Выбрать главу

Кірыла паморшчыўся; жаданне расказаць пра аперацыю адразу знікла. Ён зноў застаўся сярод людзей у адзіноце са сваім незвычайным, да болю вострым уяўленнем, прыгожым і страшным.

Пазваніў у бальніцу. Дазваніцца туды было нялёгка: то ніхто не адказваў, то занята. Нарэшце адазваліся.

— Скажыце, калі ласка, аперацыя скончылася? — спытаў ён далікатна, ветліва.

— Якая?

— Якую рабіў Яраш.

— Так.

— Як «так»? Што?

— Нармальна.

Сястра (ці лекар) адказвала голасам манахіні — халодным, бясстрасным. Шыковіча гэта ўзлавала.

— «Нармальна»! Чорт бы вас!.. Калі вы навучыцеся адказваць па-чалавечы? Фармалісты ў белых халатах! Паклічце Яраша!

Голас адразу змяніўся, зазвінеў ручайком: відаць, там, у бальніцы, падумалі, што гаворыць нехта з высокага начальства.

— Антон Кузьміч не можа падысці. Ён у палаце. Каля хворай. Пасля такой аперацыі, зразумейце… Што перадаць доктару Ярашу?

— Вось так заўсёды гаварыце з кожным, хто вам пазвоніць.

Шыковіч паклаў слухаўку.

— Хто-небудзь з вашых блізкіх? — спытала паўшэптам Ларыса Пятроўна.

Ён кіўнуў: але!

— Цяжкая аперацыя?

— На сэрцы. Набыты парок.

Яна ўстрапянулася, паглядзела на яго спачувальна. І ўсе, хто пачуў, таксама зацікавіліся.

— Я магу сказаць Сяргею Сяргеевічу, што ў вас такі дзень. Сказаць?

— Не, не трэба.

— Вас будуць крытыкаваць.

— Мяне заўсёды крытыкуюць. Такая ў мяне прафесія.

Бясшумна адчыніліся абабітыя дэрмацінам дзверы ў кабінет першага сакратара. Групай вывалілі работнікі тэлестудыі: галоўны рэжысёр, сакратар партбюро, загадчыкі рэдакцый, акторы тэатра. Відно было, што ім не церпіцца пагаварыць, паспрачацца, таму і спяшаліся хутчэй у калідор, на вуліцу. Толькі актор Павел Стэльмах затрымаўся, прывітаўся з Шыковічам за руку.

— А ты чаму не быў? Ты ж таксама сябра мастацкага савета.

— Хапае другіх клопатаў.

— Далі нам за перадачы для моладзі, — паведаміў шэптам, азірнуўся на дзверы: — Тукала — дуб. Не слухаў мяне. Ну, будзь…

Шыковіча крыху закранула, што яго не запрасілі на абмеркаванне работы тэлестудыі: ён з'яўляўся бадай самым актыўным сябрам савета.

«Хто гэта пастараўся? Тукала? Ці гаркомаўскія „палітыкі“? Каб перад персанальнай справай патрымаць для строгасці ў прыёмнай?»

Ён не вызначаўся залішняй самалюбівасцю, але яго заўсёды абурала, калі дзе пачыналася палітыканства — гульня ў важнасць і строгасць. А галоўнае, у яго ёсць што сказаць пра тэлеперадачы.

Ларыса Пятроўна сутыкнулася ў дзвярах з Тукалам. Той далікатна ўступіў ёй дарогу ў кабінет. Убачыўшы Шыковіча, Тукала прыветліва, па-сяброўску ўсміхнуўся і накіраваўся да яго. Але Кірыла знарок адвярнуўся да акна.

«Што, наківалі табе — лезеш цалавацца? Не, ты мяне папросіш яшчэ, кар'ерыст няшчасны».

— Заходзьце, таварышы, — запрасіла Ларыса Пятроўна.

Шыковіч рушыў першы, абмінуўшы разгубленага Тукалу.

Павітаўся з сябрамі бюро. Усе — знаёмыя людзі, з якімі прыходзіцца сустракацца амаль штодня і якія нязменна праяўляюць цікавасць да яго працы шаблонным запытаннем: «Чым новенькім парадуеш нас?»

Цяпер на яго «добры дзень» адказаў адзін Тарасаў. Гукан не адарваўся ад папер і не глянуў нават. Затое сакратар гаркома камсамола Васіль Грыбок тарашчыў крыху лупатыя бясколерныя вочы з бесцырымоннай нахабнай цікаўнасцю. Так глядзяць у судзе на злачынцу.

Шыковіча перасмыкнула ад гэтага.

«Што ты ўставіўся, як малады баран на новыя вароты?»

Сакратар па прапагандзе Тужыкаў таксама разглядаў Шыковіча праз свае вялікія, у рагавой аправе акуляры, але зусім інакш, бяскрыўдна. На прывітанне ён адказаў кіўком галавы, сумна ўсміхнуўся і цяпер як бы хацеў нешта падказаць ці здагадацца загадзя, пра што ён, Шыковіч, будзе гаварыць. Яму было балюча, што большасць з тых, каго сёння будуць слухаць па такім незвычайным пытанні, — людзі ідэалагічнага фронту, яго памочнікі. Злосці на іх сакратар не меў. Былы дырэктар школы, ён, магчыма, лепей, чым хто другі, ведаў, якая гэта складаная рэч — выхаванне дзяцей.

Дырэктара машынабудаўнічага завода Лукашэнку нават самыя нечаканыя персанальныя справы мала цікавілі, калі яны не мелі дачынення да выпуску станкоў.

Лукашэнка быў сам канструктар і вынаходца і на ўсіх такіх пасяджэннях займаўся тым, што абдумваў дэталі новых канструкцый, занатоўваў у вялікую запісную кніжку разлікі і формулы. Ён адарваўся ад сваёй запісной толькі таму, што сярод вінаватых бацькоў быў інжынер яго завода. Дырэктар дакорліва паківаў яму галавой. Пакуль рассаджваліся, Гамбіцкі падышоў да Гукана і нешта шаптаў яму на вуха.