Выбрать главу

«Паскардзіўся, паскуда», — падумаў Шыковіч пра Рагойшу са злосцю.

— А другому, адказнаму работніку, пагражае, што выкіне праз акно…

«І гэты таксама скардзіўся? Ёлуп! Зусім страціў пачуццё гумару».

— Каментарыі, як кажуць, наўрад ці патрэбны. — І пагрозліва стукнуў алоўкам.

Тарасаў насцярожыўся. Не, у Гукана гэта больш чым «задаць тон».

«Што гэта яны, сааўтары, ганарару не падзялілі, ці што?» — падумаў ён. Аб выпадку з Рагойшам яму расказваў Тужыкаў, і ён згадзіўся з думкай сакратара па прапагандзе: не трэба ўсё валіць у адну кучу; Рагойша вядомы інтрыган, і можна зразумець, што ў Шыковіча пасля такога здарэння з сынам не вытрымалі нервы. Варта ўсё-такі разбірацца ў пачуццях людзей. Не з кожнага факта трэба рабіць палітыку.

— А калі бацька ўсё дазваляе сабе, то чаму сыну адставаць? Не, ён хоча быць наперадзе. У яго размах большы. Кулакоў яму мала, за каўнер схапіць — глупства. Яму атамную бомбу давай…

Шыковіч бачыў, як, схіліўшыся над сталом, паківаў галавой Тужыкаў, крыва ўсміхнуўся, паправіў акуляры. Сцёр далоняй з шырокага твару ўсмешку Тарасаў. Мабыць, Гукан убачыў, што пра бомбу — не ўхваляюць, і загаварыў больш горача і гнеўна:

— Як вы думаеце, таварыш Шыковіч, што вырасце з дзіцяці, якому бацькі ні ў чым не адмаўляюць? Усё падносяць на залатой талерцы. Машыну, дачу, вучобу, работу… Не паступіў у інстытут — куды жадаеш, сынок? На тэлестудыю? Калі ласка. Выгналі адтуль — навошта прымушаць яго падумаць, папакутаваць, пашукаць… З помпай, як героя, — на лепшы завод, у лепшую брыгаду. У брыгаду камуністычнай працы! Падумайце, таварышы! Ці не выклік гэта?..

Цяпер словы Гукана балюча білі сваёй несправядлівасцю. Ён мог усё гаварыць пра бацькоў. Кірыла, бадай, з усім згадзіўся б: нічога не скажаш, выхоўваць-такі не ўмеем. Але калі Гукан робіць вунь якія вывады з таго, што Славік пайшоў на завод, калі вядзе да таго, каб патрабаваць выгнаць хлопца з брыгады, — з гэтым Кірыла не мог згадзіцца. Зноў хлынуў пот. Стрымліваў і супакойваў Тарасаў; глядзеў добрымі вачамі і нават кіўнуў: трымайся.

— Мы ж добра ведаем, Шыковіч — лепшы сябра хірурга Яраша. А Ганчароў — прыёмны сын Яраша. Добры хлопец, а, на жаль, не вытрымаў такога націску, паддаўся.

— Эх, чорт! — абурыўся Грыбок. — І тут блат! Ну, не! Тут яго не будзе! Дарожку закрыем! Такіх сынкоў на вярсту не падпусцім да камуністычных брыгад!

Флегматычны Тужыкаў рэзкім рухам зняў акуляры, махнуў імі, гатовы запярэчыць.

Але яго апярэдзіў Шыковіч.

— А такіх — куды? — усхапіўся ён з месца. — У турму, ці што? Дык няма ў кодэксе…

— Вы чулі, Сяргей Сяргеевіч? — таксама ажно падскочыў Грыбок.

— Чулі! — адказаў яму Тужыкаў. — А праўда — дзе такіх выхоўваць?

— Дзе? — сумеўся Грыбок і асеў, з'ядаючы вачамі першага сакратара.

— Я мушу заявіць, таварышы сябры бюро, — працягваў між тым Шыковіч, — з усёй сур'ёзнасцю і адказнасцю сябра партыі, што абвінавачванне мяне, Яраша, Ганчарова, усяе брыгады ў нейкім блаце… — гэта, мякка кажучы, глупства. Ганчароў і яго хлопцы самі прапанавалі Ўладзіславу пайсці да іх у брыгаду. І я лічу, што яны паступілі правільна. І радуюся, што сын згадзіўся. Значыцца, разумее… Мяне не здзіўляе, Сямён Парфёныч, ваш погляд на такія рэчы. Цяжка глянуць на свет па-новаму. Здзіўляе малады Грыбок.

— Я?

Гукан стаяў, упёршыся алоўкам у стол, і спакойна чакаў, пакуль выказваліся другія. Ніхто, магчыма, не прыкмеціў, як змяніўся ён пры апошніх словах Шыковіча: на шчоках выступілі сінія плямы, а карак наліўся крывёю, дзіўна неяк скрывіліся вусны. Калі ўсе нарэшце сціхлі, Гукан сказаў усё тым жа роўным голасам:

— Прапаную вынесці Шыковічу суровую вымову, — і сеў.

Прапанова з'явілася нечаканасцю для ўсіх — і сябраў бюро, і прысутных. Гамбіцкі быццам прыліп да крэсла, у Левановіча выцягнуўся і без таго доўгі твар. Не менш спалохаліся і другія бацькі: калі Шыковічу вось так, дык што будзе ім?

Ашаломлены Кірыла спытаў шэптам:

— Завошта?

— За няправільнае выхаванне дзяцей, — Гукан стукнуў алоўкам па стале, — раз. За грубыя паводзіны ў калектыве, за парушэнне партыйнай этыкі, — і зноў стукнуў, — два. За прыватнаўласніцкія тэндэнцыі, — не стукнуў. — Між іншым, мне вядома, што дача Шыковіча і Яраша збудавана незаконна. Няправільна, зноў-такі па блату, я не баюся паўтарыць гэтае слова, адведзены ўчастак. Лічу, што гарком павінен высветліць усе акалічнасці.