Выбрать главу

Невядома, што было водападзелам у жыцьці Ротмістрава для яго самога. Магчыма, той момант, калі ён быў у канцы трыццатых выключаны з партыі і над ім навісла пагроза арышту — ды ўсё абышлося. Але для нас самая важная дата ў ягоным жыцьці — 3 ліпеня 1944 году. Менавіта з гэтага дня пачынаецца шабаноўскі пэрыяд яго жыцьця. Пятая гвардзейская танкавая армія пад кіраўніцтвам атамана Ротмістрава бярэ Менск. Напярэдадні генэрал атрымаў прачуханца ад Стаўкі: «Стаўка незадаволеная маруднымі і нерашучымі дзеяньнямі 5-й танкавай арміі і зьвязвае гэта з дрэнным кіраўніцтвам з боку тав. Ротмістрава… патрабуе імклівых і рашучых дзеяньняў…» І Ротмістраў, які цудоўна ведаў, чым пагражае такая незадаволенасьць, вырашыў кінуць да ног Стаўкі сталіцу советской Белоруссіі. Хутчэй за ўсё ні сам Ротмістраў, ні ягоныя танкісты вёску Шабаны так і не наведалі, Менск яны бралі з поўначы і паўночнага ўсходу. Узялі і пакацілі далей, на Вільню. Там у Ротмістрава не атрымалася рашучых дзеяньняў, і камандуючы фронтам Чарняхоўскі зьняў яго з пасады. Але было ўжо позна… Менск быў асуджаны, хай сабе і праз сорак гадоў, прыняць дзіўнае мяно на свае абноўленыя мапы.

Што было да Менску? Усялякія гераічныя ўчынкі, кшталту здушэньня паўстаньняў і ўдзелу ў розных інтэрвэнцыях. Ротмістраў браў Кранштат, удзельнічаў у дурным савецкім паходзе на Польшчу і ў той ганебнай вайне 1940-га, калі Сталін спрабаваў паставіць на калені Фінляндыю, каравуліў у засадзе са сваімі танкамі Літву і Беларусь, каб не ўцяклі. У першыя дні вайны, якая прынясе яму славу вызваліцеля Менску, Ротмістраў будзе бадзяцца па беларускіх і літоўскіх лясах, выходзячы з акружэньня, а празь некалькі месяцаў ледзь ня трапіць пад трыбунал з фармулёўкай «за баязьлівасьць». Пасьля вайны нейкі час ён камандаваў бранятанкавымі часьцямі савецкіх акупацыйных войскаў у Нямеччыне, стаў маршалам, выкладаў у вайсковай акадэміі і…

І пісаў кніжкі. Так сталася, што Бачыла — не адзіны пісьменьнік, увекавечаны ў Шабанах. Ротмістраў таксама — господін літератор. Я зайздрошчу гэтым назвам, такое можа дазволіць сабе толькі сапраўдны забойца. «Час і танкі». Адзіны ягоны скарб. Толькі гэта і было ў яго. Калі часу было мала, танкаў хапала зь лішкам. І наадварот. Не, сам не забіваў. Ну, хіба трошачкі. Забіваюць танкі, танкісты заўсёды страляюць у паветра. Ці вось яшчэ ягоная кніжка — «Сталёвая гвардыя». Нічога сабе. Проста капітанул Карнэліў Зэля Кадрану нейкі, а не савецкі маршал. У гэтым сэнсе Ротмістраў пасуе Шабанам: холадам, фактурай, ляскатам, смуродам, машынным алеем на сваіх рымскіх арлах… Цікава, колькі б яму спатрэбілася танкаў, каб зьнішчыць Шабаны? Нуль цэлых адна дзясятая? Адна гусеніца? Раз прамой наводкай — і няма вёскі.

Танкіст, вусач, маскаль, камуніст, вызваліцель — што яшчэ трэба, каб тваім імем назвалі вуліцу ў Менску? Толькі памерці. З гэтым была праблема. У гонар жывых вуліцы не называюць. Чакаць давялося доўга. Ротмістраў усё жыў і жыў, а вуліца заставалася безыменнай. Але што паробіш, у Сьвятога Маразму цярпеньня паболей, чым у простага чалавека. Вёска Шабаны перастала існаваць, зьявіўся мікрараён. Вось табе гатовы Маўзалейчык. Памерламу надоечы ў Маскве барыну якраз будзе па чыну, падумалі ў Менску. Не праспэкт жа ягоным імем называць.

6.

На парозе стаяў Сіманенка.

Схуднелы, сур’ёзны, з заўважна паразумнелымі вачыма, няголены, паміж расстаўленых ног — заплечнік, у руцэ — гвазьдзікоў букет, сам — пасівелы брунэт. То бок, не Сіманенка, вядома ж, але нехта дужа падобны. Сафія нацягнула на плячо шлейку камбінацыі, заміргала, закрываючы рукой грудзі, зморшчылася, пазяхнула і прыгадала.

(…«Мы, канечне, патэлефанавалі яму, ён, канечне, прыедзе, — хутка казала сьвякруха, чымсьці пазвоньваючы — ці то чайнай лыжачкай, ці то ключамі ад сьвёкравага сэрца. — Самалётам. Канечне, пажыве ў цябе. Так мы вырашылі. Табе адной, канечне, нельга заставацца ў такі час. Вядома, дапаможа табе, пакуль ня вернецца твой…»

Тут сьвякруха закалацілася ў плачы, і звон зрабіўся бесьперапынны. А за кватэру хто плаціў? Сіманенка. Яна пасьпела прыкінуць: грошай, заробленых Сіманенкам, ёй мусіла хапіць амаль на год — калі жыць сьціпла, эканомячы на ўсім, чым можна. Таму Сафіі нічога не заставалася, як безь пярэчаньняў прыняць гэты пазаўчорашні ультыматум сьвякрухі. Яна купіла таго-сяго, думаючы, што госьць, а пагатоў — госьць-жылец ёсьць зьяваю непрадказальнай і ўсё адно чагосьці ня хопіць, давядзецца зноў думаць за дваіх, гатаваць на дваіх, улічваць прысутнасьць, не расслабляцца і, напэўна, зноў часам гаварыць што прынята, а ня тое, што мае значэньне. Але I will survive, вырашыла яна, мо гэта і да лепшага...)