Ён задраў галаву і крыкнуў:
— Гэй, ты! Варона!
Але Ніна была такая засяроджаная, што востры тварык з доўгім носікам, за што Славік адразу ахрысціў яе «дзятлікам», яшчэ больш завастрыўся і выцягнуўся. Славік азірнуўся, каб паклікаць Тараса. Гонар дазваляў яму ў цяжкіх абставінах звяртацца за дапамогай да Тараса і да Косці — больш ні да каго. Але ў той міг з'явіўся Іван Ходас. Славіка ажно перасмыкнула: зноў Ходас. Гэты востры на слова, зласлівы і непрымірымы Іван заўсёды аказваецца побач, калі ён, Славік, трапляе ў няёмкае ці цяжкае становішча. Быццам назірае за ім.
Ходас ледзь прыкметнымі, дырыжорскімі рухамі левай рукі паказаў Ніне, у які бок скрануць станіну. Павёў яе на сябе, глянуў па зрэзу бакавой пліты, нібы прыцэліўся, і, даўшы каманду кранаўшчыцы ад'язджаць, лёгка і проста паставіў станіну на месца — паз у паз, шчыліна ў шчыліну.
Калі кран з грукатам ад'ехаў, Ходас, аглядаючы аснову будучага магутнага станка, спытаў быццам між іншым:
— Ты працаваць сюды прыйшоў ці забаўляцца?
— А што? — адразу натапырыўся Славік.
— А тое, што ў цэху працуюць. А крыўляцца можаш у парку.
— Калі я не здолеў паставіць гэтую штуковіну, значыцца, я крыўляюся? Добранькая дапамога!
Іван узняў галаву, і вочы яго, звычайна блакітныя, як два лясныя азяркі ў ясны дзень, пацямнелі, быццам на іх упаў цень ад навальнічнай хмары. Славік ужо і раней прыкмеціў незвычайную зласлівасць колеру яго вачэй і забаўляўся гэтым.
— Крыўляўся пад кранам. Вытанцоўваў перад станінай, як дурань перад труной.
— Дзякую, маэстра. Вось гэта зусім па-кам… — Славік пракаўтнуў слова, бо Іван неспадзявана схапіў яго за нагруднік камбінезона і гнеўна прашаптаў:
— Ты-ы! Не кідайся гэтым словам дзе папала! Для мяне яно святое. Зразумеў? Піжон! — і, расшчапіўшы пальцы, сказаў звычайна: — Замацуеш асноўныя балты. Прывінціш кранштэйны. — І вочы яго сталі блакітнымі.
Знешне грубаваты і цынічны, Славік быў уражлівы і па-дзявочы сентыментальны. Застаўшыся каля станка адзін з цяжкім ключом у руках, ён раптам адчуў сябе прыніжаным і абражаным. Рукі дрыжалі — ключ зрываўся з гайкі, і яму хацелася плакаць. І работа здалася ненавіснай, прыніжаючай яго чалавечую годнасць. Які здзек лёсу! Столькі найвышэйшых мар, і раптам — завінчваць гайкі. З'явілася жаданне кінуць усё да д'ябла, пайсці з завода і ніколі больш не вяртацца. Але за апошні тыдзень, як ён працуе ў брыгадзе, у яго з'явілася новая рыса — нейкі своеасаблівы гонар: дакажу, што і я не горшы за вас — за Тараса і яго брыгаднікаў, за бацьку, за Яраша. Разам з тым ён працягваў сваю ранейшую лінію: пераконваў самога сябе, што ўсе другія не лепшыя за яго, што яны проста па-ханжаску прытвараюцца, іграюць, як акцёры, высакароднасць і высокую свядомасць. Сябра брыгады, ён радаваўся, калі ў брыгадзе нешта не ладзілася ці нехта дрэнна гаварыў пра яе. У першы дзень да яго падышоў стары рабочы. Славік адразу адзначыў, што чалавек худы, і падумаў: «Не дужа сыта, відаць, харчуецца».
Рабочы спытаў з хітраватай усмешкай, кіўнуўшы ў той бок, дзе хлопцы збіралі станок:
— У брыгадзе будзеш?
— Ага.
— Вучнем?
— Хацеў за інжынера — не бяруць.
— Як пралез? Па блату?
— Куды?
— У брыгаду.
«Ага, значыцца, і ў гэтую брыгаду могуць пралазіць па блату», — амаль узрадаваўся Славік і адказаў:
— Па блату. Я — сваяк Ганчарова.
— Ясна. Сваяк сваяка…
— Ага.
Славіку хацелася, каб рабочы пачаў ганіць брыгаду і нават Тараса, хоць у душы быў удзячны Тарасу за сяброўскую падтрымку. Але рабочы сказаў іншае:
— Ганчароў — чалавек правільны, але дзівак. Лепшы зборшчык. Пяты разрад. Працуй — заганяй манету. Дык не — хочацца яму вучыць такіх смактункоў, як ты. Няхай у фазаў ідуць. А ён — у брыгаду. Не было на зборцы брыгад. Яны перайначылі. Даюць сто пяцьдзесят працэнтаў. Але што ён мае ад гэтага, Ганчароў? Вось чаго я не магу зразумець. У яго пяты разрад, у Косці — другі, а прагрэсіўку дзеляць пароўну. Дзівак!
— У Тараса бацька багаты, — вырашыў падыграць Славік.
— Яраш? Ён жа не родны.
— Але ўсё адно грошай дае — колькі хочаш.
— Маніш, — усміхнуўся рабочы. — Навошта ж яму тады жыліцца так на зборцы?
— Свядомасць.
— Але, ёсць такія людзі, — уздыхнуў чамусьці стары, можа, пашкадаваў, што ён пражыў сваё жыццё не зусім так. Сказаў: — Ну, Ярашу не шкада. Залатыя рукі мае чалавек. Люблю людзей умелых. Такім і тысячу можна плаціць.