Выбрать главу

«Сафійка, у гэтай краіне зьнікаюць людзі. Палітыкі, журналісты…»

«Праўда? — яна ўдала такое зьдзіўленьне, што на імгненьне ў вачох Данілы мільганула нянавісьць. — Я думала, Сіманенка адзін такі. Я чытала, у краіне трыста чалавек за год зьнікае. І дзьвесьце дзевяноста дзевяць знаходзяцца праз тры дні. У якойсьці блядзіны ў Шабанах. Палітыкі, журналісты… Дык Сіманенка не палітык, дзякуй табе божа, і не журналіст. Уяўляю сабе Сіманенку, які піша перадавіцу. Ці Сіманенку-дэпутата. Не, я б і ня выйшла за яго, калі б ён нейкім канцом да палітыкі быў прычэплены… Мне спакой трэба, Данілка. Мне ня трэба, каб лепш, чым у другіх. Мне трэба каб ня горш. Толькі так можа быць спакойна. А палітыка, журналісты… А якія гэта ў нас палітыкі-журналісты зьніклі? Я нешта прапусьціла».

«Падумай, — прамовіў Даніла, зірнуўшы на яе так пранізьліва, што яна адвярнулася, ужо ўпэўненая, што гэтае супольнае пражываньне ёй яшчэ вылезе бокам. — Можа стацца, што мой брат раней і праўда нічым такім не цікавіўся… А потым сал! бэн! рош! — і зацікавіўся. Людзі часам празраюць, ведаеш. Вочы адплюшчваюцца».

«Ды ён гэтых палітыкаў ненавідзеў! — сказала Сафія і пастаралася зірнуць яму ў вочы як мага глыбей. — Ён такі законапаслухмяны быў, ты сабе не ўяўляеш. Казаў: я б ім языкі паабсякаў, каб не бурылі тое, што самі не будавалі. Я зь яго нават зьдзекавалася часам: халуй ты, кажу, Сіманенка, натура ў цябе — як у слугі. А ён: так, я халуй, а ты жонка халуя, на халуях сьвет трымаецца… Што ты тут запярэчыш…»

Прыгадаўшы гэта, Сафія міжволі дала сябе апанаваць успамінам, у якіх Сіманенка з уласьцівым вечару панядзелка смакам еў смажаныя рэбры, глядзеў тэлевізар і жаваў слова халуй зь нейкай асалодай, як халву. Халва са смажанымі рэбрамі — вось і ўвесь Сіманенка. Гэта было перад гадавінай іхнага вясельля. Яны тады слаўна патрахаліся. У яго герпес быў на губе. А назаўтра, калі ён адвозіў яе да доктара, яны трапілі ў аварыю. У маленькую такую аварыю. Сіманенка адразу прызнаў сябе вінаватым, заплаціў. Вярнуўшыся ў машыну, выглядаў злым, але Сафія бачыла — ён быў рады спакою. І яна яго зразумела. Не наканавана Сіманенку было загінуць у месяц нісан ад вузкавокага нісана, а ад чаго наканавана — ведаюць толькі яго шэрыя тапкі.

«Слухай, а што гэта ты сказаў толькі што: салбэнрош? Гэта па-якому?»

«Я? Ня памятаю, — Даніла глядзеў напружана ў цёмны двор і піў вялікімі глыткамі віно. — Халуй. Калі сем пакаленьняў продкаў былі рабамі, прыгоннымі, слугамі ды лёкаямі, як гэта зь сябе адразу выціснуць? А калі і выціскаць ня хочацца? Уяві сабе Расею пасьля сямнаццатага году — уся старая сыстэма абвальваецца, і тыя, хто яшчэ ўчора быў слугамі, хто стагодзьдзямі быў слугамі, раптам абвяшчаюцца гаспадарамі. Усё перакручваецца, бы ў люстэрку…»

Яшчэ ня верачы свайму носу, Сафія раптам адчула, як у паветры кухні зьявіўся едкі пах страўнікавых газаў. Яна ня чула гуку — і тым ня менш пах быў. Свойскі, хатні, нібы яна купіла сёньня ў заакраме нейкую жывёлу і пасяліла яе тут, на кухні. Сіманенка рабіў гэтаксама — нячутна, нічым не выдаючы сябе, Сафія ніколі не прызнавалася, што нешта такое адчула, гэта быў пах жыцьця — непрыемны, але такі натуральны. Напэўна, так будзе зь дзецьмі. Яна не павінна была пра гэта ўсё думаць у такі момант — але ж вось думала, і чым больш думала, тым мацней засяроджвалася на гэтым паху, які падказваў ёй, што яна не адна, і што Сіманенка патрэбны ня толькі ёй, але й камусьці яшчэ, Сіманенка стаў знакам, якому нарэшце надалі значэньне, «Сіманенка» значыла яна сама плюс некалькі асобаў, заключаных у крэўныя, крывавыя дужкі, і, магчыма, мінус зьмяняў бы значэньне Сіманенкі, ягонае аблічча, ягоны вобраз; але той Сіманенка, якога яна ведала, існаваў толькі як сума пэўных складнікаў, адсутнасьць аднаго зь якіх непазьбежна азначала б ягоную гібель.

«Раб, які атрымаў свабоду, ніколі ня зможа выхаваць сваіх дзяцей вольнымі людзьмі — у найлепшым разе рабамі, якія атрымалі свабоду, — сказаў Даніла, наліваючы ёй яшчэ віна. — Разумееш? Мы ўсе — унукі слуг, праўнукі рабоў… Я ўцёк ад халуйства — але ці перастаў быць халуём? Кожны дзень я ратую ў сабе халуя, ратую, спрабуючы забіць… Душу яго — і ў апошні момант ратую. Бо калі забіць халуя ў сабе — ці шмат застанецца? Ці дастаткова шмат, каб жыць далей?»

«У цябе жывот баліць?» — спытала Сафія. Ёй стала непрыемна, што такі нешматслоўны Даніла гаварыў цяпер амаль без супыну.

«Не, не, — заматляў галавой брат Сіманенкі. — Распавядзі мне, што ён быў за чалавек? Мы рэдка бачыліся».

«Ён быў вялікі, недалёкі і добры».

«Як харчовы рынак», — засьмяяўся змрочна Даніла.

полную версию книги