– Ведаеце, сэр, – сказала яна, – у мяне ёсць пара гасцёўняў, але я ўжо тры месяцы як не бачыла тую лэдзі, што наймае адзін з пакояў, таму вы можаце заняць яго.
– Гэтая лэдзі? – паказаў я здымак.
– Так, гэта яна, дакладна яна! – усклікнула жанчына.
– Яна памерла, – сказаў я.
– О, не можа быць сэр! – сказала жанчына. – Гэта была мая найлепшая наймальніца. Яна плаціла тры гінеі на тыдзень толькі за тое, каб час ад часу пасядзець у гасцёўні.
– Яна тут з кім-небудзь сустракалася? – спытаў я, але жанчына запэўніла мяне, што лэдзі Элрай заўсёды сядзела адна і ні з кім не сустракалася.
– Дык што ж яна тады тут рабіла? – закрычаў я.
– Яна проста сядзела ў гасцёўні, сэр, чытала кнігі, а часам піла гарбату, – адказала жанчына.
Я не ведаў, што сказаць, таму проста пакінуў ёй саверэн і пайшоў прэч.
Ну, і што ты пра гэта думаеш? Ты думаеш, гэтая жанчына гаварыла праўду?
– Думаю, так.
– Дык навошта тады лэдзі Элрай прыходзіла туды?
– Мой дарагі Джэралд, – сказаў я, – лэдзі Элрай проста была жанчынай з маніяй таямнічасці. Яна наймала гэтыя пакоі дзеля асалоды хадзіць туды ў вэлюме, уяўляючы сябе гераіняй рамана. Яна прагнула нейкай загадкавасці, але сама была ўсяго толькі сфінксам без загадкі.
– Ты сапраўды так думаеш?
– Я ўпэўнены.
Ён дастаў свой саф’янавы футарал, раскрыў яго і доўга глядзеў на здымак.
– А я нешта сумняюся, – урэшце сказаў ён.
Café de la Paix (фр.) – вядомая кавярня ў ІХ акрузе Парыжу.
(обратно)Bois (фр.) – маецца на ўвазе Bois de Boulogne – Булонскі лес.
(обратно)Роў – (анг. Row) маецца на ўвазе Rotten Row – дарога ўздоўж паўднёвага боку Гайд-парку.
(обратно)Ma belle inconnue (фр.) – мая прыўкрасная незнаёмка.
(обратно)