Выбрать главу

Рыгор не хаваў ад Коршака: не ведаў тады, што яму рабіць, але хацеў аднаго — хутчэй быць дома, са сваімі. Прыбег да хутара, узабраўся на сасну, дзе яшчэ малым часам хаваўся ад бацькавай папругі, і сачыў за несправядлівасцю, якая чынілася на іх двары. Бачыў, як Ілля Мірончык з Салавейчыкам забівалі дошкамі адрыну і пуню — яны тут былі цяпер гаспадарамі, як каля парога спалохана стаялі дзеці, як плакала сястра Ганька, якую некалі кахаў Ігнат Адамчык, як галасіла ў хаце маці, выйшаўшы з яе з абразом і невялікім хатульком, як пасля за адрынай жонка Ядзя накінула пятлю на шыю.

Седзячы на сасне, ён што было сілы закрычаў, каб Ядзя не рабіла самагубства, і гэтым самым выкрыў сябе: у яго стрэліў адразу ж малады Емяльянчык, міліцыянер з Бечына, а пасля Коршак ахоўваў яго.

Так, Расевіч верыў, што выжыла і недзе ў Сібіры расце іхняя, яго і нялюбай жонкі, дачка: Ядзя ж па сваёй волі пайшла з жыцця, не пажадаўшы з’язджаць у чужы свет. А тут, у Бечыне, казаў тады Рыгор, застанецца ў яго сын. Ды толькі Расевіч не адкрыўся, хто маці дзіцяці, толькі сказаў, што маці сына — яго сапраўднае каханне, яго шчасце, якому не далі разгарэцца.

Цяпер, стоячы побач з Ігнатам Адамчыкам, супаставіўшы факты, Андрэй Коршак зразумеў для сябе многае.

6

У той жа дзень надвячоркам Ігнат Адамчык сабраў у клубе сход. Спачатку ён расказаў калгаснікам пра бягучыя задачы, пастаўленыя перад імі партыяй і дзяржавай, і як яны ў «2-й пяцігодцы» будуць завяршаць сёлетнюю няпростую і запозненую сяўбу. Пра камісію, якую абяцалі прыслаць з раёна, ён прамаўчаў. Пасля расказаў аб тым, што бяда ў шостай брыгадзе: укралі проса і тым самым нанеслі ўбытак арцелі.

На сходзе вінавата выглядалі Іван Асіпенка і стары Макарэвіч. Ігнат зараней папрасіў іх, каб узялі слова і распавялі калгаснікам, як усё здарылася. Тыя так і зрабілі, а потым павініліся, прызналі сваю віну, што не дагледзелі. І папрасіліся: хто колькі можа, дапамагчы сабраць 25 пудоў проса, каб вярнуць гаспадарцы, бо калі не адсеюцца на запланаваных плошчах, будзе вельмі кепска і ім, і калгасу.

Рашэння аднак сход не прымаў ніякага. Толькі Ігнат Адамчык і Іван Вера­бей сказалі людзям: няхай кожны зробіць так, як лічыць. Па сумленні. А каб абараніць сваіх землякоў, напісалі некалькі пісьмаў, іх падпісалі ўсе калгаснікі. На тым і скончылася. А назаўтра кладаўшчыца Ніна Пракопчык забегла ў кантору ў добрым настроі: прыняла ад бечынцаў 412 кілаграм проса, пры чым радня брыгадзіра і вартаўніка сабрала больш за 2 пуды. Так што можна сеяць...

Пра гэта Адамчык неадкладна далажыў Нікіценку і ў міліцыю: насенне на месцы, пакрылі недастачу. Людзі дапамагалі Асіпенку і Мікарэвічу, з дому прынеслі, лічы, апошняе. Аднак хутка бечынцы даведаліся, што дарэмна стараліся: надвячоркам абодвух арыштавалі і павезлі ў раён.

7

Стомленая за дзень Нюрка, вяртаючыся з поля, прыдумала, чым вечарам накорміць сваіх траіх дзяцей. Раніцай яна напякла бліноў, а ў абед яны пахлябалі пустую куццю, якую паставіла на дзень у печ. Ясна, умалолі той гаршчочак і не аблізнуліся нават.

У жанчыны моцна балелі натруджаныя рукі, і ў яе зусім не было сілы, а тут яшчэ клопат: што прыгатаваць, каб накарміць вечарам вялікую сям’ю? Ранкам яна адправіла свайго Аўдзейчыка здаць на склад апошняе проса, і ў куфары, дзе захоўвала, як і нябожчыца-маці, увесь свой скарб, цяпер і мышы няма чым пажывіцца. Дзякаваць богу, бульба ўрадзіла на агародзе каля хаты, гэта і было адзіным ратаваннем.

Калі яна прыйшла дахаты, заўважыла на стале збанок з кіслым малаком. Спытала ў дзяцей, адкуль ён тут з’явіўся. Аказалася, Верка пастаралася: яшчэ раніцай прынёс яе Ванька. Дзеці цэлы дзень паглядалі на збанок, але не дакрануліся, чакалі маці.

Удзячная сяброўцы, Нюрка прыдумала-такі: кінула ў печ некалькі паленцаў, а потым у прысаку напякла бульбы ў мундзірах. Смачны яе пах казытаў у носе малым дзецям. Але яны сядзелі ціха і мірна за сталом — слухалі старэйшага брата.

Андрэйку, першынцу Аўдзейчыкаў, споўнілася восем гадоў, ён хадзіў у бечынскую школу і ўжо навучыўся чытаць па складах. Ён сядзеў за сталом і нягучна чытаў раённую газету «Прымежны комунар».

Нюрка была занята сваім клопатам, але калі сын прачытаў загаловак кароткай заметкі, што была ўнізе першай старонкі: «Хітры крадзеж у арцелі «2-я пяцігодка» схамянулася, папрасіла сына чытаць гучней.