Выбрать главу

— Антон Сцяпанавіч, вы зноў пра тое ж, пра што восенню казалі? Не, — заківаў галавой Ігнат, быццам па той справе рашэнне прынята раз і беспаваротна.

— Не гарачыся. Не буду хаваць ад цябе, Ігнат Сцяпанавіч, час, канешне, нялёгкі. Поскудзі сярод людзей яшчэ шмат. І тых, хто нам шкодзіць новую дзяржаву, новае жыццё будаваць. Таму партыя робіць стаўку на правераных людзей. На тых, за кім народ пойдзе, каму давярае. Дык вось. Я ўсё ж не прыняў твае довады і рэкамендаваў цябе днямі на бюро райкама партыі. Ты, як мне бачыцца, гатовы кіраўнік. А нам трэба з рук вон намеснік старшыні калгаса. Чэркасу трэба добры памочнік.

— Дык у мяне ж толькі два класы, які з мяне... — расчырванеўся Ігнат.

— Не перабівай, малойча, старэйшага, а слухай. Падвучышся, у Мазыр, у вобласць паедзеш, у Чэркаса што падгледзіш. Ён хоць і чужы ў Бечыне, але людзі яго прынялі. Толькі вось хворы ён. Не схаваю: кепская тая хвароба.

— Дык падлячылі ж, здэцца, вяртаецца.

— Ну, можа, і мінецца. Але ж справу трэба рабіць. Таму днямі паедзем у раён. Спачатку да нашага Іллі Мірончыка зойдзем, ён цябе добра ведае. Падтрымае. А потым у райкам, да першага сакратара Нікіценкі. Як усё будзе добра, будзем цябе рэкамендаваць і ў партыю.

Не развітваючыся, ён павярнуўся і пайшоў да печы. А Ігнат, успацелы ад такой нечаканай гаворкі з сакратаром парт’ячэйкі, не ведаў, што яму цяпер рабіць. Выскачыўшы з душнай хаты Вераб’я на сонца, а яно, яркае, сакавіцкае, аж асляпіла вочы, падумаў: не, усё ж трэба адмаўляцца, што б яму там ні гаварылі. Не трэба брацца за тое, што не яго, не можа ён падвесці людзей. Гэта была яго пазіцыя, і адмаўляцца ад яе не будзе.

Дома, як аказалася, з самага рання гаспадарыла маці. Яна выпаліла ў печы, накарміла блінамі ўнукаў. У напаленай печы нагрэла чыгун вады, і каля прыпечка ў драўлянай балейцы вымыла спачатку ўнука, а потым і маленькую Нінку, і цяпер дзеці пасопвалі на печы. Агапка тым часам не заспакоілася: у цёплай вадзе перамыла ўсю брудную дзіцячую вопратку і сарочкі сына.

Калі Ігнат увайшоў у хату, удыхнуў прыемны пах свежавымытай падлогі, пабачыў развешаную перад прыпечкам чыстую бялізну, ён з удзячнасцю падумаў пра маці. Яна ў яго, нібы святая з іконы. Добрая да Веркі, прыняла яе як дачку, хаця ж ведала, якое гора звяло пад адным дахам гэтую сірату-гаротніцу і яе сына. І Ваньку палюбіла так, як сваё дзіця, роднае, можа, песціла свавольніка нават больш, чым родную ўнучку, маленькую Ніначку.

Сын, канешне, вельмі паважаў маці, але ж даў ёй даўно зразумець: яго сям’я — яго клопат. За падтрымку дзякуй, за клопат бацькоўскі, а ў астатнім, мы, маладыя, неяк самі разбяромся. І ад таго ў бацькоўскім доме, і тут, у хаце, якую Ігнат збудаваў разам з жонкай, не было сварак, сем’і жылі дружна, але кожная сваім розумам. Старыя і праўда ніколі не лезлі са сваім, хаця заўсёды адгукаліся, калі трэба было падтрымаць дзяцей і ўнукаў.

Ігнат разуўся, ціха паклаў валёнкі перад печчу, каб крыху прасохлі. Не хацеў будзіць старую, нацягалася з раніцы і дома, і ў сына нарабілася. Зазірнуўшы на печ, дзе соладка спалі яго дзеці, з застылай усмешкай на твары падаўся ў чыстую палову. Да праўлення было яшчэ гадзіны дзве, каб адпачыць трохі самаму. Хаця заплюшчыць вочы так і не ўдалося: з галавы не выходзіла сказанае Вераб’ём.

Цяпер Ігнат ужо вагаўся, не ведаючы, ці правільна зробіць, калі адмовіцца. А людзі ж, мабыць, усё ж спадзяюцца на яго, брыгадзіра лепшай брыгады? Ці мае права ён настойваць на сваім? Ці справяцца ў такі адказны час яны з Веркай з сямейнымі справамі, калі ён стане намеснікам старшыні? Гэта ж такі клопат. Ды і ў жонкі будзе нямала клопату, калі сядзе за трактар.

5

Напрадвесні, калі зіма пачала адступаць, мала ў каго з бечынцаў на стале, акрамя поснай бульбы, кіслай капусты, зрэдку цыбуліны з бураком, быў крышанчык сала ды гладыш кісляку. Яшчэ не ўсе вяскоўцы маглі прыдбаць жыўнасць у свой хлеў: з-за безграшоўя цяжка было купіць нават цялушку. З калга­са нічога не атрымлівалі, мала чые дзеці ведалі смак малака, амаль у кожнай хаце была нішчымніца. Людзі чакалі вясны, калі пойдзе першае зяленіва: за шчасце будзе маладая крапіва, а потым шчаўе ды бацвінне.

У такую для большасці калгаснікаў гарачую пару на здзіўленне ціха праходзілі калгасныя сходы: на іх, не бачачы палёгкі, людзі больш адмоўчваліся, чым што гаварылі, нібыта стаіліся ў сабе. Таму таксама была прычына, ведалі, асабліва крыклівыя за непрадуманае слова пацярпелі ўжо: зніклі з вёскі Тарас, Мірон, Хведар, Ілля, і нават звестак пра іх ніякіх няма, нібыта і не было такіх людзей у Бечыне і навакольных вёсках.