Выбрать главу

Калгасныя патрэбы, відаць, задавальнялі тыя хлявы і свірны, якія злеплены былі пасля калектывізацыі з абагуленых гумнаў.

На доўгай травяністай вуліцы гуляла многа малых, пасвіліся шматлікія чароды гусей. Відаць, праз гэта шафёр вёў машыну з асцярожнасцю вучня: куды знік той ліхач, які ляцеў па лясной дарозе з хуткасцю ветру. Больш, чым выгляд хат, Шыковіча ўразілі андаракі на старых жанчынах. Даўно ўжо ён не бачыў андаракаў! Сапраўды, этнаграфічны куток. Кірыла чамусьці падумаў пра адзенне старшыні і яго пацёртую кірзавую сумку. Андаракі хоць прыгожыя — квяцістыя. Трэба купіць адзін — для экзотыкі.

Машына спынілася насупраць дома, які стаяў у глыбіні старога і, пэўна, здзічэлага саду: пладоў на яблынях і грушах не было. У суседніх сялянскіх садках чырванабокія яблыкі былі відны здалёк.

Старшыня выскачыў з кабіны і, нічога не сказаўшы Шыковічу, не запрасіўшы нават у праўленне, хутка пайшоў па сцежцы да дома, памахваючы сваёй сумкай.

Калі машына адышла, Шыковіч застаўся адзін на вуліцы. Ён нават не паспеў спытаць у дзяўчат, якія таксама выскачылі з кузава, што ж там, у садзе: кватэра старшыні ці калгасная канцылярыя? Ён толькі беспамылкова вызначыў, што гэта былы папоўскі дом. На другім баку вуліцы ці, хутчэй, цэнтральнай плошчы (тут перакрыжоўваліся вуліцы) узвышалася былая царква. Шыковічу хацелася адгадаць, што ў гэтай недарэчнай будыніне — клуб ці склад?

Ды раптам з'явіўся Грак. Без сумкі. З прыветлівай усмешкай на ўвесь шырокі загарэлы твар:

— Таварыш Шыковіч?

Кірыла адразу здагадаўся, што адбылося: пакуль яны ехалі, пазваніў Беразоўскі. Усміхнуўся ў адказ.

— Кірыла Васільевіч! — Усё было высветлена. — Як жа можна так? Ай-я-яй… — Старшыня дакорліва ківаў галавой, цмокаў языком, быццам дакараў малога. — Я разумею, ваш брат, інжынер нашых душ, хоча глянуць на людзей так, каб яны не ведалі, хто на іх глядзіць. Але мне вы павінны былі сказаць. Калі трэба, я — ні гу-гу.

— Ды не, я хавацца не думаю. Даклад буду рабіць. Можна сёння сабраць людзей?

— На ваша імя прыляцяць, як матылі на агонь.

«Ого, — падумаў Шыковіч, — ды ён галантны мужчына. Можа і кампліменты выдаваць».

Ветліва адчыніўшы перад госцем дзверы ў кантору праўлення, Грак закрычаў з парога:

— Трышка! Абвясціць па ўсяму сялу: да нас прыехаў вядомы пісьменнік Шыковіч! У дзевяць гадзін усе як адзін у клуб, слухаць лекцыю!

Хлапчына з надзвычай прыгожай чупрынай, белай, хвалістай (лепшы парыжскі цырульнік не зрабіў бы такой прычоскі, як зрабіла прырода), раней чым кінуцца выконваць загад старшыні, шчыра і моцна паціснуў Шыковічу руку і паведаміў:

— Я чытаў вашу аповесць. І фельетоны.

Жанчына-бухгалтар, наадварот, чамусьці скептычна ўсміхалася. Відно было, што гэта маладая маці: кофтачку на кнопках распіралі поўныя грудзі, з белага твару не сышлі яшчэ плямы. Пры паўнаце постаці твар гэты здаваўся худым, хваравітым і, бадай што, быў бы непрыгожы, каб не вочы — вялікія, чорныя, хітрыя і разумныя. Ды яшчэ валасы, такія ж чорныя, скручаныя на патыліцы ў вялікую куксу, рабілі жанчыну прыгожай.

Неспадзявана для Шыковіча агульны пакой канцылярыі аказаўся даволі чыстым і ўтульным — нават вазоны на падаконніку. А сцены абклеены сельскагаспадарчымі плакатамі, падабранымі больш па яркасці і прыгажосці, чым па іх прапагандысцкаму значэнню. Плакат, на якім з кукурузнага пачатка сыплюцца, як з мяшка, каўбасы, сала, масла, сыр, тканіна, гума і іншыя каштоўныя рэчы, аказаўся не на самым цэнтральным месцы, а ў куце каля грубкі.

Грак адчыніў дзверы з шыльдачкай: «Старшыня праўлення», але Шыковіч зрабіў выгляд, што разглядае табель выпрацоўкі працадзён, і не пайшоў у кабінет.

Старшыня пачаў шаптацца з жанчынай.

Шыковіч здагадаўся, пра што, і перапыніў іх:

— Таварыш Грак, калі вы наконт абеду, то не турбуйцеся. Тры гадзіны назад я абедаў у раённай чайной. За вячэру буду ўдзячны. У нашыя з вамі гады і пры нашай камплекцыі многа есці — самагубства.

Грак засмяяўся: