Антон тады абурыўся, закрычаў, што ён катэгарычна забараняе ёй гаварыць гэтак пры дзецях аб сваёй прафесіі, ды і наогул аб любой прафесіі. Дзеці павінны паважаць кожную карысную працу! З таго часу яна не перашкаджала іх медыцынскім размовам. Толькі радавалася, што медыцына зусім не цікавіць сына. Але не радавалася, што ён, як бацька, галубятнік.
Віктар дапамагаў маці ставіць на стол з паважнасцю дарослага. Але ў душы раўнаваў да сястры, што яна захапіла бацьку. Яму таксама хацелася пахваліцца, што ён перабудаваў галубятню, нечакана пазнаёміўся з галубятнікам з суседняй вёскі, тутэйшым настаўнікам, і выменяў у яго пару рэдкіх паштавікоў. Але не можа ж ён вось так з бухты-барахты, як тая Наташка, кінуцца бацьку на шыю і прапанаваць: «Хутчэй лезем на гарышча!» У самым пачатку сустрэчы з бацькам Віця паведаміў толькі адну навіну:
— Учора, ведаеш, якая навальніца шуганула. Франтальная. За Студзёнкай на тры кіламетры лес палажыла. Максім Рыгоравіч кажа — тысячы дзве кубаметраў буралому.
Пра галубоў сказаў пасля полудня, калі выйшлі на двор. Сказаў стрымана, між іншым.
Яраш усё зразумеў. Выгукнуў, нібы нават з крыўдай:
— Што ж ты маўчаў? — і адразу палез на веранду. Праз колькі хвілін вясёлы, пранізлівы свіст абудзіў адвячоркавую цішыню лесу і лугу.
Увечары, калі прыехаў з горада Шыковіч, яны палілі свой касцёр і на агні варылі юшку; Яраш з сынам паспелі налавіць рыбы.
Мокрае яшчэ ад учарашняга ліўня ламачча гарэла роўна і нягорача. Юшка варылася доўга. Елі яе ўжо ўпрыцемку. Накармілі дзяцей.
— Наташа і Віця! Спаць!
— Мама!
— Спаць. Спаць.
Дзеці неахвотна рушылі да дачы.
— Ты бязлітасная, Галя. Віктар збіраў дровы і лавіў рыбу.
— Галя — лепшы педагог, чым мы з табой.
— Правільна, жонка. Педагогі мы з табой — дрэнь.
— Як там Уладзіслаў? — спытаў Яраш.
— Працуе.
— Ты яго бачыў?
— Хіба яму да сына! Ён увесь — у падполлі.
— Не іранізуй з сур'ёзнай справы. Сын пазбягае сустракацца са мной. Яму сорамна. Прыязджаў Тарас.
Жанчыны сядзелі на лавачцы, мужчыны — па-турэцку, на вільготнай зямлі, насупраць адзін аднаго.
Яраш адпачываў. Яму не хацелася ні гаварыць, ні думаць. Ён глядзеў у агонь, любаваўся водбліскам полымя, жарам, бурштынавымі кроплямі смалы, што выступілі на тоўстым суку. Прыгожыя кроплі. Шкада было, што яны згараць. І ў гэты міг упершыню пасля таго, як паехаў з бальніцы, варухнулася ў душы трывога за Зосю. Ды ён прагнаў яе. Нічога не здарыцца. Яшчэ ўчора хворая апрытомнела. Сёння глядзела на яго з удзячнасцю яснымі вачамі. Спрабавала ўсміхнуцца. Прашаптала: «Мне лёгка дыхаецца!» Але, цяпер ёй будзе лёгка дыхацца і лёгка хадзіцца па зямлі! Ярашу было радасна. Аднак выказваць сваю радасць усім не хацелася. Ён выдаў яе Наташы. Мог бы яшчэ прызнацца Шыковічу, каб яны былі адзін на адзін.
Кірыла пачаў расказваць пра свае пошукі, пра размовы ў КДБ і гаркоме.
Яраш здзівіўся:
— Ёсць справа на Савіча? На мёртвага?
— Ты ж сам казаў, што ў твае абавязкі падпольшчыка ўваходзіла вывучаць тых, хто супрацоўнічаў з акупантамі. Я думаю, не дзеля спартыўнай ці мемуарнай цікавасці гэта рабілася.
— Але, — згадзіўся Яраш задумліва.
Галіна Адамаўна падала яму місачку з юшкай.
— Дзякую, — сказаў, як чужой, паспытаў варыва з лыжкі, паставіў місачку на край лавачкі. — Горача. — І да Шыковіча: — Слухай, Кірыла, а ці варта варушыць такія архівы? Каб узняць пыл, ад якога нехта будзе чыхаць?
— Хто? Ты? Я? Я не буду чыхаць ад такога пылу! — Шыковіч ажно падхапіўся. Яго абурыла, што Яраш, які быў загарэўся таксама, як і ён, раптам зноў дае адбой. Чаму? Сам жа падпольшчык! На самога ж былі забыліся і колькі год ніхто не ўспамінаў!
— Чакай. Я лічу, што гэта трэба было рабіць або раней, адразу ж па гарачых слядах… Мы не здолелі тады разабрацца ва ўсім, наадварот, шмат што заблыталі… Няхай даруюць мне, але я не веру ў аб'ектыўнасць спраў, якія заводзіліся ў той час… Або гэта трэба рабіць пазней, калі загояцца ўсе раны… Найдаражэйшая якасць памяці — забыўлівасць… Каб нічога не забывалася, чалавецтва загінула б. Забыўлівасць лечыць і раны душы, і раны цела.
— Дзіўная ў цябе філасофія! Ведаеш, з якога арсенала?
— Давай, Кірыла, без арсеналаў. Я думаю пра жывых людзей, пра іх сэрцы, а не пра адносіны паміж дзяржавамі. Хоць у палітыцы таксама забываюць і варта забываць… Інакш ніколі б не канчалася варожасць.
— Ты думаеш пра Зосю.
Галіна ўстрапянулася, балюча ёкнула сэрца: «Але, ён думае пра яе. Чаму ён так хвалюецца за яе?» І ў гэты міг у душу яе ўпала зерне раўнівай падазронасці — упершыню да пацыенткі мужа.