Андрэй Коршак згараў ад сораму: так абхітрыў яго Расевіч, хаця гэтага ніхто не бачыў...
Калі яны з Мірончыкам прыйшлі ў Грабаўцы і зайшлі ў хату цёткі Рыгора Расевіча, яшчэ з парога агледзеўшы яе, зразумелі, што тут нікога чужога няма. У хаце без перагародак басанож на халоднай падлозе ў палатнянай сарочцы перад імі стаяла разгубленая, яшчэ маладая, але вельмі худая жанчына, у яе вачах застыў страх. На прыпечку зырка гарэла лучына, а з печы, на іх, чужых, спалохана ўтаропіліся паўсонныя пяцёра дзецей.
— Цётка, прызнавайся, дзе хаваеш Расевіча? Пляменнікам жа даводзіцца. — Коршак з парога вырашыў адразу «ўзяць быка за рогі».
Толькі тая і вокам не павяла, але пачала хвалявацца, калі Мірончык заўважыў, што насечанай лучыны ля коміна было многа нарыхтавана.
Коршака вельмі ўзрушыла, калі жанчына нечакана загаласіла, а за ёю на печы, спалохаўшыся яе завыванняў, зарумзалі дзеці, і ўжо асабліва ўразіла, калі раптам каля маці з’явіўся хлопчык гадоў дзесяці і што было сілы са злосцю закрычаў на дорослых:
— Няма ў нас нікога і не было ніколі, як татка памёр! Ідзіце адсюль, пакіньце мамку і нас, дзядзькі!..
Арлуха, так, здаецца, звалі тую жанчыну, далёкую радню Расевічаў, як пачала нечакана галасіць, так нечакана і супакоілася, прыхіліўшы, відаць, старэйшага сына да сябе, ціха сказала: «Ціхенька, сыночак, дзядзькі і так бачаць, што ў нас нікога нямашака. Супакойся, дурненькі!..»
Чужым у гэтай беднай хацінцы нічога не заставалася, як пайсці прэч. Толькі Коршак у той момант не мог зразумець, чаму Мірончык ажно кіпеў ад злосці на яго. На вуліцы, дзе іх чакала суровая цемра, Мірончык шэптам загадаў Коршаку:
— У абход! За хату давай — баба не так сабе галасіла. Істопка! Расевіч, думаю, там!.. Я нараблю шуму ў дрывотні, калі што — ён пабяжыць за хату. Там жа ты яго, хлопча, бяры, ты ж — з вінтоўкай.
Коршак, нарэшце, скеміў, што задумаў кульгавы старшыня сельсавета, у думках пагадзіўся з ім, мо і сапраўды яго знаёмец-крыўдзіцель тут хаваецца. Аднак так сталася, што злосці на Расевіча, амаль равесніка, не было, у глыбіні душы юны Коршак і ворагам яго не лічыў: мог жа той яго забіць, калі намерыўся ўцячы з-пад варты, але — не забіў. Ды і калі раскулачвалі Расевіч ніякага ж супраціўлення не аказваў, не забіў нікога і няма за ім іншай віны, большай за тую, што ўцёк. Вось бацька яго — то праўда, страляў у міліцыянера, ну а ён — які ж вораг? Але ж быў загад. І Коршак павінен яго выканаць.
І цяпер, каб спаймаць Расевіча, ён, стомлены і намерзлы, вымушаны гібець на сіверным ветры, прабірацца праз намеценую гурбу снегу. І раптам, як толькі Коршак узлез на коўзкую ніжнюю жэрдку, сутыкнуўся з ім, Рыгорам Расевічам, тварам у твар і адразу ж адчуў моцны ўдар кулаком у плячо, не ўтрымаўся, і з крыкам «Стой, бандзюк, стой!..» спінай кульнуўся ў снег, выпусціўшы з рук вінтоўку: яе прыклад балюча ўдарыў па пераносіцы.
Коршак не сцярпеў, застагнаў ад вострага болю, які працяў не толькі твар, а, здаецца, усё цела, і адразу ж з носа хлынула ліпкая кроў.
Мацюкнуўшыся, праклінаючы ненавісную зіму, а таксама, што яму чарговы раз не шанцуе, ён хутка ўсхапіўся на ногі, намацаў у снезе вінтоўку і ўсляпую двойчы стрэліў у бок лесу. Позна! Расевіча і след прастыў.
Праз хвіліну, калі вылез з агародчыка, здагадаўся, што Мірончык моцна злаваўся на яго, і разумеў, што ў таго на тое права: няма яму, Коршаку, апраўдання, выпусціў, лічы, на вачах злачынцу. У роспачы толькі змог выціснуць з сябе, выціраючы снегам кроў, выдаючы жадаемае за праўду:
— Во, паслізнуўся, калі пералазіў плот, ды — носам. Чорт, падалося, што нехта нібыта шыбануў да лесу. Але то, відаць, сабака ці воўк. Дарэмна патроны патраціў толькі.
Так, нібы гэта было ўчора: гарэла агнём перабітая пераносіца, і так страшэнна балела, што Коршак, здавалася, ад сораму не мог трываць гэты боль. У тое ж імгненне зразумеў: калі Мірончык раскажа Калатовічу, як усё было на самай справе, яго, Коршака, у міліцыі не пакінуць, лёс яго будзе не зайздросны — гэта ў самым лепшым выпадку. Калі ж не затрымаюць сына кулака, дык будзе яшчэ горш. Значна горш.
І толькі нябожчык Мірончык, той немалады і кульгавы чалавек, ведаў пра тое, як было.
Памятаў Коршак і тую шчаслівую для іх абодвух ноч у бечынскім сельсавеце, калі Расевіч здаўся. Сам прыйшоў. А потым, аднойчы ў турме, хутаранец адкрыў Коршаку, свайму крыўдзіцелю, таямніцу: яму, Расевічу, не страшна нават памерці. Ён моцна кахаў адну бедную дзяўчыну, але яго бацька вырашыў па-свойму: ажаніў на багатай ды нялюбай Ядзі Скрыпачовай. Нягледзячы на тое, што няшчасны той шлюб быў, Бог даў ім працяг на зямлі: дачушку. Калі ж на хутар прыйшлі чужыя людзі, каб раскулачыць Расевічаў, Рыгор намерыўся пайсці супраць бацькі, змяніць сваё жыццё, і сышоў прама з сенажаці, дзе начаваў, на далёкі хутар да каханай. Ад яе і пачуў, што дома ў Расевічаў — бяда: поўны двор міліцыі і сельсаветчыкаў, дабро апісваюць, у яго Ядзі ад спалоху роды пачаліся, а яго, як бандыта, шукаюць.