Выбрать главу

Праўда, ён не ведаў, не здагадваўся нават, што будучы старшыня райвы­канкама ўвогуле тады не хацеў ніякай пагалоскі, бо баяўся за лёс сына сваёй загінуўшай жонкі Зіны, за малога Васілька, які ўсё роўна потым згубіўся на бязмежных прасторах краіны. Не ведаў і таго, што Мірончык, калі стаў кіраваць раёнам, акуратна, каб не нашкодзіць сабе, шукаў хлопчыка, якога раней усынавіў, а потым вымушаны быў адмовіцца ад гэтага ўсынаўлення. Толькі ўсё было дарэмна — слядоў Васілька не знаходзіў. Не ведаў Коршак і яшчэ аднаго: чаму менавіта Ілля Мірончык рэкамендаваў яго ў партыю, дапамог яму і ягонай маладой жонцы атрымаць пакой у інтэрнаце. А таксама — чаму хадайнічаў, каб яго накіравалі на вучобу, а пасля паставілі следчым якраз у той час, калі Калатовіч, звёўшы ў раёне не адну сотню сумленных людзей, нечакана перабраўся на высокую міліцэйскую пасаду ў сталіцу.

Вось чаму следчаму балюча сёння было развітвацца з тым, хто ў любой сітуацыі заставаўся, як яму здавалася, найперш, чалавекам. Як праўда і тое, што Коршак у такі няпросты для краіны час імкнуўся быць падобным да свай­го старэйшага таварыша.

9

— Канешне, Ігнат Сцяпанавіч, мы доўга прыглядаліся да цябе, так сказаць, вывучалі... — першы сакратар райкама партыі Андрэй Нікіценка, седзячы за сваім рабочым сталом, з цікавасцю разглядаў крыху сарамлівага трыццацігадовага мужчыну.

Былы следчы Нікіценка быў моцным псіхолагам, таму адчуў: у час здавалася б шчырай размовы Адамчык думае аб нечым сваім, нібы і не здагадваецца, дзеля чаго яго сюды запрасілі. «Што ж цябе так гняце, хлопча?»

Ён адагнаў гэтыя думкі, усміхнуўся, падумаў: што ж, не памыляецца Верабей, гэты хлопец — не дурань, з галавой на плячах.

— Я тут, браце, пазаўчора быў у МТС. Мабыць, ведаеш, што вобласць рэкамендавала вучыць трактарнай справе і жанчын. Дык падзівіўся: аказваецца і твая жонка, Вера Адамчык, таксама на гэтых курсах. І «Сталінца-60», лічы, ужо на лапаткі паклала. Лепшы курсант, сказалі мне... — Нікіценка падобраму ўсміхнуўся.

— Ага, Верка мая такая... гарачая. Нават не здагадваўся, што так тэхніку палюбіць, — адгукнуўся Ігнат.

— Адвучыцца хутка. Дык, думаю, заслужыла сваім стараннем: перададзім «2-й пяцігодцы», вашаму калгасу, як аднаму з самых аддаленых у раёне, новую мадыфікацыю трактара, 65-ю. Нам адзін такі, дарэчы, выдзелілі, — паведаміў Нікіценка.

— Нечакана, канешне. Але, мабыць, яна заслужыла. Ды і калгасу, што там казаць, трэба трактар. З МТС да нас дабіраліся пазней астатніх, пакуль усім дапамогуць, дык мы і самі абраблялі сяк-так зямлю, а нам жа раней трэба. Неяк не клеілася ў нас з імі, — шчыра прызнаўся Адамчык. І дадаў: — А што да жонкі, вось што кепска: цяпер дома яе не пабачыш. А ў нас жа дзеткі. Двое. Ім маці патрэбна.

— Нічога, справіцеся, дзела маладое. На ўсё знойдзеце час. Пакуль яна вучыцца, бацькі, ведаю, табе памагаюць. Хаця ж колькі гаварыў і Салавейчыку, і Вераб’ю, каб думалі галавой. Як мацяркам, што працуюць, рукі развязаць: дзіцячыя яслі ў Бечыне трэба адкрыць. У вас усё для гэтага ёсць. Выгода ж якая! Тады жанкі не будуць пра дзяцей перажываць на працы — пад доглядам малых пакінуць. І, думаю, гэтую справу табе, браце, трэба будзе таксама браць у свае рукі.

— Як гэта, мне? Я ж брыгадзір толькі... — здзівіўся Ігнат.

— Ну, пачнём з таго, што з заўтрашняга дня ты будзеш намеснікам старшыні калгаса, — Нікіценка глядзеў яму прама ў вочы, вывучаў: не спалохаецца?

— Але ж... — замяў у руках шапку-вушанку Ігнат ад хвалявання.

— Вось так, браце. Райкам партыі рэкамендуе цябе, як актыўнага камсамольца, які паказаў ужо сваю работу, уменне ладзіць з людзьмі, неблагія вынікі па тваёй брыгадзе, у мяне тут і лічбы прыведзены, ды і маладосць — таксама твой козыр, што немалаважна. Быць табе намеснікам... — Нікіценка падышоў да Ігната і моцна папляскаў яго па плячы.

— Пачакайце, але ж я... У мяне і адукацыі мала, і ўвогуле, я ж беспартыйны, у нас, што тут казаць, лепшыя, дастойныя бальшавікі ёсць, — узрушана прамовіў Адамчык і ўстаў, пакінуўшы шапку на стуле. — Гэта ж, Андрэй Мікалаевіч, не брыгадай кіраваць, а фактычна ўсім калгасам, бо, як разумею, Чэркас доўга будзе хварэць.

— Ты сядзі, сядзі, — зноў дакрануўся да яго пляча Нікіценка, сеў насупраць. — Пра Міколу, вось што табе, браце, скажу. Мы хацелі яго цяпер вызваліць. Ведаеш, яго адвезлі да бацькоў у Хвойнішчы.

— Во ж як? А я збіраўся да яго сёння ў бальніцу, — разгубіўся Ігнат.