— Я тут чалавек новы, Кірыла Васільевіч. Але ведаю, што пасля вайны гарком разы чатыры, здаецца, займаўся падполлем.
— І кожны раз у спіс падпольшчыкаў заносілі дзесяткі новых імён. Хіба гэта не доказ таго, які размах мела барацьба нашых людзей? Хіба для выяснення і ўслаўлення гэтай барацьбы не варта папрацаваць? — Шыковічу здалося, што Тарасаў супраць таго, каб яшчэ раз вяртацца да падполля, і ён выказаў гэта горача, з наступальным запалам.
— Але, для гэтага варта папрацаваць, — задумліва згадзіўся сакратар гаркома, шукаючы ў спісе пад шклом нумар тэлефона.
— Першапачаткова нават імя Яраша нідзе не ўпаміналася. А ён выконваў спецзаданні гаркома.
Тарасаў павярнуўся да століка з тэлефоннымі апаратамі і набраў кароткі нумар.
— Ало. Вагін? Добры дзень. Тарасаў. Многа шпіёнаў злавіў? Што? Вывеліся, кажаш? Глядзі, як бы мы не прытупілі пільнасць. То-та. Андрэй Астахавіч, што гэта ў цябе баяцца паказаць дакументы часоў вайны нашаму пісьменніку? Чалавек цікавую працу задумаў. Трэба памагчы. Што? — Тарасаў змоўк і слухаў даволі доўгае тлумачэнне, кідаючы час ад часу кароткае: «Ыгы».
Кірыла заўважыў, што ў нейкі момант ён шчыльней прыціснуў слухаўку да вуха. Сакрэт. Кірыла падняўся з крэсла і адышоў да акна. Неба зрабілася шэра-попельным. Сонца рассеяла свае праменні ў гэтых сухіх і высокіх аблоках. Не пякло больш. Але нерухомае паветра не астывала, яно як бы згушчалася, ад чаго духата нават мацнела — ажно цяжка рабілася дыхаць.
«Але, паедзем з Парэчкам на луг. Пад навальніцу. Станем на беразе і будзем гукаць грому: о-го-го! Некалькі гадзін першабытнага жыцця. Васіль умее арганізаваць яго. Каб ні пра што не думаць…»
— Добра. Давай у чатыры.
Шыковіч схамянуўся, узрадаваны, што гэта яму назначае Вагін сустрэчу на чатыры. Глянуў на гадзіннік: было без чвэрці тры. Тарасаў паклаў слухаўку.
— Дні праз два яны пакажуць табе, Кірыла Васільевіч, патрэбныя дакументы. У такіх органах нельга без некаторых фармальнасцей.
«Два дні, якія, напэўна, расцягнуцца ў тыдзень!» — нецярплівы даследчык расчаравана ўздыхнуў.
Сакратар нібы прачытаў яго думкі.
— Не бойся, гэта не будзе праз два тыдні. У чатыры Вагін будзе ў мяне, і я яшчэ раз напомню яму. Жадаю поспеху.
На трэці дзень пасля аперацыі Яраш нарэшце пакінуў бальніцу і прыехаў на дачу. З'явіўся гадзін у пяць дня на таксі, акуратна паголены, у новай чэшскай тэнісцы (дома ведалі, што пасля ўдалай аперацыі ён заўсёды нешта купляе), з шампанскім, цукеркамі, падарункамі. Быў уважлівы, далікатны, ласкавы, быццам не бачыў сям'ю і суседзяў цэлы год.
Галіна Адамаўна ўмела сустрэць яго ўрачыста. Калі ён затрымліваўся ў бальніцы на суткі, на двое пасля такіх вось аперацый, у яе не ўзнікала ніякіх дурных думак. Нішто не псавала настрою, і яна сама радавалася, што страчае мужа з чыстай душой. Пра аперацыі яна звычайна не любіла распытваць. Але на гэты раз выпадак быў асаблівы.
— Па тваім выглядзе бачу, што ўсё добра. Віншую.
— Не трэба віншаваць, Галка. Не трэба. Ты ведаеш, я не люблю віншаванняў, калі размова ідзе аб жыцці чалавека. Ды і не ўсё яшчэ добра.
Але калі прыбегла з лугу Наташка і павісла на шыі, спытала таямнічым шэптам: «Ну, як там, тата? Што?», то ён адказаў:
— Добра, Наталка. Мы з табой перамаглі яшчэ раз.
— Раскажы.
Яна адна любіла слухаць, як бацька расказваў пра сваю работу, і даволі добра ўжо для свайго ўзросту разбіралася ў хірургічнай тэрміналогіі. А таму Яраш ахвотна пачаў перадаваць увесь ход аперацыі, амаль гэтак жа падрабязна, як расказваў бы студэнтам, трохі хіба больш спрошчана, з меншым ужываннем спецыфічна медыцынскіх слоў.
Маці не падабалася гэтае дзіўнае, не па ўзросту, захапленне дачкі хірургіяй, але яна маўчала, рабіла выгляд, што таксама слухае з цікавасцю. Неяк раней яна аднойчы сказала:
— Антон, я зусім не хачу, каб Наташа была лекарам. Даволі ў хаце медыцыны!
Наташа горача запярэчыла:
— Хіба дрэнна быць такім лекарам, як тата?
— Такіх нямнога… А быць такім, як я… Вырываць гнілыя зубы…