Выбрать главу

Як толькі дрыготкімі рукамі дзед, нарэшце, паставіў крыжык, Коршак цяжка ўздыхнуў і схаваў паперкі ў скураны паношаны цёмна-карычневы планшэт, які заўсёды вазіў з сабою. Гэты планшэт надаваў яму выгляд начальніка, адказнага чалавека.

Следчы падумаў з хвіліну, а потым суха прамовіў:

— Пакуль так. Можаце з брыгадзірам вяртацца дадому.

— Дзякуй, дзеткі. Хай вам Бог здароўечка прыбаўляе, — узрадаваўся дзед, і, усхапіўшыся, падаўся да дзвярэй.

— І табе, стары, не хвараць, — праводзячы вачыма старога, сумна прамовіў Коршак. — Хаця ж, наўрад ці выжывеш ты, дзед, у турме.

Гэтыя яго словы, зачыніўшы за сабою дзверы, стары ўжо не пачуў. А Ігнат ажно падскочыў з табурэткі, чым спалохаў Коршака.

— Вы што? Збіраецеся іх арыштаваць? — сказаў Ігнат. — Я хоць тут новы кіраўнік, але, думаю, гэта няправільна.

— Вось як, таварыш Адамчык? Кажаце, няправільна?! — Коршак здзівіўся такой нечаканай заяве намесніка старшыні, свайго амаль равесніка. — Вы — партыйны?

— Пакуль не... Але ў камсамоле даўно. Але ж да чаго гэта? — здзівіўся Ігнат.

— Не ўсё, бачу, разумееце, што на самай справе адбываецца... Ды раней за кілаграм збожжа — да сценкі. А тут такая безадказнасць — 412 кілаграмаў скрадзена. Гэта ж падрыў калгаснага будаўніцтва. За гэта можа быць і вышэйшая мера. Наш народ яшчэ ўволю не наеўся, і арцельныя вашы таксама многія галадаюць. Больш чым перакананы: з-за ўласнай нядбайнасці, злоснага невыканання ўскладзеных на іх абавязкаў, Асіпенка і Макарэвіч пасобнічалі злодзеям. Ды не проста злодзеям, а класавым ворагам нашага народа, якіх цяпер не каму-небудзь, а міліцыі трэба лавіць. Вобыскі будзем рабіць ва ўсіх хатах, на хутарах, хаця яны не дурні, схрон, відаць, маюць някепскі. Думаю, праз дзень-другі брыгадзіра і вартаўніка забяром.

Следчага пераканаць было цяжка. Але Ігнат быў катэгарычна не згодны з ім, заступаўся за сваіх арцельных.

— Пачакайце, але ж хіба яны... скралі? Яны сведкі. Не больш таго. Ды не паверу, што нехта з нашых, калгаснікаў, краў тое проса. А калі гэта тыя бандзюкі, што з Котласа ўцяклі? Я ж чуў усё... Казаў вартаўнік: Змітро, дык Зміцер, Аскерка. Ці вам пра гэтага гада не вядома? У нас тут пагалоска ідзе, што і Мірончыка гэты гад з сябрукамі звёў.

5

Адамчык не знаходзіў сабе месца, узрушаны хадзіў па пакоі. Ён лічыў несправядлівым, калі асудзяць вартаўніка і брыгадзіра — так, вінаватыя, але ж не настолькі, каб іх забіраць у турму.

— А калі знайсці спосаб, каб яны не пацярпелі... занадта? У Асіпенкі шасцёра дзяцей. Старэйшы таксама ў калгасе працуе, бацьку хоць сёння можа замяніць як брыгадзір, толькі нядаўна ажаніўся, дзіця будзе, а малодшаму ўсяго дзесяць гадоў. А стары Макарэвіч, што з яго возьмеш, ён жа ў турме, сапраўды памрэ, — казаў Ігнат Коршаку.

— Што сказаць, Ігнат... Можна проста, без фармальнасцяў? На ты. Мы ж амаль пагодкі, — прагаварыў следчы. — Не я тут вырашаю. Зразумей. Нада мной ёсць каму прымаць такія рашэнні. Толькі шчыра, па-чалавечы, скажу табе: мне іх таксама шкада. Але ўпэўнены: усё будзе расцэнена як шкодніцтва. І нічога іх, павер, не выратуе.

— Нават, калі ўся арцель падпішацца, самому Сталіну ліст адправім? — ужо ціха сказаў Адамчык, дапытліва гледзячы ў вочы Коршаку.

— Ну, як табе сказаць... Можа, якая карысць ад гэтага і будзе, хаця... Вялікая страта, урон, яшчэ раз кажу, а яны, як ні круці, не даглядзелі. У трыццаць сёмым — не за 25 пудоў, за пуд, за кіло жыта, за тры каласкі да сценкі ставілі, што мне табе казаць, ведаеш. Глядзі, каб і па табе яшчэ не прайшліся. Могуць зняць, а могуць і пасадзіць.

— Ды я за пасаду і не трымаюся надта. А пасадзіць за што? Я ж і меся­ца не пакіраваў, і на табе — нарабіўся. То залівала ўсё — неба як абвалілася — нікуды не ўзлезці, са спазненнем работу распачалі, то. Словам, гвалт такі паднялі ў раёне, што нібыта іду супраць палітыкі партыі. А ты ўлезь на поле, якое яно ў нас. Балота! Добра, што ўсё ж хоць і не хутка, падсушыла, сышла вада. Ды што там? Усё адно! Днямі ўпаўнаважаныя будуць, камісія. Мо і вызваляць. То няхай бы ўжо хутчэй. Тады ў брыгаду назад, калі не туды. Хаця, як будзе, так і будзе.— Ігнат вярнуўся за свой рабочы стол, дастаў папяросу і нервова закурыў. Пасля яшчэ раз пакратаў ненавісны акт аб недастачы. — Неяк жа будзе?

— Цябе, усё ж, думаю, пакуль не зачэпяць, — Коршаку напорысты намеснік старшыні яўна падабаўся. Ён падсунуў табурэт да стала, за якім стаяў Ада­мчык і разгублена перачытваў дакумент, і нечакана падтрымаў, чым вельмі здзівіў Ігната. — Нікіценка цябе, чуў, хваліць. Тэмпы ж падраслі, іншых даганяеш. Хто ж не ведае, што Бечын на прыбалатках стаіць, у нізіне? Тут заўсёды вада. Нікуды не дзенешся. Так што не бойся, таварыш, спі спакойна.