— Казалі, нібыта, што яму трошкі перапала з раёна, а яшчэ, як на ліха тое, нейкая камісія днямі прыедзе. Упаўнаважаныя па сяўбе. Але што ён, небарака, мог зрабіць у такую макрэчу? Неба абвалілася, лічы... Ды разбяруцца, не бяры, сяброўка, хоць ты да галавы, там не дурні — мы ж працуем. Ужо авёс пасеялі ўвесь, учора закончылі. А цяпер яшчэ хутчэй пойдзе справа — свая трактарыстка ў нас, да мая, як усё добра будзе, адсеемся.
Пачутае ўсхвалявала Верку. Згадала: сон кепскі сёння сніла, нібыта Ігната ўсю ноч шукала і не знаходзіла, а потым з першымі пеўнямі знайшла, усяго ў крыві, аслабелага. І пашкадавала: ох, не ў час ты, Ігнатка, даў згоду на такую работу, ці не лепей было б, як раней, брыгадзірам, а то і проста, як людзі, працаваць.
А бечынцы не бачылі перамен у яе настроі, радаваліся гэтаму дню, як вялікаму святу. Многія ў той дзень зразумелі: іх жыццё, нарэшце, будзе паляпшацца. І толькі адну Верку чамусьці ні на хвіліну не пакідала нейкае трывожнае прадчуванне, хацелася неадкладна пабачыць і абняць мужа. Развітаўшыся з Нюркай і людзьмі, яна завяла трактар і накіравалася ў вёску.
Верка спяшалася хутчэй пабачыць мужа. Яна спачувала яму, перажывала за яго нечаканае старшынёўства. Ёй хутчэй хацелася ўбачыць дзяцей, Ваню і Нінку, яна з горада прывезла гасцінцы: новая пуханцоўская сяброўка Ганна Аліфяровіч купіла яе дзеткам у скупой гандляркі на пасялковым рынку па салодкім пеўніку, а маці — Ваню штонікі, а Нінцы сукеначку.
3
А тым часам у калгаснай канторы вялося следства.
..Яшчэ надосвітку, калі Ігнат Адамчык падпаліў у печы, на парозе яго хаты з’явіўся брыгадзір шостай брыгады Іван Асіпенка. Яму было амаль шэсцьдзясят гадоў, але выглядаў ён значна маладзейшым: падцягнуты, заўсёды ўпэўнены ў сабе, вопытны, з ім Ігнат часам раіўся як са старэйшым таварышам і брыгадзірам. Цяпер перад Адамчыкам стаяў зусім разгублены чалавек, надта ўзрушаны, і, як падалося, вельмі спалоханы, які нават не павітаўся, увайшоўшы ў хату.
Уважліва паглядзеўшы на Асіпенку, Ігнат зразумеў, што здарылася нешта надзвычайнае.
— Сцяпанавіч, бяда. Не даглядзеў я... Забяруць мяне, не міну турмы... — вымавіў Асіпенка.
— Што, канец свету?
— Так, Ігнатка, канец, праўда, канец... Склад брыгадны, лічы, пусты амаль. Многа проса скралі, — брыгадзір быў у роспачы. — Столькі часу было ціха, а тут. не, нашы людзі, нашы людзі не маглі.
— Ну?!.
Асіпенка надта хваляваўся, але пачаў.
— У нас жа, ты ведаеш, у складзе, што за старым садам, проса засталося. Дзве тоны дзвесце пятнаццаць кіло. Ды жыта паўтоны на ўліку засталося. На насенне ж бераглі. Вартаўнік мой, дзед Алесь Макарэвіч, у тры ночы прыбягае, белы, нібы смерць: «Іванка, зладзеі ад балотца, з боку возера прыйшлі, падкапаліся пад склад...» А там, ты ж ведаеш, Ігнат, падлога высокая спецыяльна так зроблена, больш чым на паўметра ад зямлі, ну, каб вясной не замачыла насенне. Дык туды злодзеі ўлезлі, адтуліны ў падлозе прасвідравалі і такім чынам паціху проса незаўважна кралі. Набяруць мех, і з канцамі...
— Але, вартаўнічок... А вы што, у склад даўно заходзілі? Чэркас жа вам яшчэ ў тым месяцы казаў: берагчы, як зрэнку вока, няўжо не заўважылі, што проса меней становіцца.
— Не, не бачыў. Зайду, здаецца, так усё і было. Дык гэта... Пад ранак дзед пачуў нейкі шорах у складзе. Абышоў знадворку, нікога няма. Замкі на месцы. Ціха. Тады схітраваў Макарэвіч: нібы сам сабе буркнуў, але так, каб, калі ёсць хто, пачуў, што яму трэба схадзіць дахаты, бярозавіку глытнуць. І нібыта пайшоў, пакашліваючы ад склада. Але сцішыўся за вуглом, чакаў, што будзе...
— Ну, спаймаў-такі? — нецярпліва дапытваўся Адамчык.
— Чакай... Ужо трохі пасвятлела. Раптам бачыць: нехта ідзе сюды ад саду. Падышоў, агледзеўся. Потым адкінуў голле каля самага склада, укленчыўся, выцягвае з ямы адзін мех, а потым другі. А ў складзе зноў чуваць шорах, затым хрыплаваты голас: «Усё ціха?» Той, што знадворку быў — Алесь разгледзеў яго, худы, высокі, з барадой, — адказаў: «Ціха. Вылазь, Змітро. Пайшоў стары дадому...» Сказаў, падаў руку і дапамог вылезці свайму Змітраку. Калі яны сталі прыкідваць яму голлем, там жа, ведаеш, былы панскі сад, і нядаўна абрэзвалі галіны ды так і пакінулі, ды ўскінулі на плечы мяхі, дзед Алесь, абышоўшы склад з другога боку, наставіў на іх сваю дубальтоўку ды як гаркнуў: «Рукі ўверх! Страляць буду!»