Выбрать главу

Аднак, аказалася, часова. Андрон не змог пазбавіцца заганы, піў, канешне, не так, як раней, але не цураўся гэтага атрутнага зелля, калі выпадала, ніколі не адмаўляўся зарабіць у людзей пляшку самагонкі. Ён так і не ажаніўся, халасцякаваў, жыў у бацькавай хаце. Аўдзейчык усё ж шкадаваў суседа-сябрука. Ён дамовіўся з Чэркасам і прыстроіў мінулым летам Андрона сваім памочнікам на канюшні: «Каб на вачах быў, пры дзеле, а то прападзе!..» Ад той пары строга кантраляваў, каб Супчык чаго благога не выкінуў і зноў не запіў. Андрон доўга трымаўся. Рабіў, як трэба. Так было да сённяшняга дня. Пасля абеду, калі калгаснікі з канюшні выкідвалі гной, вазілі яго на Дзікае Поле, ён раптоўна знік апоўдні.

Вечарам Мікола адзін прымаў коней і вупраж, карміў і паіў. Ён злаваўся на сябра, які так знянацку сышоў і ўсю работу зваліў на яго, нават сена і саломы не наклаў нанач у яслі.

Калі Мікола справіўся з ўсёй работай сам, ужо прыцемкам нарэшце ў канюшні з’явіўся Андрон. Ён быў моцна п’яны і ледзьве стаяў на нагах.

Міколу, справядлівага па натуры, ажно затрэсла ад злосці. Ён не стрымаўся, схапіў Андрона за каўнер і павалок з канюшні. Андрон супраціўляўся, размахваў рукамі, і тады Аўдзейчык моцна ўдарыў яго. Праўда, сілы не разлічыў, кулак слізгануў з пляча па сківіцы Супчыку, той не ўтрымаўся на нагах і расцягнуўся пасярод канюшні.

— Ты гэта што, паскуда? Ды я ж табе, гад ты вашывы... — Андрон застагнаў ад рэзкага болю. Не маючы сілы падняцца, ён праклінаў Аўдзейчыка. — Каб ты здох, поскудзь. За што так, гад, га... Няма ў цябе Хрыста, няма, няма. Можа, гора ў чалавека, а ты — біцца...

— У цябе адно гора — сплюнуўшы ўбок, злосна прамовіў Мікола. І ўсё ж дапамог таму падняцца на ногі, працягнуў руку. — Каб нагі тваёй сёння тут не было, чуеш! Папярэджваў — зап’еш, не паказвайся на вочы. Не люблю, уразумеў!

Андрон хістаўся, учапіўся за драбіну, і па-ранейшаму злосна сыпаў нядобрымі словамі:

— Паганы ты чалавек, ой, паганы. А я думаў — брата маю... Дзе ж падзеўся мой брат, той Мікола? Той самы Міколка... Ветрам здзьмула, як падмянілі. Але Андрон такі здзек над сабой не даруе... Ні ў жысць! Анд­рон Супчык — папомніш яшчэ, з табой, паскуда, разбярэцца. Хутка за ўсё разбярэцца... Ёсць каму цяпер за яго добрае слова сказаць. Будуць тутака перамены, тады мая возьме. Пабачыш хутка, як кіла, завішчыш... — хістаючыся, Андрон зачапіўся за вупраж, і зноў упаў, ды няўдала, моцна падвярнуўшы нагу.

Аўдзейчык не звяртаў на п’янага ўвагі, супакоіўся. Нетаропка зачыніў за сабой станок, дзе стаяў яго любімчык, жарэбчык Матыль, знадворку паставіў вілы, а потым накіраваўся да Супчыка. Зноў дапамог таму ўстаць і вывеў з канюшні.

— Ідзі, праспіся! Палохае тут яшчэ. Палоханы ўжо, — на развітанне сказаў ён Супчыку, і пайшоў зачыняць канюшню на замок.

Андрон не здаваўся, закрычаў злосна яму ўслед:

— Ты думаеш, бацькаўшчына тут твая? Прапісаўся тут, у канюшні, навечна? Прахам усе пойдзе, знай, дымам... На цябе таксама ёсць управа, і на жончынай сяброўкі мужа, каб ты знаў. На ўсіх цяперака ёсцека ўправа!

— Што ты вярзеш, дурань? Ідзі, праспіся, п’янчуга... — Мікола не слухаў пустабрэха, зачыніў дзверы ў канюшню і навесіў замок.

— А сам п’яны не быў? Кароткая ў цябе памяць, Міколка! Жончына спадніца засціла табе ўсё... Папомніш, Андрон на вецер словы не кідае... Хутка папомніш...

Дома Нюрка адразу зразумела, што Мікола не ў гуморы. Прыгатавала мужу памыцца і села побач вячэраць. Як ні хацеў, а перад жонкай Аўдзейчык быў бязвольны (з гэтым ён згодны з Андронам), расказаў пра п’янага дурня: гразіўся нават паскардзіцца Адамчыку.

Жонка не здзівілася, толькі адказала:

— Папярэджвала: не трэба табе такі памочнік, і Ігнат тады цябе адгаворваў, быў супраць.