацыяй начаваў у горадзе. Шыковіч ляцеў на сваім «Масквічы» адзін, рызыкуючы апынуцца пад адхонам. У прыгарадзе, на чыгуначным пераездзе, быў зачынены шлагбаўм. Старэнькі закапцелы паравозік з адной платформай дошак манеўраваў быццам на здзек шафёрам. Шыковіч, машына якога стаяла першая, утыркнуўшыся ў шлагбаўм, кіпеў: крычаў вартаўніцы, пагражаў кулаком машыністу, праклінаў усе чыгуначныя парадкі.

А ў бальніцы яго не прапусціла другая вартаўніца — у белым халаце. Дарэмна ён даказваў, што запрошаны самім Ярашам прысутнічаць на аперацыі, што ён карэспандэнт, пасля выдумаў, што асістэнт і без яго не будуць аперыраваць і ўвогуле ўсё паляціць дагары нагамі.

— Нічога не ведаю. Ніхто нічога не казаў, — флегматычна адказвала старая жанчына, не без цікаўнасці, аднак, назіраючы праз акенца, як нервуецца гэты поўны, лысаваты ўжо мужчына ў пакамечаным парусінавым касцюме.

Шыковіч скрыгатаў зубамі. Успомніў, што Антон не вельмі ахвотна згадзіўся, каб ён прысутнічаў на аперацыі. Няўжо перадумаў? Не пусціць? Пажартаваў. Аднак за такі жарт… Кірыла хадзіў каля варот, круціў у руцэ ключы ад машыны і выдумляў сябру самую страшную кару.

Але раптам адчыніліся дзверы, і юная істота ва ўсім белым ветліва запрасіла:

— Кірыла Васільевіч? Калі ласка, праходзьце.

І куды дзеліся яго злосць і абурэнне! Ідучы па бальнічным двары, ён узяў сястру за локаць. Яна глянула на яго, збянтэжана ўсміхнулася, вызваліла руку. Але ад гэтага дотыку да маладосці ён таксама адчуў сябе маладым, бадзёрым, свежым, як той ліпеньскі ранак.

На другім паверсе, у асобным пакоі, сястра памагла яму надзець стэрыльны халат, шапачку, павязку і палатняныя бахілы вышэй каленяў. Ён пажартаваў, што ўпершыню ў жыцці падобны на прафесара. Яна не ўсміхнулася на яго жарт. Правяла па калідоры, паказала на дзверы:

— Сюды.

У перадаперацыйнай было многа людзей у белых халатах, з ссунутымі на падбародкі маскамі. Але ніхто з іх нічога не рабіў. Усе чакалі. Шыковіч зразумеў, што гэта такія ж назіральнікі, як і ён, — маладыя лекары, практыканты.

Ён пачаў разглядаць інструменты ў шкляных шафах, будку для стэрылізацыі з адчыненым акенцам у аперацыйную. Падумаў, як нялёгка вывучыць назвы і прызначэнні ўсіх гэтых інструментаў — іх тысячы. Хацеў пачуць, што лекары гавораць пра сённяшнюю аперацыю. Але побач з ім малады высокі мужчына, яўна заляцаючыся, шаптаў чорнай тоўсценькай дзяўчыне:

— Клава, махнём пасля абеду ў Палянкі? На кацеры?

— На Будаеў луг. Там пляж лепшы.

Шыковіч абурыўся: вось-вось будзе вырашацца лёс чалавека — жыццё ці смерць! — а яны, чэрці, пра пляж думаюць.