Выбрать главу

Верка цяпер сама абняла мужа, прашаптала яму на вуха:

— Памажы табе Бог!

— Верка, ты ж камсамолка! Кінь...

— Ніхто мне не даказаў, што Бога няма. І ён нікому не шкодзіць, дурненькі ты мой. — засмяялася яна шчыра і радасна.

— Добра, але больш не згадвай, — Ігнат пяшчотна пацалаваў жонку, сумна сказаў. — Але ж і гэта не ўсе навіны...

— Ведаю: Мірончыка забілі, у вёсцы пахавалі... Страшная смерць. Такая ж, як і маёй сястрычкі. Зінка яго забрала. Сніла яе надоечы, ведаеш. За тое, што Васілька не збярог. Божа, дзе ж ты цяпер, хлопчык мой дарагі?.. — яна раптам заплакала, паклала галаву на плячо мужа.

А мужчына не ведаў, што і сказаць. Унутры ўсё сціснулася: згарэў Ілля, як і яго жонка Зіна — абое нялюдскую смерць прынялі. І ўспомніліся словы загадчыцы фермы Тэклі Мірановіч, якія ён тады, на праўленні, узрушаны смерцю Мірончыка, яго забойствам, нібы і не пачуў. А Тэкля таксама ж нагадала пра Зінку, і пра смерці іх з Іллёй аднолькавыя, нібыта гэта знак нейкі.

Доўга не ведаў, што сказаць, але раптам успомніў:

— Што ж ты, даражэнькая, не хвалішся, што дадому прыедзеш на «Сталінцы-65»!

— Ды няпраўда гэта, прыдумляеш! Хто табе сказаў такое? — Верка не магла даць веры пачутаму.

— Кажу, значыць, ведаю. А сказаў той, хто ведае, — Ігнат прыціснуў яе да сябе і моцна-моцна пацалаваў.

— Як я цябе люблю, — прашаптала яна ў адказ.

Вясна трывог

Частка другая

1

Зацяжную, снежную і ветраную зіму каторы тыдзень змываў надакучлівы і журботны дождж. Вечарам, звычайна, ён рабіў перапынак, і мокрая зямля патроху шэрхла, пакрывалася хрусткай ледзяной скарынкай, а бліжэй да ночы ўжо браўся сапраўдны мароз. Голае жытнёвае поле, якое ледзьве трывала гэтыя перамены надвор’я, удзень чакала цяпла, каб напоўніцца жыццёвай сілай, ды дарэмна — сонца на небе было, але слаба грэла.

Скончыўся сакавік, але час ад часу Палессе засыпала дробным сыпучым бісерам снегу, які праз дзень-другі раставаў пад такім жа сыпкім дажджом. Зіма галалёдзіла і нібыта здзекавалася з палешкоў, якія як ніколі чакалі ратавальніцу-вясну: з першым зялёным калівам цыбулі-зімкі, шчаўя можна акрыяць, дацягнуць да лета.

За першы тыдзень красавіка не толькі нізкія, забалочаныя мясціны, сенажаці, але і высокія лясныя прагаліны, палі і паплавы пакрыліся рудой вадою, якой не было куды сысці. І нават Князь-возера, якое без згоды людзей улады перайменавалі ў Чырвонае і якое палешукі па-ранейшаму звалі як заўсёды, выйшла з берагоў, запоўніўшы сырым і пенным багаццем некалькі вёрст вакол.

Начныя красавіцкія ярасна-калючыя замаразкі затрымлівалі тут, у палескай нізіне, завейніцу, якой даўно пара была сысці, саступіць месца цяплу.

І хоць гэта крыху заспакойвала бечынцаў, ім вельмі надакучыў працяглы, сцюдзёністы, бесперапынны дождж, які штодня заліваў разоры, прагалы, нізіны, ператварыўшы Палессе ў суцэльнае мора. Было такое ўражанне, быццам нехта пракляў гэтую зямлю: такой макрэчы і ў Бечыне, і ў вёсках, што былі вакол Князь-возера, не памяталі нават старажылы.

Па вясне ў палешукоў быў яшчэ адзін клопат: не захварэць. Вада ў калодзежах, асабліва ў нізкіх месцах, псавалася вельмі хутка, станавілася жоўтай, ад яе патыхала балотам. Цяпер надоўга адпачывалі без працы калодзежныя жураўлі: вада ў студнях была ўпоравень з паверхняй зямлі і яе проста набіралі вядром.

Калодзежная вада была вялікім клопатам і вясковай фельчаркі — прыезджай незамужняй жанчыны, Ганны Фядоравай, якая абыходзіла кожны двор, аглядала студні і строга забараняла вяскоўцам піць сырую ваду. Ды не толькі людзям, а нават і жывёле.

Не ведала фельчарка, што да вялікай вады тут прызвычаіліся даўно, і без яе парад у кожнай бечынскай хаце гаспадыні ў вялізных чыгунах кіпяцілі ваду, дабаўлялі туды сухія дзічкі ці зёлкі, а потым давалі яе піць.

У такую красавіцкую пару, пакуль не распусціліся дрэвы, палешукоў так­сама ратавалі кляновік і бярозавік: у кожнай гаспадарцы яго стараліся нарыхтаваць не меней, як дзесяціпудовую бочку, каб можна было піць усё лета. Сок захоўвалі звычайна ў істопках, пілі яго пастаянна, бо лічылася, што нічога лепш як ён не наталяе смагу, асабліва калі добра прыпраўлены дзічкамі.

Так, па сутнасці, паўтаралася кожную вясну, а калі паводка сыходзіла, спадаў узровень вады і ў калодзежах. Тады мужчыны вычэрпвалі яе, вычышчалі калодзежнае дно, калі трэба было, падкопвалі глыбей, і зноў у кожнай студні вада станавілася чыстай, празрыстай, як шкло.

2

Калі надвячоркам крыху распагодзілася, Сцяпан Адамчык прыехаў на калёсах забраць дадому жонку, а старая Агапка з абеду бавілася з унукамі, ён не пазнаў сына: зусім асунуўся хлопец, пачарнеў ад клопатаў.