— Хачу вярнуцца да падполля. — Ён знарок не паварочваўся, але ўсё адно адчуваў на сабе доўгі пільны позірк старшыні гарсавета.
— Зноў вайна. Шаснаццаць год будуем. Гарады вунь якія збудавалі. Дзеці выраслі, што нарадзіліся пасля вайны. Глянеш навокал — дух займае. Вось-вось савецкі чалавек на Месяц ступіць. А ваш брат усё ваюе. Назад, браткі, глядзіце. Не ўмееце глядзець наперад!
— Справядлівы папрок, Сямён Парфёнавіч! — бадзёра падтрымаў Шыковіч. — Але кожны піша пра тое, што яго хвалюе.
— Раман? — спытаў Гукан пасля доўгага маўчання.
— Дакументальная аповесць.
— Дакументальная? Пісана-перапісана…
— Не так ужо многа, Сямён Парфёнавіч. Пра наш горад адна ваша кніга. Ды і колькі там пра падполле! Мімаходзь. Я хачу заглянуць глыбей… Разабрацца…
— Разбіраўся гарком.
— Правільна. Але мне, напрыклад, шмат што няясна. Асабліва ў першым перыядзе. Да таго ж згадзіцеся, што цяпер мы на многія рэчы глядзім другімі вачамі.
— Хочаш, значыцца, прарэвізаваць рашэнне гаркома. — Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з іроніяй у голасе, у якой бадай што прагучала пагроза.
Шыковіч каўзануўся па траве і моцна ляснуў вудзільнам па вадзе. Ён зразумеў, што Гукан не адступіць ні ад аднаго сказа, палажэння сваёй кнігі, напісанай яго, Кірылавай, рукой. Апанавала злосць.
«Чаму ты так упарта трымаешся за тое, супраць чаго выступаюць многія? Чаму ты лічыш, што адзін ты сказаў ісціну ў апошняй інстанцыі? Рашэнне гаркома!.. Ты быў сакратаром і рыхтаваў гэтае рашэнне, паўтарыўшы тое, што раней напісаў у кнізе. А людзі — удзельнікі — пратэстуюць!..»
Кірыла аберуч сціснуў вудзільна, быццам яно магло зацягнуць яго немаведама куды. Ён баяўся, як бы не выбухнула гэтая злосць. Разумеў, што сварыцца цяпер з Гуканам неразумна і недарэчна. Памог яму саўладаць са сваімі пачуццямі сам Гукан. Той падняўся на ногі, зноў нахіліўся над ракой, і збоку здавалася, што, акрамя паплаўкоў і рыбы, нічога больш не хвалюе і не цікавіць яго. Кірыла агледзеў доўгую постаць, спакойны аскетычны твар і, адчуваючы, што патухае агонь, нязлосна вылаяўся ў думках:
«Актор, чортава жардзіна! Я дорага заплаціў бы, каб даведацца, пра што ты думаеш».
Яны доўга маўчалі.
Нарэшце, чапляючы новага чарвяка, Гукан сказаў:
— Гэта цябе Яраш падбівае на падполле? Раю не вельмі давяраць яму. Анархіст.
— Яраш — анархіст? — Кірылу стала чамусьці весела. — Больш дысцыплінаванага чалавека я не ведаю.
— Розная бывае дысцыпліна. Безумоўна, ён выконваў адказныя заданні. Але гэта была, так сказаць, не галоўная лінія нашай барацьбы. І яго трымалі ўбаку. Таму ў яго склалася дзіўнае ўяўленне аб падполлі. У нашай кнізе, канешне, не ўсе факты і людзі названы… Але я і не ставіў такой мэты…
«Кніга наша, а мэта твая», — засек у думках Кірыла.
— Мы далі агульную ацэнку… А Яраш хацеў перакрэсліць усё, бо не назвалі яго… Помніш яго пісьмо?..
Шыковіч успомніў сваё першае знаёмства з Ярашам, як, атрымаўшы пісьмо, знайшоў маладога лекара. І той расказваў пра сваіх сяброў-падпольшчыкаў з болем, з крыўдай.
Не, Яраш пісаў тады не з-за сябе! У гэтым Кірыла цвёрда пераканаўся. Але мае рацыю і Гукан: у Яраша ў той час сапраўды было блытанае ўяўленне аб агульнай карціне падпольнай барацьбы ў горадзе.
Адначасова Кірыла прыгадаў сённяшнюю размову з сябрам, яго словы пра тое, што ці варта варушыць мёртвых і падзеі даўно мінулых дзён. Нават Яраш, нястрымны і нястомны Яраш, пачаў вось як разважаць! Што гэта — старасць? Дача, галубы, рыба…
А можа, сапраўды, гэта не тое, самае галоўнае, што патрэбна цяпер народу?
У Шыковіча нярэдка ўзнікалі такія сумненні ў актуальнасці сваіх творчых задум. Гэта цяжкія сумненні, яны часта выклікалі дэпрэсію, абыякавасць, застой. Кірыла баяўся іх. Таму яму больш не хацелася ні «мацаць» Гукана, ні ўвогуле прадаўжаць размову пра гэта. Трэба пераключыцца на штось іншае!
Яму пашанцавала: нырнуў паплавок, ён падсек і выкінуў ніштаватага язя. Яго ўдача падагрэла рыбацкі азарт Гукана, бо язя той не ўзяў ніводнага. Сямён Парфёнавіч сеў бліжэй і пачаў расказваць пра звычаі рыб. Расказваў падрабязна, хоць вельмі манатонна. Кірыла маўчаў. Глядзеў, як гойдаецца паплавок, слухаў журчанне вады, крыкі ластавак. Мацней пахла дажджом. Усё гэта супакоіла і зноў расслабіла мозг, цела. Рака закалыхвала…
Раптам Гукан пачуў, як збоку ад яго штось цяжкае плюхнула ў ваду. Падумаў, абваліўся бераг. Глянуў — няма Шыковіча. Міма яго вуд плыў па рацэ саламяны капялюш. Сямён Парфёнавіч спалохана падскочыў. Але тут жа, пад абрывам, вынырнула галава…