«Я табе, падла старая, падніму!» Не паспеў дзед азірнуцца, як барадаты, нечым, хутчэй за ўсё абрэзам, стукнуў яго па галаве. Макарэвіч як стаяў ля сцяны, так і абвяў. Тыя кінуліся ўцякаць.
— Хоць жывы дзед? — спалохаўся не на жарт Ігнат.
— Жывы. Кажа, галава толькі баліць. Дубальтоўку злодзеі забралі. Ачомаўся сяк-так, да мяне прыцёгся... Пайшлі разам у склад. А там — варонкі добрыя ўжо ва ўсім складзе, многа ж нелюдзі проса скралі. Хто ж гэта толькі такі? Забіць мала... — ледзь не плакаў брыгадзір, чакаючы спагады ад Адамчыка.
А той доўга маўчаў. Нарэшце, прамовіў:
— Пабудзьце, дзядзька, у мяне ў хаце. Печ гарыць, дзеці адны. У кантору збегаю, у міліцыю трэба паведаміць. З гэтым крадзяжом, думаю, не ўсё так проста. Вярнуся, пойдзеце дадому. Як прыедзе міліцыя, з камісіяй пераважце ўсё проса. Акт складзіце, колькі скрадзена. Пра астатняе пасля пагаворым.
Цяпер, калі следчы, а гэта быў знаёмы Ігнату Андрэй Коршак, дапытваў па чарзе то Асіпенку, то старога Макарэвіча і пісаў пратакол, Ігнат думаў, што лоўка ўдумалі злачынцы: па проса хадзілі не раз і не два. Адтуліны ў падлозе свідравалі ў розных месцах, зерне паціху ссыпалася праз іх адразу ў мех. Набраўшы колькі хацелі, затыкалі знізу калком ці анучкай адтуліны. І брыгадзір, хоць і правяраў склад, нічога не мог заўважыць, што таго зерня становіцца меней.
І вось перад ім акт, які склала камісія — проса не хапае роўна 412 кілаграмаў. Адамчык разумеў, што дабром гэта не скончыцца і для яго як намесніка старшыні. Горш за ўсё, калі Коршак дасць справе ход, а ён, зразумела, не мае права ўтаіць праўду, ды і не пойдзе на гэта, і абодвух, брыгадзіра Асіпенку і старога вартаўніка Макарэвіча, асудзяць.
Зараз у Ігнаце змагаліся два чалавекі, якія супрацьпастаўлялі сябе адзін аднаму. Адзін, проста Ігнат Адамчык, такі як і ўсе, звычайны бечынец. Другі — толькі што выбраны намеснік старшыні і часова выконваючы абавязкі старшыні калгаса «2-я пяцігодка». Першы апраўдваў, як мог, сваіх землякоў: якая ж тут іхняя віна? Хто ведаў, што злодзеі прыдумаюць такі хітры спосаб крадзяжу проса, калгаснай маёмасці? Другі спрачаўся з першым: а сеяць як, таварыш намеснік? Дзе ўзяць гэтыя 412 кілаграмаў проса? Гэта ж лепшае насенне. Як засеяць патрэбную плошчу тым, што засталося? Усё на сяўбе запланавана раёнам. Хто дазволіць не выканаць план?
І так усё ідзе няладна з самага першага дня, як ён стаў намеснікам старшыні. Запозненая, мокрая вясна, а цяпер яшчэ і гэтая бяда. Хай бы тая камісія, калі на тое, яго вызваліла ад гэтага намесніцтва: не спраўляецца ж ён, кожны скажа! Не атрымліваецца ў яго кіраваць. Вось і гэты крадзеж, нібы спецыяльна ўсё зроблена, каб яго аддалі пад суд, так хітра спланавана. А вынік адзін: прагледзеў брыгадзір, прагледзеў і ён, Ігнат Адамчык — хто там будзе асабліва разбірацца, што ён ніколі і не быў на тым складзе, бо гэта далёкая шостая брыгада? Спытаюць, а як жа: чаму ж за гэтыя колькі тыдняў, як кіруеш калгасам, не дапяўся туды? Значыць, вінаваты! Ат, ён адкажа за ўсё: галоўнае зараз, каб не пацярпелі людзі.
4
— Дык, кажаце, барадаты высокі мужык, укленчыў перад ямкай, называў імя таго, хто быў у складзе? Вы добра чулі? — Коршак уважліва ўглядаўся Макарэвічу ў твар.
— Так, Змітром ці Зміцерам яго назваў. Не прыдумаў, вось табе хрэст, сынку... — рукі ў старога дзеда Алеся трэсліся, а лоб узмакрэў.
— А раней вы нічога не западозрылі, калі аглядалі склад, тэрыторыю вакол яго? Чаму не заўважылі, што тут з’явілася галлё, і пад ім нехта зрабіў падкоп?
Следчы, адчувалася, стаміўся весці гэты нудны допыт, але ў яго не было выйсця: яму, зразумела, трэба ведаць усё да дробязей, ад іх, як падказвае яго пакуль хоць і невялікая следчая практыка, залежыць многае, калі не ўсё. Хаця карціна здарэння Коршаку збольшага была яснай: сам бачыў той падкоп, добра замаскіраваны і закіданы галлём: не заўважыш ніколі.
— Ды яшчэ мінулай зімой сад абрэзвалі. Голля было шмат. А сюды, бліжэй да склада, звезлі, каб трохі прасохла, а потым думалі ўсё перавезці да лагчыны і там спаліць. Ды забыліся, мабыць, іншая работа з’явілася, — даводзіў стары, амаль тымі ж словамі, што да гэтага і брыгадзір Іван Асіпенка.
— Так, дзед... — запісаў яго апошнія словы ў пратаколе Коршак, і працягнуў старому паперку. — Тут вось, распішыся.
— Дык я гэто, сынку, няграматны, — спалохаўся вартаўнік.
— Ну, крыжык пастаў, калі не ўмееш. Трэба так... уласнаручна, — следчы тыцнуў пальцам у паперу, дзе Макарэвіч павінен быў распісацца.