— На станкабудаўнічы? — здзівіўся Тарасаў і глянуў на Лукашэнку. Той нарэшце адарваўся ад сваіх формул.
— Да нас? Цікава. — Аднак дырэктар зусім не выказваў гэтым «цікава» здзіўлення. Не. У яго быў свой погляд на моладзь: пасталеюць — паразумнеюць. Але затое ажно падскочыў уважлівы Грыбок.
— Яшчэ як цікава! Проста з турмы, без перасадкі, — у брыгаду камуністычнай працы. Куды там глядзіць Клецень? Вы бачыце, Сяргей Сяргеевіч, што робіцца!
Шыковіч адчуў, што спіну яго, павернутую да акна, абадзьмуў халодны вятрыска, непрыемны, калючы.
«Няўжо яны супраць, каб Славік быў у брыгадзе?»
Больш, чым пры любой другой акалічнасці дагэтуль, спалохаўся за сына. І разгубіўся. Як даказаць, што нельга выганяць хлопца з брыгады, куды ён пайшоў з радасцю. Што гэта не толькі жорстка і несправядліва… Зноў — каторы раз ужо! — уявілася жывое чалавечае сэрца. А слоў, важкіх, пераканаўчых, каб абараніць сына, не было. Кірыла пакутліва шукаў іх.
Яму сказалі раз і другі: «Сядайце». Кірыла дайшоў да сэнсу слова толькі тады, калі перад ім падняўся Гукан. Гаварыў старшыня роўна, не павышаючы і не паніжаючы голасу, націскі рабіў стукам алоўка аб стол, паўзамі. Атрымлівалася важка, пераканаўча, салідна.
Шыковіч, думкі якога насіліся ад аднаго полюса да другога, успомніў, што Кушнер, намеснік старшыні гарвыканкома, камічна перадае Гуканаву манеру выступаць, і не стрымаў усмешкі.
— …Вы думаеце, калі працуеце вы, жонка, дык гэтага даволі? Не, Кірыла Васільевіч. У нас працуюць усе. Дармаедаў у нас адзінкі. Але акрамя працы ёсць яшчэ маральныя прынцыпы, грамадскія паводзіны чалавека… І яны часта з'яўляюцца рашаючымі ў выхаванні дзяцей. Гляньце на сябе! Уважліва гляньце на свае паводзіны! Вы аналізуеце другіх — прааналізуйце сябе. Вы здзіўляецеся, чаму ваш сын вырас такі? А я не здзіўляюся. Быццё вызначае свядомасць. Дабрабыт нашага народа расце. І я не супраць таго, што вы купілі машыну. Трэба вам машына. Але на ёй ездзіць ваш сын.
— Я забараніў яму.
— Ездзіў. Машына, лішнія грошы, кампанія… Дзяўчаткі, выпіўкі… А ў бацькоў тым часам другія клопаты. Машыны ім мала — трэба дача. Абуджаюцца дробна-ўласніцкія тэндэнцыі.
Шыковіч слухаў надзіва спакойна. Разумеў: Гукан «задае тон». Кірыла ненавідзеў гэты тэрмін — «задаць тон», народжаны ў часы культу. Але ў такой сітуацыі, відаць, інакш нельга. Трэба пагаварыць з бацькамі такіх сынкоў з усёй суровасцю! Што ж, няхай сабе валяць на яго, што хочуць, — усё стрывае, абы толькі пакінулі Славіка ў брыгадзе.
Тарасаў таксама не любіў «задавання тону». Ён, кіраўнік новага тыпу, умеў і думаць і вырашаць па-новаму. Але і ён упачатку прыняў выступленне Гукана як зусім натуральнае. Гукан выпраўляе сваю памылку. Яны, сябры бюро, не дамаўляліся аб парадку — як заслухоўваць бацькоў, але відавочна, што пачынаць трэба было не з Шыковіча. Не самы небяспечны выпадак. І не той бацька. Яго разважлівы роздум, трапныя адказы на заўвагі сябраў бюро ў нейкай меры згладзілі вастрыню пытання і навучылі другіх, як абараняцца. Тарасаў, назіральны і праніклівы, бачыў, што нават твар Левановіча пасвятлеў, а непаседлівы, вяртлявы Гамбіцкі стаў менш выціраць лысіну і больш круціцца, шэпчучы нешта суседзям.
— Зазнаўся ты, Кірыла Васільевіч, — нечакана з разважання аб уласніцкіх тэндэнцыях зрабіў вывад Гукан, чамусьці перайшоўшы раптам на фамільярнае «ты». — Адрываешся ад жыцця. Закапаўся ў архівах…
«А пры чым тут архівы?» — падумаў Шыковіч.
— Лічыш, што табе ўсё можна, усё дазволена і ўсё даруюць. Не! Дысцыпліна ў партыі адна для ўсіх! Адны нормы. Ленінскія. А як сябе паводзіць камуніст Шыковіч? — Пытанне прагучала сурова, асуджальна, без кроплі фамільярнасці, аловак гучней, чым звычайна, стукнуў па стале. — Машына, дача — адзін бок… А паводзіны ў калектыве?.. Калі камуніст свайго таварыша па рабоце выкідвае з кабінета…