«Цішчанка Мікадзім Фёдаравіч, бургамістр. Пры арганізацыі гета ўласнаручна страляў у жыдоў, забіваў дзяцей.
Лучынскі (Склота, Усаў Іван Селівонавіч), начальнік паліцыі, шпіён, агент СД. Катуе арыштаваных. Кіруе расстрэламі. Павесіў дзевяць калгаснікаў сяла Вялоцічы, заложнікаў».
Самая разгорнутая характарыстыка давалася рэдактару фашысцкага лістка, нацыяналісту Хмару — на добры абзац. Супроць прозвішча Савіча стаяла: «Загадвае аддзелам управы. Заражае людзей інфекцыйнымі хваробамі!»
У той суровы ваенны час, пры той падазронасці, якая мела месца, і такое агульнае абвінавачванне пераконвала. Безумоўна, што і лейтэнант Шыковіч тады паверыў бы яму: усё можа зрабіць чалавек, які пайшоў на службу да фашыстаў! Але цяпер, ведаючы па расказах Яраша і другіх Савіча, Шыковіч адразу зразумеў, што ў разведчыкаў не было ніводнага факта злачыннай дзейнасці лекара-інфекцыяніста, акрамя таго, што ён загадвае аддзелам управы, і яны яўна выдумалі гэтае — «Заражае людзей інфекцыйнымі хваробамі». Якіх людзей? Якімі хваробамі?
Шыковіч не вытрымаў і выказаў сваё меркаванне капітану Сербаноўскаму. Той адарваўся ад нейкіх папер, якія перачытваў, уважліва выслухаў, неазначальна гмыкнуў, сказаў:
— Чытайце далей.
Шыковіч не проста чытаў, ён вывучаў дакументы, як сапраўдны дэтэктыў, звяртаючы ўвагу на кожную дэталь. Данясенне было напісана на машынцы і, безумоўна, з'яўлялася копіяй. Але на ім стаяла ажно шэсць нумароў і шыфраваных літар. Супроць прозвішчаў Лучынскага і Хмары былі пастаўлены крыжыкі сінім алоўкам, наперадзе Савіча — чырвоная «птушка».
Другі дакумент збянтэжыў Шыковіча — заява самога Савіча на імя нямецкага фельдкаменданта оберштурмбанфюрэра Ютнера. У верасні 1941 года Савіч запэўняў фашыста ў сваёй вернасці «новаму парадку» і прасіўся на службу. Паклёпу на савецкую ўладу не рабіў, аднак фактамі ўласнай біяграфіі даводзіў, што мае на бальшавікоў даўнюю крыўду. Ён, Савіч, дарэвалюцыйны інтэлігент і паходзіць з інтэлігентнай сям'і, бацька быў выкладчыкам гімназіі. Ён, Сцяпан Савіч, быў жанаты на дваранцы. Рэвалюцыя пазбавіла яго жонку ўсіх правоў, адняла багатую маёмасць. З-за гэтага першая жонка яго заўчасна памерла. Другая яго жонка была пралетарскага паходжання — з рабочай сям'і, але, магчыма, з-за яго бальшавікі яе праследавалі. Выключалі з інстытута, калі яна вучылася. У трыццаць сёмым пасадзілі ў турму, а можа, і расстралялі (ніхто не ведае) яе брата, хоць ён быў сябрам партыі і займаў адказную пасаду на чыгунцы. І самую яе тры месяцы трымалі ў турме. А ў пачатку вайны забралі зноў нібыта ў армію, але ён, Савіч, не вельмі ўпэўнены ў гэтым. Ён цяпер, мусіць, здзіўляецца, чаму не зачапілі яго. Відаць, бальшавікам патрэбны былі яго веды, яго спецыяльнасць, бо лекараў у іх не хапала. Заява канчалася словамі:
«…Пан фельдкамендант!
Сваёй прафесіяй і грамадскай дзейнасцю я жадаю паслужыць стварэнню ў маім родным горадзе новай цывілізацыі і новай культуры, якую прынесла вялікая армія фюрэра.
Чалавек эмоцый, Шыковіч не стрымаўся — і ўголас вылаяўся, калі прачытаў гэта. Сербаноўскі паглядзеў на яго з дзіўнай ухмылкай, здавалася, здзекліва пытаў: «Што ты будзеш даказваць цяпер?» Кроў ударыла Кірылу ў твар, ён пачырванеў. З'явілася адчуванне, што мёртвы Савіч груба і нахабна ашукаў яго, жывога. Каб той, як другія здраднікі, галаслоўна і агульна паклёпнічаў на савецкую ўладу і кляўся ў вернасці акупантам, гэта пераконвала б менш, чым вось такая біяграфія. Бо калі ў ёй усё праўда, то зусім натуральна, што стары інтэлігент мог мець крыўду на савецкую ўладу і гэтая крыўда павяла яго да ворага.
Але ў наступную хвіліну Шыковіч падумаў пра Заслонава, пра Кузняцова, потым — пра Яраша: колькі ў таго было падпольных біяграфій і якую заяву ён пісаў, калі па заданню гаркома паступаў у пажарную: сын кулака, асуджаны і ўсё, што хочаш.
Не, адступаць нельга! Яраш не жадае, каб ён узнімаў архіўны пыл, — баіцца за Зосю, гуманіст. Ён і Зося ўпэўнены, што бацька яе — сумленны чалавек, «не герой, але і не вораг». Яраш баіцца, раптам дакументы дакажуць другое. Пакуль што пра здраду Савіча напісаў адзін чалавек — Гукан, напісаў адзін сказ, на якім наўрад хто з чытачоў затрымлівае ўвагу. Прайшло шмат год, вырасла новае пакаленне, якому няма ніякай справы да нейкага доктара Савіча, лёс яго нікога не цікавіць. Дык навошта выцягваць яго з небыцця? Так, напэўна, разважае Яраш. Але ён, Кірыла, трымаецца іншай думкі. Нарэшце, гэта справа яго гонару: завяршыць пачатую працу!