«Што гэта ён так уз'еўся на Шыковіча? — думаў Тарасаў. — Праўду кажуць: сааўтары — што палюбоўнікі адной жанчыны. Абавязкова счэпяцца. Трэба будзе разабрацца».
Калі на пасяджэннях узнікалі вось такія складаныя сітуацыі, Тарасаў любіў паназіраць за людзьмі. Хто як рэагуе? Хто каго падтрымлівае? Гэта лёгка чыталася па тварах. Бо здаралася, што чалавек займае ўпачатку адну пазіцыю, а ў канцы — зусім супрацьлеглую, зрэдку бывае і так, што ў думках ён за адно, а на словах — за другое. Такіх Тарасаў не любіў. Маўклівага для прапагандыста, упартага, цяжкаватага па характару Тужыкава ён паважаў за тое, што той заўсёды трымаўся пэўнай думкі. Такога лёгкі вецер не паверне, толькі добрая бура. Мабыць, адчуваючы, што сябры бюро разышліся ў сваіх адносінах да таго, што сказаў Гукан, Тужыкаў шчыра раіў вачамі: «Скажы ты, Сяргей Сяргеевіч». Тарасаў паслухаўся гэтай парады.
— З дачамі мы разбяромся, — сказаў ён да Гукана, потым — да Шыковіча: — Паводзіны вашага сына, таварыш Шыковіч, — ганебныя паводзіны. І мы вас сур'ёзна папярэдзім. Не толькі вас. Увогуле будзем сурова патрабаваць ад камуністаў, каб яны адказвалі за сваіх дзяцей, за выхаванне моладзі. Гэта закон нашага жыцця. Я асабіста ўхваляю, што ваш сын пайшоў на завод. Калі праўда, што хлопцы з брыгады Ганчарова самі яго ўзялі, то хвала ім і чэсць. Думаю, што яны больш шырока разумеюць сваю ролю ўдарнікаў камуністычнай працы. Правільна разумеюць. Не замыкаюцца. Змагаюцца за кожнага чалавека. Як, таварышы прапагандысты? Правільна я разумею, што такое брыгада камуністычнай працы? — Ён глядзеў на Грыбка, і ў светлых вачах яго скакалі іскаркі хітрага смеху.
— Правільна, Сяргей Сяргеевіч! — умомант згадзіўся Грыбок.
«Ну і флюгер!» — ужо без злосці і абурэння падумаў Шыковіч. Разам з усведамленнем, што пагроза быць выгнаным з брыгады ад Славіка адведзена, прыйшла дзіўная фізічная слабасць. Зашумела ў вушах, самлелі ногі, высахла ў роце. Наступіла разрадка пасля нервовага напружання гэтага багатага на ўражанні, цяжкага дня. Ён нават дрэнна чуў, хто яшчэ што гаварыў пра яго і Славіка. Помніў: Гукан настойваў на сваёй прапанове.
«Завошта?» — хацелася спытаць зноў, але Кірыла і гэтага не здолеў зрабіць, толькі са здзіўленнем падумаў: «Што мае да мяне гэты чалавек? Што яму не спадабалася? Я да яго заўсёды з адкрытым сэрцам».
Адкрытае сэрца…
Нутро гарэла ад смагі. Але не хапіла смеласці падняцца і наліць з графіна, што стаяў на сакратарскім стале. Раптам з'явілася боязь самлець — як там, у аперацыйнай. Грыбок цяпер амаль што абараняў яго і абмяжоўваў спагнанне папярэджаннем. Красоўскі падтрымліваў Гукана. Кірыла падумаў: «Цікава, якая сям'я ў сакратара райкома? Дзеці ёсць? Трэба даведацца», — хоць адчуваў, што наўрад ці будзе займацца гэтым. Не хопіць энергіі. Здавалася, што яе ўвогуле ўжо няма, энергіі, што ён разрадзіўся, як акумулятарная банка, — увесь, ад галавы да ног.
Сябры бюро пагадзіліся на вымове. Шыковіч не аспрэчваў, не апраўдваўся — абы хутчэй. Нават не запытаў, якая вымова — без занясення ці з занясеннем ва ўліковую картку. (Пасля даведаўся — не запісана.)
Калі паднялі Левановіча, Кірыла спытаў:
— Мне можна ісці?
— Чаму? Паслухайце другіх. Вам будзе карысна. І цікава, — сказаў Тужыкаў.
А Тарасаў, які больш пільна назіраў за ім, нечакана дазволіў:
— Ідзі.
13
Бадай што ён не толькі «не разрадзіўся» ў той дзень, як яму здавалася, зморанаму фізічна і душэўна, а, наадварот — «зарадзіўся».
Шыковіч адчуў гэта на другі дзень. У той вечар ён моцна выпіў. Гэтая слабасць была агідная. Усё астатняе на адлегласці ў адны суткі ўяўлялася зусім інакшым. Ён адразу ж падумаў пра Зосю. Ці жывая? Пазваніў у бальніцу (начаваў у горадзе). Яраш да тэлефона не падышоў: ён не выходзіў з палаты.
Кірыла прарваўся ў аддзяленне, яго ведалі па ўчарашнім здарэнні і далі халат. Нясмела адчыніў дзверы. У маленькай пасляаперацыйнай палаце яна ляжала адна. І амаль так жа, як у часе аперацыі, да яе былі падключаны датчыкі прыбораў. Дзяжурылі лекары і сёстры. Трымалі на кіслародзе. Шыковіч не адважыўся пераступіць парог палаты, дзе ішла нябачная барацьба жыцця і смерці.
Яраш выйшаў у калідор. Магчыма, толькі пухліны пад вачамі выдавалі, што ён не спаў. А больш — ніякіх прыкмет стомленасці. Нават пагаліўся, як заўсёды раніцой.
— Што? — нецярпліва спытаў Шыковіч, сціснуўшы яго рукі каля локцяў, паверх халата, і зазіраючы знізу ў вочы.
— Ты думаў, аперацыяй усё канчаецца? Аперацыя толькі пачатак барацьбы… Былі крытычныя хвіліны. Але, здаецца, мы перамаглі…
— Дай я абдыму цябе.