Выбрать главу

Людзі прыбывалі на санях і на калёсах, здароўкаліся яшчэ з маладжавым, але агрузлым і патаўсцелым старшынёй сельсавета Іванам Салавейчыкам. Ён тут сёння распараджаўся, кіраваў, каб ля спешна абгароджанага новымі жэрдкамі ўвахода на могілкі, быў парадак. Галоўнае, ніякага гужавога транспарту, і каб сані і калёсы вяскоўцы ставілі леваруч ад могілак, а тут, ля ўвахода — барані божа! — павінна быць пуста. Як вырашылі ўчора на праўленні, тут стануць машыны, што прыедуць з райцэнтра і вобласці, а таксама месца для гужавога транспарту — з іншых калгасаў і сельсаветаў раёна. Г асцям, як гаворыцца, усё лепшае.

Як толькі развіднелася, калгасныя цесляры ўжо абладжвалі цэнтральны ўваход на могілкі: навесілі новыя вароты і веснічкі. Штакетніку на большае, ды і цвікоў, як на тое, не аказалася. Калгасная кузня даўно не працавала, бо стары каваль быў слабы і не мог зімой працаваць з-за хваробы, а замяніць яго не было каму. Таму вырашылі: адсюль, ад уезда ў вёску, толькі памяняць старыя, згніўшыя жэрдкі на свежыя.

Актывістаў-камсамольцаў Салавейчык выправіў высекчы густое кустоўе на пляцы, што краем прымыкаў да самай дарогі. Там пакуль не было магіл. Тут, ля шляху, амаль скраю могілак, некалі пахавалі маці старшыні райвы­канкама. Побач з яе асеўшай магілай, якую падправілі, падсыпаўшы жоўтага пяску, і было вырашана падрыхтаваць апошняе прыстанішча для яе сына.

Праўда, каб пляц быў больш шырокі, на тры пралёты прыгарадзілі яшчэ жэрдак, тым самым пашырылі ў правы бок самі могілкі, папярэдне зрэзаўшы маладыя бярозы і алешыны, ды вычысціўшы ўвесь хмызняк.

Салавейчык задаволена пахаджваў уздоўж новай агароджы і пахвальваў у думках Ігната Адамчыка. Яму ж, старшыні сельсавета, лічы, нічога тут і рабіць асабліва не прыйшлося. Ігнат ні свет ні зара падняў сваіх брыгадных, і яны аднавілі агароджу з цэнтральнай часткі могілак. А другая брыгада расчышчала на вольнай пляцоўцы мокры снег і капала яму. З жоўтага, яшчэ прамерзлага пяску акуратна насыпалі на паўметра ў вышыню і метры на два ў даўжыню прадаўгаваты бурт, на які спецыяльна прывезлі дзве акуратна абгабляваныя шырокія дошкі-дваццаткі. Сюды якраз і меркавалася паставіць труну з целам. А збоку, між двух дубкоў, якія раслі амаль побач, каля магілы Мірончыкавай маці, мужчыны нацягнулі дрот: тут павінны размясціць прывезеныя з горада гірлянды і вянкі. Чэркас загадзя папярэдзіў, што іх будзе шмат, у райцэнтры, дзе з самай раніцы арганізуюць развітанне, іх загрузяць у асобную машыну, бо не ўсе жадаючыя змогуць паехаць на пахаванне ў Бечын.

Зрабіўшы асноўную работу, мужыкі з недалёкага адсюль бору прывезлі лапкі ельніку, густа выслалі расчышчаную пляцоўку. Іх спатрэбілася нямала, вазы чатыры, каб прыхаваць крыху размокшыя лапікі чорнай вадзяністай зямлі, разбітай людскімі нагамі і набрынялы ад падталай вады снег.

Калі напачатку а дзясятай гадзіны сюды дапяўся сакратар парт’ячэйкі Антон Верабей, які асабіста арганізоўваў жалобны стол у клубе, заспакоены Салавейчык паведаміў:

— Ну, як маглі, Сцяпанавіч. Здаецца, паспяваем. Тэлефануйце ў райкам. Хай выязджаюць...

8

Такога пахавання ні бечынцы, ні жыхары навакольных вёсак яшчэ не бачылі. Члены праўлення калгаса загадзя расставілі людзей у некалькі радоў уздоўж новых пралётаў з жэрдак, яшчэ добрая сотня засталася стаяць звонку могілак, таму што на расчышчанай пляцоўцы ўсе не памясціліся. Салавейчык позна зразумеў сваю памылку, трэба было б яшчэ на пралёт-другі пашырыць могілкі, і цяпер хваляваўся, што атрымае з-за гэтага наганяй ад першага сакратара райкама партыі. А Нікіценка і так яго чамусьці не заўважаў. Салавейчык адчуваў жудасны, быццам жывёльны страх перад былым старшым следчым раённай міліцыі, які вельмі хутка прасунуўся па кар’ернай лесвіцы, паспеў пакруціцца нават у Мазыры сакратаром абкама партыі, а год таму вярнуўся ў раён, туды, дзе і пачынаў.

Але браў да сэрца сельсаветчык дарэмна. Нікіценка, які раней астатніх дабраўся ў Бечын, агледзеў усё і быў задаволены. Магчыма, упершыню пахваліў Салавейчыка, актыў і праўленне калгаса. Людзі акружылі першага сакратара, толькі і паспелі перакінуцца словамі пра будучую сяўбу, як якраз апоўдні, насупраць расчыненых варотцаў могілак натруджана спыніліся тры грузавыя аўтамабілі. К гэтаму часу ўздоўж могілак ужо месца вольнага не было ад вазоў і калёс, на якіх прыехалі невядомыя бечынцам людзі.