Выбрать главу

«Хаця вось што я табе скажу, — уздыхнула суседка, не паварочваючыся. — Калі такое здараецца, то тут дзьве прычыны. Я табе са свайго жыцьця кажу, ня з кніжкі. Прычына першая — баба. Прычына другая — другая баба. Знойдзецца твой Сіманенка, нікуды ня дзенецца. Мой дык вунь колькі разоў прападаў. Аднойчы ажно ў Шабанах знайшлі, зь міліцыяй, з сабакамі, у блядзіны ў нейкай. Чула, дарэчы, хутка мэтро да самых Шабаноў хадзіць будзе? А што ў тапках, ты не зьдзіўляйся. Пойдзе такі ў тапках сьмецьце выносіць, выкіне пакет, спыніцца каля бака, паглядзіць на тапкі, на пакет выкінуты, і апануе яго сумнеў. А як сумнеў апануе, то стане яму д’ябал шаптаць: вось стаіш ты тут, каля сьмецьцевага баку, такі сабе ў тапках, і ніхто цябе ня любіць, і дома адны папрокі і сьпінагрызьзе. Падумае мужык і пагодзіцца: а праўда ж, папрокі і сьпінагрызьзе. А д’ябал — ён жа разумны, як баба, нячысьцік гэты, ён ведае, што ім сказаць, каб як найхутчэй дайшло — дык д’ябал далей песьню заводзіць: ты ім і тое, і тое, і сёе, і растакое — а яны табе толькі: грошы давай! Падумае мужык і скажа сабе: а праўда, я ж ім і тое, і растакое, а яны мне… А д’ябал далей: ты, у тапках, мудзіла! А мужык падумае: а і праўда, мудзіла я, бо ніхто мяне ня любіць, нават жонка, нават дзеці. А д’ябал яму: вось што ты толькі што на сьметнік выкінуў? А мужык адказвае: пакет са сьмецьцем. Вось я і кажу — мудзіла, зашэпча д’ябал, — ты падумай. Падумае мужык і падасца яму, што ён дапяў да сутнасьці. Гэта ж я маладосьць сваю і сілу толькі што выкінуў, скажа мужык і заплача. Мужчыны, яны, Сафія, дужа сэнтымэнтальныя. Яны больш за жанчын плачуць, гэта навукай даказана. Заплача такі ў тапках і скажа сабе: гэта ж я шчасьце сваё мужыкова выкінуў толькі што на сьметнік, як казёл апошні. І паедзе, як быў, у тапках, да блядзіны якой, бо падумае, што тая шчасьце ягонае падабраць можа, памыць, пачысьціць і на стол паставіць. А блядзіна дык і радая, уся нафуфырыцца, паголіцца, падмыецца — і чакае ўжо. За таксі заплаціць. Пральна, яна ж за ім не глядзела, калі ён з пахмельля падыхаў, калі яго ў гаражах манціроўкай па галаве стукнулі, калі яго ў паліцыі ўсю ноч мучылі, як нечалавека нейкага, за тое, што ён у мэтро заснуў, яна ж яго з арміі не чакала два гады, яна ж не пахала як конь, калі яго па два-тры тыдні дома не бывае. Твой Сіманенка, вядома, па гаражах уначы ня ходзіць, нічога не скажу, але наконт блядзіны я б на тваім месцы падумала, вылічыла б хто, хочаш, разам пасядзім, сьпіс складзем, кандыдатак прамацаем, чуеш, Сафія?»

Але не было ўжо ў кухні ніякай Сафіі. Суседка выпіла адзін кілішак, другі, журботна зьела лыжку ікры, зьняла з ручкі дзьвярэй рэмень і пайшла ў нетры кватэры займацца выхаваньнем.

Раніцай Сафія патэлефанавала сьвякрусе і, палохаючыся свайго голасу, распавяла ўсё як ёсьць. Яна яшчэ ніколі ў жыцьці не прамаўляла такія рэчы і таму адчувала сябе так, нібы вымушаная хлусіць. Як яна і чакала, на супакаеньне не было чаго разьлічваць — ёй самой давялося супакойваць сьвякруху, чаго Сафія дужа не любіла. Сьвякруха, аднак, з удзячнасьцю прымала суцяшэньні і патрабавала новых. Сафія наогул не выносіла патасу, ні ў якім выглядзе, і лічыла, што ўсе гэтыя словы, якія гаворацца выключна з мэтай іх сказаць, без увагі на канкрэтнае значэньне, словы абстрактныя і туманныя, словы, якія паразытуюць на традыцыі, словы, якія камусьці важна пачуць, што б яны ні значылі — гэта словы лішнія, нявартыя таго, каб быць у лексыконе прыстойнага чалавека. Кожны раз, калі яна была вымушаная іх вымаўляць, ёй здавалася, што ёй зараз зарагочуць у твар, а то і поўху ўлепяць, крыкнуць: «Што за лухту ты вярзеш!» — але ніхто так чамусьці не рабіў і з удзячнасьцю прымаў вымучаныя, бляклыя, мёртванароджаныя словы Сафіі. Больш за ўсё, здаецца, Марыю Генадзеўну ўразіла тое, што сын зьнік у адных тапках. Нібыта калі б ён зьнік у туфлях або красоўках, усё было б ня так драматычна. Сьвякруха наплакалася і пайшла піць лекі, а насамрэч званіць мужу. І тут ужо амаль адразу патэлефанаваў і сьвёкар, Лявон Уладзіміравіч. Той ужо стаў суцяшаць Сафію. І зноў — словы, словы, словы, словы, якія Сафія магла прадугадаць да лягічнага націску, да парадкавага нумару ў фразе, словы, якія самі па сабе ня значылі анічога — але трэба было цярпець, казаць дзякуй і нават трошкі паплакаць. Лявон Уладзіміравіч узяў з Сафіі абяцаньне сёньня ж аднесьці заяву ў паліцыю, і яна паабяцала, намагаючыся як найхутчэй скончыць размову. Сьвёкар палез адбымацца — па тэлефоне гэта было нялёгка, але затое і ня так гідка. Не пасьпелі яны разьвітацца, як ператэлефанавала Марыя Генадзеўна, ужо пасьля лекаў — гэтай Марыі Генадзеўне трэба было пачуць, як Сафія плача. Закочваючы вочы, Сафія сымітавала кароткі аргазм, і гэта прайшло. Дзейнічаць трэба, а не раўці — хацелася крыкнуць ёй у слухаўку. І гэта ж быў толькі пачатак — пакуль Сафія размаўляла з Марыяй Генадзеўнай, на лінію марна прарывалася маці Сафіі, зь якой ужо пасьпеў зьвязацца Лявон Уладзіміравіч, так што давялося яшчэ гаварыць і з маці, вечна падазроны голас якой гэтым разам быў афарбаваны ў колеры трыюмфу: маўляў, я ж казала, я ж цябе папярэджвала!.. Потым Сафія ўрэшце вылезла з ванны і паехала ў паліцыю, напісала заяву, пераконваючы сябе, што ніхто ў райаддзеле зь яе не сьмяецца.