На яго не звярталі ўвагі.
«Як у лазні. Усе роўныя».
Жанчына, што сядзела за сталом і нешта занатоўвала ў журнал, паднялася і шырока адчыніла дзверы аперацыйнай.
Кірыла ўбачыў Яраша. Той стаяў у кутку вялікай залы, выставіўшы перад сабой да локцяў голыя рукі, нібы ўзважваючы растапыраныя пальцы. Белізна яго шапачкі аж ззяла ў святле раніцы. А святла гэтага, роўнага, ледзь-ледзь падзеленага водбліскам дрэў і шыб, лілося мора: уся сцяна — шкло.
Незвычайны ў сваёй паставе і адзенні, велікан побач з нізенькім Майзісам, якому сястра, як малому, выцірала салфеткай рукі, галоўны хірург здаваўся звышчалавекам, богам.
Кірыла падумаў: «Як можа пераўтварыцца чалавек! Ці той гэта Антон, просты, свойскі, шчыры хлопец?»
Той. Убачыў сябра і кіўнуў галавой, усміхнуўся зусім звычайна. Нацягнуў тонкія гумавыя пальчаткі, падышоў бліжэй да дзвярэй. Сказаў да ўсіх, хто чакаў у перадаперацыйнай:
— Таварышы! Не скажу, што аперацыя незвычайная. Але адказная. Хворай трыццаць шэсць год. Могуць быць любыя нечаканасці. Прашу: ніякіх каментарыяў. Поўная цішыня. Каму дазволіў, сядайце тут, — ён кіўнуў на лаўку каля сцяны, адгароджаную шырмай са стэрыльных прасцін. — Астатнія глядзяць па тэлевізары. Калі ласка, — і адступіў убок.
Чалавек сем хірургаў-практыкантаў, бесцырымонна адціснуўшы Шыковіча ўбок, хутка і смела прайшлі ў аперацыйную, залезлі за шырму.
«Прабіўны журналіст», можа, упершыню разгубіўся — што рабіць, адкуль глядзець? Але пачуўся голас Яраша:
— Кірыла Васільевіч! Заходзь!
Шыковіч нясмела ступіў у «святую святых» медыцыны. Цяпер на яго звярнулі ўвагу. У аперацыйнай таксама было нямала людзей. Маша, у масцы ўжо (праз гэта Кірыла не адразу пазнаў яе) і ў пальчатках, перакладала на маленькім століку бліскучыя інструменты, быццам лічыла, ці ўсё ёсць. Яна ўсміхнулася яму вачамі. Майзіс здалёк памахаў рукой. Гледачы пачалі перашэптвацца: «Хто гэта? Хто?» Яраш наблізіўся, па-сяброўску падміргнуў, паўшэптам спытаў:
— Не баішся?
Кірыла ў адказ тайком паказаў яму кулак. Гэта быў працяг іх дачнай размовы. Жонка адгаворвала яго ісці на аперацыю:
«Самлееш ты, Кірыла, я ж ведаю, як ты баішся крыві».
«Ну, глупства, самога мяне рэзалі — не млеў».
Галіна Адамаўна, наадварот, падтрымлівала яго жаданне: «Нічога страшнага. Яраш жартаваў».
Ён і цяпер засмяяўся:
— Аднак садзіся з краю, на выпадак чаго.
Практыканты паціснуліся, і Шыковіч сеў за шырмай.
Першае, што ўразіла яго, — гэта спакой сябра. Там, у лесе, каля іх вогнішча, расказваючы план аперацыі, Антон хваляваўся, бадай, больш і прызнаваўся ў гэтым. А тут — ходзіць, як упэўнены ў перамозе спартсмен. Хоць бы чым-небудзь выдаў сваю ўзрушанасць.
Кірыла прыкаваў да яго позірк.
«Не, не можаш ты быць такім спакойным. На чым-небудзь сарвешся, выдасі сябе».
Аднак ніводная рыска не ўздрыгвае на твары хірурга. Хіба толькі залішне пільна сочыць ён за калегамі і памочнікамі, якія таксама даволі спакойна поркаюцца каля апаратаў.
Апараты… Апараты… Розныя. З экранамі. Без экранаў. На калёсіках. З правадамі. Са шлангамі. Кірыла ўспомніў Ярашавы «лекцыі» па хірургіі, фразу, якую той аднойчы кінуў яўна з гонарам:
«Мая аперацыйная цяпер — што цэх».
Сапраўды, што цэх.
Вунь тая зялёная скрынка з лейкай, шкляным балонам, сігнальнымі лямпачкамі, ці не той гэта апошні цуд, па які Яраш ездзіў у Кіеў, — апарат «сэрца — лёгкія»?
Яраш нешта кажа сваім памочнікам. Лекары адказваюць незразумелымі Шыковічу словамі.
Нечакана адчыняюцца другія дзверы. Санітары хутка і бясшумна падводзяць хворую і гэтак жа, да абразлівасці хутка, быццам нежывую, кладуць на аперацыйны стол.
А яна жывая. Яна звычайная. Нават прыгожая. Вялікія вочы, і ў позірку іх не страх, а як бы здзіўленне і любаванне ўсім, што ўгледзела. Зося Савіч! Шыковіч бачыць яе ўпершыню. А вобраз яе ўжо месяц жыве ў яго ўяўленні — пасля таго як Яраш расказаў пра яе. Дзіўна. Менавіта такой яна і ўяўлялася. Да незапамінальнасці звычайная з твару. Маленькая жанчына, спакутаваная жыццём і хваробай… Але ён убачыў больш: схаваную, замураваную пакутамі прыгажосць, абаяльнасць і… мужнасць. Усё гэта цяпер толькі ў яе вачах, у яе позірку.
Кірыла ажно прыўзняўся, каб добра разглядзець твар жанчыны. Запомніць. Ці ўбачыць ён яе, жывую, другі раз?
Яраш, усё такі ж спакойны і велічны, прыветліва ківае ёй галавой. У адказ яна заплюшчвае вочы: маўляў, я ўсё разумею, не турбуйцеся, я на ўсё гатова. Нічога не сказаўшы, ён адыходзіць. Працягвае рукі Машы. Яна спрытна сцягвае пальчаткі і накрывае яго вялікія рукі салфеткай. Ён садзіцца. Ён адпачывае. Можа, апошні раз прадумвае план аперацыі. А яго памочнікі — лекары і сёстры — не вельмі каб спешліва падключаюць да хворай датчыкі апаратаў: пад спіну, да галавы, да рукі, да нагі… Правады, шлангі звісаюць над сталом. Шыковічу чамусьці больш за ўсё кінуўся ў вочы і запомніўся маленькі апарацік, які надзелі Зосі на левае вуха. (Пасля ён даведаўся, што гэта аксігемометр — прыбор, які вызначае насычанасць крыві кіслародам.)