Выбрать главу

Хаця людзі і маўчалі на тых сходах, але шмат каго брала за душу, вярэдзіла: чаму ж так выйшла? Ці такога яны чакалі ад народнай улады? Чаму плён іхняй калектыўнай працы большай часткай адыходзіць дзяржаве, а не ім, што працуюць, не пакладаючы рук, ад цямна да цямна? Якая карысць з тых змен, калі іх дзеці дагэтуль галадаюць? Ці змянілася хоць што да лепшага ў іх жыцці, калі, напрыклад, тое ж Князь-возера раптам перайначылі ў Чырвонае і гэта чамусьці назвалі найвялікшай заваёвай новага жыцця? Каму ж ад таго, каб хто сказаў, была палёгка?

Адказу на гэтыя пытанні ў паляшуцкіх хатах не маглі знайсці, яго про­ста не было. І цяпер усё часцей і часцей бечынцы згадвалі працалюбівага хутаранца Расевіча і яго сям’ю. Жылі ж тыя людзі побач, гадавалі, як і ўсе, дзяцей, ураблялі сваю зямельку, рвалі жылы, каб зрабіць сваё ж жыццё больш заможным, прыклад іншым, як жыць і працаваць, паказвалі, нікому не шкодзілі, а што атрымалі? Тое ж, што і некалькі дзясяткаў іншых сем’яў хутаранцаў, якіх новая ўлада таксама палічыла за ворагаў, ды выслала са сваіх родных мясцін у далёкую чужую зямлю, якую між сабою палешукі ахрысцілі дзіўным словам Сібер. Гэтай Сіберы, куды вывозілі хутаранцаў, якія не ўступалі ў калгас, і тых калгаснікаў, што абураліся новым жыццём, баяліся ўсе.

А ім жа, былым хутаранцам-гаспадарам, яшчэ нядаўна многія зайздросцілі: у іх ёсць свой хлеб і да хлеба. Ды, аказалася, што і пазайздросціць раптам не стала каму: усе роўныя, усе бядуюць. А абяцанае ўладай усеагульнае шчаслівае жыццё пакуль не наступала, хоць па-ранейшаму партыйныя агітатары на сходах пераконвалі калгаснікаў у гэтым. Паслухаць агітатараў, дык нібыта і сонца сёння ўжо вышэй, чым учора. Толькі словы словамі, а ява явай: жылі людзі кепска без сваёй зямлі, без сваёй гаспадаркі, без працы на ёй.

6

Праўленне калгаса «2-я пяцігодка» павінна было пачацца апоўдні, але пачалося са спазненнем больш чым на гадзіну, калі людзі не на жарт зашумелі, што, маўляў, так і да вечара давядзецца прасядзець тут у бесталковіцы, да кан­торы пад’ехаў воз. А неўзабаве на парозе з’явіўся старшыня Мікола Чэркас, прывітаўся:

— Добры дзень, таварышы. Прабачце, у райвыканкаме затрымалі, ды да Бечына, канешне, няблізкі свет...

Невысокі, каржакаваты, ён расшпіліў кажушок, паправіў на жываце яшчэ армейскі кіцель, які так і не змяніў за некалькі гадоў працы ў «2-й пяцігодцы», потым павітаўся за руку з усімі мужчынамі, і, пракашляўшыся ў насоўку, заняў сваё месца за сталом. Побач селі старшыня сельсавета Іван Салавейчык і сакратар парт’ячэйкі Антон Верабей.

— І вам здароўечка, Мікола Хведаравіч! Добра, што дадому вас урачы пусцілі... — зашумелі жанчыны, усміхаючыся свайму кіраўніку.

Верабей сядзеў у расшпіленым кажушку, не распранаўся, бо па целе дагэтуль бегалі дрыжыкі-мурашкі, хоць і адчуваў ён сябе крыху лепей, прастуда адступала, але прытуліўся да цёплай грубкі, леваруч ад стала і акна, у якое кідала смелыя позіркі задзірыстае, амаль вясенняе сонца.

Сакратара парт’ячэйкі не на жарт спалохаў выгляд Чэркаса: высахлы, пажаўцелы твар, запалыя вочы, раней васільковыя, цяпер яны падаліся яму бясколернымі, і рукі халодныя, як лёд. Падумаў: блага табе, Мікола, не далітакі рады хваробе ўрачы. Аднак тут жа перавёў думкі на іншае: нешта ж важнае мае сказаць старшыня, калі так, з дарогі, адразу на праўленне.

— Таварышы актыў! Члены праўлення, прысутныя члены партыі, сельвыканкама! — Чэркас стараўся не выдаваць сваёй хваравітасці, але адчувалася, як цяжка яму было гаварыць. — Не збіраўся турбаваць вас сёння, бо праўленне мы рашылі правесці пазней, каб падрабязна пагутарыць пра арганізацыю сяўбы. Аднак непрадбачаныя, нават жудасныя фактары прымусілі ўсіх вас сабраць сёння...

— А што ж такое страшнае ў нас адбылося, Хведаравіч? — пачуліся галасы з задніх радоў. — Не дай бог, вайна...

— Сплюньце, дурныя. Гэта ж такое ляпнуць! — зашыпелі наперадзе.

— Цішэй, таварышы, і праўда, паслухаем давайце... — сказаў сваё слова і старшыня сельвыканкама Іван Салавейчык.

Чэркас, адчувалася, падбіраў словы, каб сказаць нешта важнае, але ў яго не атрымлівалася, іх чамусьці не хапала. І ён зноў закашляўся ў хусцінку, калі адняў яе ад рота, ад Вераб’я не схавалася, што там засталіся кроплі крыві. І ён усё зразумеў: Чэркасу заставалася мала, яго, мабыць, адпусцілі дадому паміраць. «Эх, як адчуваў, недарэмна пачаў размову з Адамчыкам. І ці ўжо не сёння прыйшоў час паставіць пытанне аб намесніку?»

— Таварышы, партыйную сям’ю раёна і Палескай вобласці напаткала вялікая страта... — Чэркас зноў закашляўся, але ненадоўга. — Сярод сапраўдных партыйцаў, верных справе Леніна—Сталіна, няма больш самага адданага яго члена, нашага земляка, таварыша Іллі Сідаравіча Мірончыка...