Выбрать главу

Цяжкі выдаўся дзень, што й казаць — а ўвечары трэба было прыгатаваць нешта для сьвёкра, сьвякрухі і маці, якія зьбіраліся да яе, едучы з розных канцоў гораду, нібыта на сьвята, нібыта 24 жніўня даўно прайшло і Сіманенка… Не, хопіць на сёньня Сіманенак, сказала сама сабе Сафія, зачыняючы за сватамі і маці дзьверы. «Можа, нам застацца?» — пяты раз спытала Марыя Генадзеўна, пакуль маці гладзіла Сафію па галаве, але Сафія красамоўна зыркнула вачыма ўніз: таксі чакае! Вярнулася да сьціплага стала, выпіла гарэлкі і, нічога не прыбіраючы, пайшла спаць.

5.

Ідзі, ідзі, калі б ты жыў на Якуба Коласа, ты б ужо быў дома. Вядома, што назвы вуліц маюць на людзей, якія жывуць на іх, дзіўны, містычны ўплыў. Назву сваёй вуліцы не выбіраеш — зь ёй нараджаешся і паміраеш. Яе можна ненавідзець, можна абурацца, пратэставаць, зьбіраць подпісы за перайменаваньне — але калі ты жывеш на Леніна, то Ленін жыве ў табе. Часам мы цешым сябе думкай, што здольныя паўплываць на тапаніміку. Слабыя, убогія духам, сьмешныя, мы лічым, што калі назавем свае вуліцы імёнамі сапраўдных герояў ці вернем ім старадаўнія назвы, то зьменіцца навакольле і зьменімся мы самі. Час зразумець, што ні гераічнае мінулае, ні проста нейкае мінулае

нам не пасуе, мы яго не заслугоўваем. Навесіць паўсюль новых шыльдаў — яшчэ ня значыць стаць вартым імёнаў, якія на іх напісаныя. Таму лепш прызвычаіцца да таго, што нам далі, ня рыпацца і прыгледзецца да аб’едкаў, якія кінула нам улада. Гэтыя назвы даўно ўжо ня маюць сэнсу, ніхто ня памятае, чаму вуліцы называюцца так, а не інакш, засталіся толькі гукі, дыфузныя працоўныя выкрыкі, зь якіх можа атрымацца ўсё што заўгодна.

Гэтаксама як мову, паводле акадэміка Мара, можна зьвесьці да чатырох першасных элемэнтаў — так і Шабаны складаліся з чатырох галоўных вуліц: Ротмістрава (Рош), Сяліцкага (Сал), Бачылы (Бэн) і вуліцы, якая так і называлася: Шабаны. Ротмістрава і Сяліцкага, пачынаючыся ад Партызанскага праспэкту, агіналі раён з захаду і ўсходу, на поўдні іх злучала паміж сабой вуліца Шабаны. Вуліца Бачылы дзяліла ўсё гэтае ўтварэньне на дзьве часткі і была своеасаблівай мяжой паміж старымі і новымі Шабанамі.

Вуліца Ротмістрава — назва даволі мілагучная і не стварае праблем пры ўспрыманьні яе замежнікамі. Rotmistrowstraße або Rote-Мistrow-street магла б існаваць ня толькі ў Шабанах. Самое слова «Ротмістрава», здаецца, мусіла б настройваць на вайсковы лад, бо «ротмістар» — гэта нешта трошкі польскае, але перадусім белагвардзейскае, з раньняга, кранальнага дзяцінства зь яго героямі грамадзянскай вайны і суворай каляровай герархіяй. У тых каляровых баталіях я заўжды быў на баку белых, а пазьней — фрыцаў. Можа, таму, што тагачасная прапаганда, сама таго не ўсьведамляючы, рабіла сваіх анёламі, супэрмэнамі, паўбагамі, а ўсё чалавечае заставалася на долю ворагаў? Супэрмэны хутка надакучваюць, пагуляў і выкінуў, а чалавечае, злое ляжыць у табе тонамі, ты — бяздонная бочка чалавечасьці, і цябе да яе цягне інстынктыўна.

Ротмістар стаіць прыкладна тамсама, дзе і паручнік, на пару з тым легендарным есавулам, які кінуў каня, бо прыстрэліць не паднялась рука. Такім чынам, вуліца Ротмістрава мелася стаць наглядным дапаможнікам да ўрокаў ПВП у старэйшай школе. Глядзі ў акно, натхняйся, зараджай, страляй. Ябош, як казалі ў Шабанах. Ці — эстэцкі варыянт: ейбож (ад ей-боже). Мелася, але ня стала. Чамусьці чуецца ў ёй нешта гастранамічнае, але не рэстараннае, а хутчэй сталоўскае: бо тут ёсьць рот і міса, а што яшчэ трэба — калі галодны, можна браць зь місы нават рукамі, так нават смачней. Магчыма, гэта салдацкая сталоўка. Ці турэмная. Рот. Міса. Страва? Трава. Мясам у такіх сталовых ня кормяць.

Як і належыць есавулу, паручніку, фэльдфэбэлю ці дзеншчыку, господін Ротмістровъ меў густыя вусы: сьціплая даніна адначасова Будзённаму і мужчынскай будзённасьці. Потым да вусоў дадаліся акуляры, у выглядзе зьявілася нешта адміральскае, Ротмістраў на сваіх позьніх фота глядзіць у іх, нібы ў пэрыскоп субмарыны ў пошуках чарговага «Вільгельма Густлафа». Хаця сам ён быў танкіст — але якая розьніца, у чым плаваць. Былы волскі плытнік Ротмістраў паўсюль пачуваўся, як рыба ў вадзе.