Вяскоўцы дзіваваліся, як аднекуль ззаду, з накрытых шэрым брызентам машын, выскачылі сталыя мужчыны і зусім маладыя хлопцы. Іх было чалавек дзесяць, у руках яны неслі музычныя інструменты, якія зіхацелі, аж сляпілі на яркім сакавіцкім сонцы. Яны хуценька выстраіліся наперадзе прыехаўшых аўтамабіляў, якраз насупраць расчыненых новых варотцаў. Затым з’явіліся людзі ў ваеннай форме і са зброяй у руках: з абодвух бакоў акружылі расчышчаны шырокі праход на могліцы.
Сярод бечынцаў пайшла пагалоска: гэта ж пагранічнікі, з Міткавіч. Раён іх прымежны, зусім побач — тэрыторыя Польшчы. Праўда, тут, у гэтым глухім куце, да дзяржаўнай мяжы з палякамі было далекавата, і многія вяскоўцы бачылі савецкіх пагранічнікаў упершыню.
Тым часам двое спрытных маладых пагранічнікаў апусцілі борт палутаркі і жвава заскочылі на прыцэп. Там стаяла закрытая дамавіна, абабітая ярка-чырвонай тканінай. Пагранічнікі акуратна паднялі яе і, зрабіўшы два крокі, перадалі на рукі чацвярым міліцыянерам, якія стаялі на зямлі. Акуратна трымаючы труну, тыя ціха панеслі яе да могілак. Калі двое пагранічнікаў апынуліся на зямлі, у іх руках усе заўважылі металічны надмагільны знак. Яго зверху ўпрыгожвала вялікая чырвоная зорка, а ў шырокім квадратным шкельцы, уманціраваным у рамку фота, з якога нібыта ўсміхаўся сваім землякам Ілля Мірончык.
І ў тое ж імгненне, спалохаўшы многіх, грымнуў пахавальны марш. Нечакана загаласілі жанчыны. У вёсцы ўсчалі страшэнны брэх сабакі. І з векавых дубоў, якіх на старых могілках было шмат, спалохана ўзвіліся ўвысь чорныя вароны.
Калі дамавіна стала на сваё месца на жоўты пясочак, паўсотні вянкоў і гірлянд укруг свежавыкапанай магілы акружылі яе, а паперадзе, побач з магілай маці нябожчыка, аціхла ганаровая варта, жалобны мітынг адкрыў першы сакратар райкама партыі.
— Дарагія таварышы! Мы аддаём роднай зямлі нашага паплечніка, сапраўднага бальшавіка, вопытнага арганізатара калгаснага руху, выдатнага гаспадарніка, старшыню райвыканкама Іллю Свірыдавіча Мірончыка, — хвалюючыся, спачатку ціха, а потым роўным, цвёрдым голасам прамовіў успацелы Андрэй Нікіценка. — Гэта быў незвычайны чалавек, які вельмі добра разумеў сваё месца і час, імкнуўся ўсё зрабіць дзеля таго, каб наша жыццё станавілася лепшым і смела крочыла наперад. Наш раён за апошнія гады, калі Ілля Свірыдавіч Мірончык працаваў кіраўніком райвыканкама, дасягнуў небывалых да гэтага вышынь. Я не буду пералічваць лічбы ўраджаяў, але яны выраслі непараўнальна з мінулымі гадамі. Гэта так. І жыць стала лепш, як сказаў таварыш Сталін, жыць стала весялей. Нябожчык быў смелым, адданым прадстаўніком нашай партыі, разумеў простых людзей і ўсё імкнуўся рабіць па справядлівасці.
Але, дарагія таварышы, мы не змаглі зберагчы нашага паплечніка. Класавыя ворагі прыклалі шмат намаганняў, каб адабраць жыццё ў вернага сына нашай партыі, падабралі момант і забілі Іллю Свірыдавіча. Толькі ж іх крывая дарожка нядоўга будзе віцца! Мы ведаем, хто гэта зрабіў! Следства пакуль ідзе, але мы клянёмся, што вінаватыя адкажуць за яго смерць у поўнай меры. Спі спакойна, наш баявы таварыш. Ведай: пачатая табой справа будзе прадоўжана, а тваё імя застанецца назаўсёды ў нашых сэрцах...
Кабеты ўвесь час плакалі, перашэптваючыся, шкадуючы, якую жудасную смерць сустрэў нябожчык. Ля зачыненай дамавіны пра Мірончыка сказаў слова і загадчык сельгасаддзела абкама партыі Іваноўскі, а потым ад імя землякоў выступілі па чарзе Верабей і Салавейчык. Чэркаса на пахаванні не было: яму зноў стала кепска, на кватэры страціў прытомнасць, і ледзь жывога старшыню калгаса па распараджэнні Нікіценкі зноў павезлі ў раённую бальніцу.
Калі тройчы прагрымелі ў неба выстралы, зямля прыняла дамавіну з абпаленым целам гаротніка, у жалобнай скрусе на бечынскіх могілках сцяўся яшчэ адзін даволі малады чалавек, які вельмі добра ведаў загінуўшага. Так сталася, ён апошнім часам нават пасябраваў з ім. Толькі ж ніхто не ведаў, што звязвала перспектыўнага следчага, старшага лейтэнанта міліцыі Коршака і былога старшыню Бечынскага сельсавета, якому потым вобласць даверыла ўзначаліць цэлы раён.
Андрэю Коршаку было сапраўды шкада свайго старэйшага калегу, які, нягледзячы на ўсе яго юнацкія пралікі, па-добраму клапаціўся пра зусім чужога яму хлопца. Ён добра памятаў, як той у свой час не выдаў яго ненавіснаму начальніку міліцыі, калі з перабітым пераноссем, упусціўшы кулака Рыгора Расевіча, поўзаў у гурбе снегу, заходзячыся ад болю, на падворку ягонай цёткі Арлухі ў Грабаўцах. І тут як ні круці, Мірончык меў поўнае права здаць яго злыдню Калатовічу: менавіта ён, сяржант Коршак, апраставалосіўся, дазволіў збегчы ворагу народа, а той, з-за свайго калецтва, нічога ж зрабіць не мог! Коршак і зараз быў перакананы: усё тады залежала ад яго, міліцыянера, а ён вярнуўся да кульгавага Мірончыка з пабітым носам. Якая ганьба яму!