Выбрать главу

Коршак усміхнуўся, сустрэўшыся са здзіўленым позіркам Ігната.

— План пасеваў, канешне, не паменшаць. З просам трэба неяк, браце, выкручвацца. З раёна цяпер не дадуць, — у голасе Коршака гучала спачуванне.

— Ды вось, каб на яго ліха, кручу ў руках гэты акт, калі раскінуць на арцельных, то па кілаграме з хвосцікам на сям’ю выходзіць, — быццам не столькі Коршаку, колькі сабе прамовіў Ігнат. — А на працадні восенню давалі не больш як пуд на работніка. Думаю, людзі зразумеюць, калі іх прасіць, можа, і збяром насенне. А калі зрабіць гэтак, слухай... Стары і Асіпенка напішуць заявы, што яны здаюць у калгас страчанае па іх віне. Гэта выратуе іх?

— Малайчына, вось што скажу. Любіш ты людзей, — следчы крыху падумаў, а потым сказаў: — Думаю, гэта дапаможа. Але ад суда іх наўрад адвядзеш. Хаця ўсё можа быць. І будзе паслабленне. Г авары з людзьмі. Хто ведае, як потым усё павернецца?

Нечакана з вуліцы пачуўся шум матора трактара. Ігнат кінуўся да акна. Туды ж падышоў і следчы.

— Ну, во. Празяваў! Мая Верка прыехала, — прамовіў Ігнат.

— Ого! Я і не ведаў, што твая жонка — трактарыстка, — усміхнуся Кор­шак. І раптам замаўчаў, нешта ўспамінаў. — Чакай, дык я ж памятаю яе. Гэта ж у вас, у трыццаць другім, здаецца, забралі пасынка Іллі Мірончыка, дзіця сястры тваёй жонкі? Гэта сястра згарэла, разам з тым бандытам Лейбам?

— Прапала дзіця. Верка каторы год не можа супакоіцца, ніяк не даруе Іллі, што ён слова, якое даў, не стрымаў.

Гэта здарылася нібыта ўчора, хоць прайшло ўжо шмат гадоў. І Коршак узгадаў усё. Ніколі яму не забыць збалелыя вочы Ігнатавай жонкі, якая, бяссільная і хворая, аддавала следчаму Лазоўскаму самае дарогое, што засталося ў яе ад сястры-нябожчыцы — яе сына. Не забыць, як горка плакала ў закутку старая жанчына і не хавалі слёз нават мужчыны — стары і малады Адамчыкі.

На ўсё жыццё ён запомніў тую віхурна-заснежаную дарогу з Бечына ў раён, калі побач з ім сутаргава ў плачы заходзілася дзіця, не разумеючы, навошта і куды вязуць яго ў возе гэтыя чужыя людзі... Балела ад гэтага плачу ў Коршака сэрца, бо ён, міліцыянер, нічым не мог яму дапамагчы. Коршак выдатна разумеў, што Калатовіч, начальнік міліцыі, не стрымаў слова, якое даў Мірончыку, сказаўшы, што дзіця ягонай жонкі-нябожчыцы Зіны застанецца з цёткай. Але што з таго разумення?!.

Прыехаўшы ў міткавіцкую міліцыю, два канвойныя адразу павялі Рыгора Расевіча на допыт, а следчы Лазоўскі загадаў Коршаку, каб той да асобага распараджэння пабыў у калідоры з сынам раскулачанага кулака і бандыта.

Тут, у будынку міліцыі, хлопчык спуджана паглядаў на людзей у міліцэйскай форме, і толькі цяпер крыху супакоіўся. І вось з’явіўся Калатовіч, выйшаў да іх у калідор са свайго кабінета.

— Гэта сын бандыта Лейбы? — прамовіў ён, паглядаючы на дзіця. Збялелы Калатовічаў твар палохаў і малога, і Коршака, а яркая, нібы кроў, падобная на курынае яйка пляма на шыі, якая, нібы адкрытая рана, і, здавалася, восьвось пырсне яму, радавому міліцыянеру Коршаку, чорнаю крывёю ў твар, ажно прымусіла Коршака затрэсціся. — Далажыце, як прайшло ў Адамчыкаў?

— Мірна. Праўда, не без слёз. Яны спадзяюцца, што дзіця ім вернуць, хіба яно за такога бацьку павінна пацярпець? І Мірончык. — хвалюючыся, сцішаным голасам паведаміў Коршак, які баяўся начальніка міліцыі, як агню.

— Гэта не ваш з Мірончыкам клопат. Малога пакіньце ў дзяржурнага, за ім хутка прыйдуць. Дзякую за паспяховае выкананне задання! — сказаў Калатовіч, вочы якога бліснулі злосцю, а ў той самы час вусны ўсміхнуліся.

— Служу працоўнаму народу!

Коршак успомніў злыдня-Калатовіча, Расевіча і Мірончыкавага пасынка, і яму стала не па сабе — даўні ўспамін зусім зблытаў яго думкі. І, хоць разумеў, што гэта не па-бальшавіцку, ён усё ж па-чалавечы шкадаваў Мірончыка і сястру яго жонкі-нябожчыцы, Верку Адамчыкаву. Але ж ён і сам мог застацца на службе тады, калі толькі выканае загад: злавіўшы хлопца з Бярэзнага і прывезці дзіця кулака.

— Ігнат, павер, не ён, Ілля Сідаравіч, прымаў тое рашэнне. Ад яго гэта не залежала. Гэта Калатовіч, на яго сумленні. Хай не думае пра Мірончыка кепска, скажы так жонцы. Ілля сапраўдны бальшавік быў. А ў вас свае дзеці ёсць?

— Двое. Сыну сем, дачцэ чатыры, — сказаў Адамчык і пільна глядзеў на вуліцу, чакаючы, калі трактар наблізіцца да канторы, каб пайсці сустрэць сваю Верку.

Ён не здагадваўся, пра што думаў у гэты час следчы. А Коршак ад сваіх нечаканых успамінаў нават пачырванеў. Ён думаў якраз пра хлопца, уцекача, Рыгора Расевіча, які двойчы, так сталася, змог збегчы ад яго. Апошні раз