Тарасаў пачакаў, пакуль яны скончаць шаптацца. Не дачакаўся. Сказаў:
— Сядайце, таварыш Гамбіцкі. Архітэктурныя справы вырашыце пасля, — і абвёў позіркам сваіх светлых вачэй усіх — і сябраў бюро і «падсудных». — З каго пачнём, паважаныя бацькі?
— Усё адно — з каго. Але я так мяркую, што пісьменніку нашаму належала больш, чым каму, задумацца над такімі пытаннямі, — сказаў Гукан, зноў-такі нават не глянуўшы ў бок Шыковіча.
— Ну, што ж… Раскажыце, таварыш Шыковіч, як вы выхоўваеце сваіх дзяцей.
Кірыла падняўся і… раптам адчуў, што не ведае, пра што гаварыць. Ён не вызначаўся красамоўствам увогуле. А ў такіх абставінах — тым больш. Яму варта было, пакуль сядзеў у прыёмнай, прадумаць сваё выступленне. Але яго мала закранула, што выклікаюць з-за сына. Хвалявала другое — аперацыя.
І цяпер зноў, узіраючыся ў шырокі добры твар Тарасава, Кірыла бачыў… сэрца на далоні. На вялікай, умелай, чулай, ласкавай далоні Яраша. І захацелася яму расказаць пра ўсё гэта сябрам бюро — пра Яраша, Зосю, пра чалавечае сэрца, якое можна адрамантаваць… Але ён усведамляў, што цяпер на хаду не знайсці яму лагічнай сувязі, «трывалага мастка» паміж адным і другім і яго, безумоўна, не зразумеюць, падумаюць, чаго добрага, што ён знарок «расказвае казкі», «водзіць бюро за нос». З чаго ж пачаць?
Ажно ўспацеў ад думак. Дастаў хусцінку і выцер лоб, шыю. Цяпер ужо ўсе, хто прысутнічаў, глядзелі на яго, адны — з цікаўнасцю, другія — са спачуваннем, трэція — з трывогай. Ён стрэўся позіркам з Гуканам, той, можа, адзін з усіх глядзеў амаль зларадна.
«Чаму?»
Успомніліся словы Гукана. З іх ён і пачаў упэўнена і смела:
— Але, Сямён Парфёныч, я многа думаў пра гэта. Вельмі многа. Не толькі як бацька, але як сябра партыі, грамадзянін… Не здымаючы з сябе адказнасці за паводзіны майго сына, я хачу разабрацца… пранікнуць у сутнасць… з вашай дапамогай, таварышы: чаму сярод нашай увогуле здаровай, адданай партыі моладзі трапляюць вось такія…
— Як ваш сын, — кінуў Грыбок.
— Як мой сын. Хоць сын мой не самая небяспечная з'ява, як я разумею. Ёсць горшыя прыклады…
— Гаварыце за сябе. Па сутнасці, — сказаў сакратар Чыгуначнага райкома Красоўскі, малады высокі брунет, апрануты ў асляпляльна белы, модна скроены часучовы касцюм. Шыковіч мала ведаў гэтага чалавека. Глянуўшы на яго, падумаў: «Сам ты ў студэнцкія гады, відаць, быў хват», — і адчуў непрыязнасць, адказаў раздражнёна:
— Маё жаданне разабрацца — не па сутнасці хіба? Я не буду апраўдвацца, але хачу сказаць: у тым, што мой сын вырас, на жаль, не такім, якім бы хацелася і мне, і грамадству, — не толькі віна бацькоў… Думаецца, што ўсе разам мы робім у гэтай важнейшай справе сур'ёзныя промахі… Школа, камсамол…
— Вы не ўмееце выхоўваць, а вінаваты камсамол! Здорава! — хмыкнуў няўрымслівы Грыбок.
Шыковіч глыбока ўдыхнуў гарачае паветра, якое гнаў у адчыненыя вокны лёгкі скразняк, і — быццам захлынуўся ім.
Тарасаў пастукаў алоўкам па стале, папярэдзіў:
— Таварышы, не перашкаджайце. Дайце яму сказаць.
Грыбок паслухмяна апусціў галаву. Але Шыковіча ўзлаваў наскок гэтага маладога пеўня. І ён не стрымаўся, каб не спытаць уедліва:
— А вы лічыце, таварыш Грыбок, што гарком камсамола працуе ідэальна?
Грыбок змаўчаў. Адказаў Гукан, паважна, ветліва:
— Кірыла Васільевіч! Гарком мы будзем слухаць асобна. А цяпер слухаем вас. І ў нас во колькі яшчэ пытанняў. — Ён паляпаў далоняй па стосе папер, што ляжаў перад ім, і адштурхнуўся ад стала, выпрастаўся ў крэсле; найвышэйшы ростам, як бы ўзняўся над усімі і глядзеў паверх галоў.
— Але, — пацвердзіў першы сакратар з нечаканай строгасцю. — Без доўгай прэамбулы, таварыш Шыковіч.
— Добра, Сяргей Сяргеевіч. Як я выхоўваю сваіх дзяцей? Было б недарэчнасцю сказаць — абсалютна правільна, бо абсалютна правільнае выхаванне, у маім разуменні, само па сабе — абсалютнае глупства. Але я адно магу сказаць: у галоўным мы — я і жонка — ніколі не давалі дрэнных прыкладаў…
— У чым — у галоўным? — спытаў Гукан.
— У чым? Я быў дармаедам? Несумленным перад грамадствам, перад партыяй? Хітраваў? Браў хабары? Жыў не па сродках? Вы мяне ведаеце, Сяргей Сяргеевіч. І вы, Сямён Парфёнавіч. Усю вайну я быў на фронце. Пасля настаўнічаў. Жонка і зараз настаўнічае. Можа, хто-небудзь скажа, што праца журналіста лёгкая?
— Чакайце, — перапыніў яго Тарасаў. — Чаму вы задаяце такія катэгарычныя пытанні? Ніхто не сумняваецца, што вы працуеце сумленна.
— Дык у чым жа заключаецца выхаванне дзяцей? Адносіны ў сям'і? Я жыў і жыву з жонкай, далібог жа, душа ў душу. Абодва працуем. Паважаем працу адно аднаго. Скандалаў нашы дзеці не чулі. Калі спрачаемся, то па прынцыповых пытаннях. Між іншым, часцей за ўсё менавіта з-за гэтага самага выхавання. Яна педагог, і, думаю, нядрэнны. Але ў адносінах сваіх дзяцей робіць тую ж памылку, якую робяць многія маці ў інтэлігентных сем'ях. Асцерагаюць ад фізічнай працы. «Я сама зраблю». Год дзесяць ужо мы не трымаем нават хатняй работніцы. Прынцыпова. Усё робім самі. І я не сказаў бы, што сын мой Уладзіслаў — гультай і лежабока. Безумоўна, занятыя працай, нешта мы прагледзелі. Пасля дзесяцігодкі хлопец пачаў адбівацца ад рук. За яго ўчынкі, і ў прыватнасці за апошні ўчынак, я бяру віну на сябе. Вас не віню, таварыш Грыбок, хоць мог бы сказаць пра работу камсамольскай арганізацыі тэлестудыі. Няма там ніякай работы. Але пра гэта — пасля. А што датычыць майго сына, то думаю, што больш, таварышы, вы нічога благога пра яго не пачуеце. Хлопец нарэшце трапіў у добрыя рукі — у брыгаду Ганчарова.