Выбрать главу

«Данілка, — сказала яна, шырока і ласкава ўсьміхнуўшыся. — Заходзь, чаго стаіш? Сказалі, ты ўвечары прылятаеш, я не чакала так рана».

«Здароўкі, сталіца Баўгарыі», — прамовіў ён хутка і кінуўся ёй у ногі —разувацца.

Калі яна два гады таму ўпершыню пачула, як завуць мужавага малодшага брата, то ўявіла сабе нешта такое вялікае, няўклюднае, румянае, яшчэ больш сіманенкавае за самога Сіманенку. Высьветлілася, што ўсё ня так, што брат у Сіманенкі хударлявы, маўклівы, з вострым падбародзьдзем і з вачыма такімі сумнымі і цяжкімі, што Сафія пазьбягала ў іх глядзець. Здаецца, ён быў на нешта хворы, на што, яна ўжо забыла, а пытацца ў сьвякрухі не хацелася. Яна, па праўдзе, бачыла яго толькі двойчы — на вясельлі, дзе яны адразу ж адно адному спадабаліся і хадзілі курыць за пункт прыёму шклатары — побач была кавярня, дзе Сіманенка, шчасьліва лыпаючы вачыма, прымаў бясконцыя віншаваньні і інструкцыі па карыстаньні маладой жонкай, і мясцовыя сінюгі займалі адначасова чаргу і ў пункце, і на выхадзе з кавярні, у надзеі, што ім нешта перападзе. Яшчэ быў юбілей сьвёкра, праз пару месяцаў, і Даніла тады таксама прыляцеў, праўда, тады ў іх пагаварыць так і не атрымалася, бо гэтым разам Сіманенка ад яе не адыходзіў, і неяк так усё й прайшло скамечана, як ні пра што, і Сафія бачыла, што Даніла кідае на яе цяжкія, тужлівыя позіркі — а потым яны разьвіталіся каля таксі, і ахмялелы Сіманенка доўга ціскаў брата, так што яна з Данілам і разьвітацца як сьлед не пасьпела. І вось ён стаіць перад ёй, пахнучы ўсялякімі правізорыюмамі: залямі чаканьня, гатэлямі, гостэламі, цягнікамі, таксі, мытнямі, нясьвежай вопраткай, невядома адкуль, невядома чым займаецца, невядома што будзе тут рабіць і невядома як яшчэ да яе паставіцца. Пакуль што па яго твары нічога нельга было сказаць.

Яны разам пасьнедалі, папілі кавы на бальконе, яна асьцярожна параспытвала, што ў яго і як, і зноў нічога не зразумела: тое, чым ён жыў, было неспасьцігальным, цьмяным, бясконца ад яе далёкім, такім чужым, як аскепак мэтэарыта ў супе, а гаварыў Даніла цяжка, марудна, так сьцісла, што Сафіі здавалася, ён кожны раз хоча заціснуць у два кароткія словы тысячу розных сэнсаў, ды так, каб яна потым тыдзень разгадвала, што ён насамрэч меў на ўвазе.

«Ты будзеш спаць у залі», — сказала яна, кладучы на канапу бялізну. Навошта яна гэта сказала, і так жа ясна, дзе ж яму яшчэ спаць, не на кухні ж — хаця і там часам клалі лішніх гасьцей, але выпадак быў ня той. Ён паставіў каля канапы заплечнік, расшпіліў яго, аддаў Сафіі розную абавязковую чакалядную хрэнь, пайшоў у душ. Яна стаяла сярод пустой залі, адчуваючы сапраўдную роспач. Адзінадзіны заплечнік і стос бялізны ўмомант зьнішчылі ўсю ўтульнасьць, увесь парадак, усю гармонію пакою і наогул цэлай кватэры, якія яна так старанна падтрымлівала. Ілюзія, што яна, Сафія, проста чакае мужа, які паехаў у камандзіроўку — недалёка, хутчэй у Магілёў, чым у Манголію — сканала так імкліва, што Сафіі стала холадна і страшна. Варта было прыехаць Данілу, як яна ўпершыню адчула сябе той, кім яна была ўжо тыдзень — жонкай, у якой прапаў муж. Душ за сьцяной шумеў, як безнадзейны дождж, асаблівага падыходу ніхто ня ведаў, і чым далей Сафія глядзела на недарэчны заплечнік, тым больш разумела, што гэта, напэўна, ужо назаўсёды, што яна застанецца адна і яе далейшае жыцьцё, відаць, будзе такое самае — суцэльны правізорыюм: зьнятыя на пару месяцаў маленькія кватэры бяз мэблі, вымушаныя пераезды да маці ў безграшовы час, нязручныя начоўкі ў сябровак, такіх самых, як яна, ды, часам, гатэльныя нумары, зь якіх яна будзе выскокваць шэрым досьвіткам, звыкла дакараючы сябе за мінулую ноч.

«У-у-у, — ціха завыла Сафія. — У-у-у». І нечакана ён стала лягчэй.

«Скажы, — спытаў ён увечары, калі яны пілі віно ў кухні і закусвалі нейкім цягучым, клейкім печывам. — Як ты сама лічыш, што зь ім магло здарыцца? Толькі праўду. Без увагі на яе колер».

«Я ня ведаю, — сказала Сафія, спахмурнеўшы. — Я праўда ня ведаю, што табе сказаць».

«Проста так ніхто не зьнікае, — пераканана прамовіў Даніла. — Ты ведаеш яго лепш за ўсіх. Нават за мяне. Ён…»

Даніла заплюшчыў вочы, сьціснуў зубы, перагнуўся напалам, затушыў навобмацак цыгарэту. Адсунуў Сафію рукой — яна кінулася дапамагчы, хаця й не разумела, што зь ім. Выпрастаўся, махнуў, усьміхнуўся.

«Ужо ўсё добра, — сказаў ён. — Бывае. Нельга было так жэрці пасьля двухдзённага посту. Скажы: ён мог перабегчы камусьці дарогу?»

«У сэньсе?» — Сафія зірнула на яго зь недаверам.

«Таму, хто на самым версе. Ці таму, хто думае, што ён на самым версе».

«Я цябе не разумею, — сказала Сафія з жахам. — Патлумач, што ў цябе за дзікія ідэі».