«Хведзя!
Я абсалютна уверен, что аграбление аптечного склада не абышлося без Савича. О, ты не знаеш, какая эта хитрушчая лиса! Гарантируй тысячу марак — и я табе раскушу эты арех. Имею „ключик“. Табе — слава и спасибо гестапо, а мне — грошы. Давай согласие. Не тяни.
Напісана алоўкам, па-расейску, з памылкамі.
Шыковіч прачытаў другі раз, трэці, здзіўлены і ўзрадаваны. Потым з удзячнасцю паглядзеў на капітана. Зачыніўшы сейф, Сербаноўскі круціў на пальцы ключы і тлумачыў:
— Гэта з «архіва» следчага паліцыі Хведара Швагерава. Яго судзілі ў сорак пятым, далі пятнаццаць год. Я вось разбіраю судовыя матэрыялы. На жаль, тады ніхто не расшыфраваў гэтай запіскі. Хто пісаў? Калі? З якой прычыны? Відаць, палічылі, што намёк на Савіча — непаразуменне. Прыйдзецца расшыфроўваць цяпер.
Яны глядзелі ў вочы адзін аднаму, глядзелі з той шчырасцю і разуменнем, якое яднае людзей, робіць сябрамі. Сербаноўскі адчуў, зразумеў, як раптам змяніў сваю думку аб ім пісьменнік, і парадаваўся, хоць лічыў, што яму не да твару выяўляць якія б там ні было пачуцці. А Шыковіч, наадварот, адчуваў, што ён не можа, не мае права апусціць вочы, пакуль не скажа гэтаму, на першы погляд, сухому чалавеку нейкія асаблівыя словы.
— Слухайце, Анатоль Барысавіч!.. Каб мы з вамі былі ў больш блізкіх адносінах, эх, як я зараз вылаяў бы вас! Ведаеце, ёсць такія нецэнзурныя словы, якія пры адпаведнай інтанацыі лепш і мацней за любую пахвалу.
— Мне не трэба пахвалы, Кірыла Васільевіч. Толькі, калі ласка, не думайце, што я і мае калегі заўсёды падбіралі толькі тыя дакументы, якія абвінавачваюць. «На месцы вашага калегі…» Эх, Кірыла Васільевіч! Паверце, што для мяне самая радасная работа — даказаць, пацвердзіць сумленнасць савецкага чалавека.
Шыковіч працягнуў яму руку. Яны застылі ў моцным сяброўскім поціску рук.
— Памажыце нам. А я памагу вам.
— Дзякую, Анатоль Барысавіч.
15
Шматтонная станіна павольна плыла ў цесным праходзе паміж станкамі, паўсабранымі і гатовымі, шэрымі і ярка пафарбаванымі для экспарту. Высока над дахам цэха сунулася шкляная будка крана. Дзяўчына ў сінім чысценькім камбінезоне, стракатай, як вясновы луг, касынцы пільна сачыла за рухам станіны, за людзьмі ўнізе, занятымі працай. Зараз нехта са зборшчыкаў возьме гэтую «дэтальку», павядзе па праходу і пакажа месца, дзе яе паставіць. Павіснуць аслабленыя тросы, лёгка адчэпяцца крукі. Яна падцягне іх на небяспечную для людзей вышыню, і тады кран з грукатам і звонам ад'едзе назад. Часам ёй доўга прыходзіцца сядзець без працы, чакаць, пакуль механікі і зваршчыкі дадуць новую цяжкую дэталь. Яна азірае цэх з вышыні і зайздросціць слесарам — яны працуюць увесь час ад гудка да гудка. Сярод вялізных машын маленькія людзі — як мурашкі. Але машыны гэтыя, прыгожыя і разумныя, збіраюцца іх рукамі. Праўда, без яе працы, без крана, яны нічога не сабралі б, бо не здолелі б падняць нават невялікі «вузялок». Гэтая думка заўсёды суцяшае Ніну: не апошні «вінцік» і яна ў цэху.
Ніна пазваніла: «Прымайце сваю дэтальку».
З-за станка вынырнула знаёмая постаць. Хлопец у берэце спыніўся ў праходзе, спіной да яе, глядзіць некуды ў канец цэха, дзе працуюць упакоўшчыкі, і быццам не чуе і не бачыць, што на яго паўзе двухсотпудовая аграмадзіна. Ніна рэзка затармазіла кран. Станіна небяспечна гайданулася. Кранаўшчыца пазваніла гучна, злосна. Хлопец — ні з месца.
Ніна высунулася з будкі і закрычала:
— Гэй, ты! Доўга варон будзеш лавіць? Разява!
Тады Славік павярнуўся, ухмыльнуўся на ўвесь замурзаны твар, бліснуў прыгожымі зубамі, сарваў берэт і прыветліва махнуў ім.
— Ах, гэта вы, лэдзі?! Рады вас вітаць! І пачуць анёльскі галасок і арыстакратычны стыль…
Але ў гэты момант нехта са слесараў заляпаў малатком так, што зазвінеў увесь метал у цэху. Ніна не разабрала ніводнага слова. А Славік пачуў, як яна кінула з вышыні, як камень:
— Піжон!
«Запішам і гэта на твой рахунак, дарагі „дзятлік“», — падумаў Славік і, нахіліўшыся, спрытна нырнуў пад станіну, што па тэхніцы бяспекі таксама забаранялася. З'явіўшыся на другім баку, надзеў парусінавую рукавіцу і… «павёў» станіну на месца. Рабіў ён гэта спачатку лёгка і няўважліва, як вопытны майстар. Але паставіць «дэтальку» на месца — на другую станіну — аснову станка — не так проста, як Славіку здавалася спачатку. Пры ўсім уменні і спрытнасці кранаўшчыцы станіна гойдалася і адыходзіла то ў адзін, то ў другі бок. Пасля дзвюх-трох спроб Славік зразумеў, што яму не вытрымаць гэтага, па сутнасці, першага экзамену, і вырашыў, што ва ўсім вінавата чортава «дзятліха». Там, у будцы, яна знарок робіць так, каб паказаць яго няздатнасць. Здзекуецца. Чакай жа!