Выбрать главу

Выдадзены ў ХІХ стагодзьдзі «Słownik geografiсzny Królewstwa Polskiego i innych słowianskich krajów» выдае на запыт «Szabany» чатыры згадкі, амаль усе яны прыводзяць нас да іншых шабаноў, што месьцяцца ля ракі Дзісны — і толькі ў адным з апошніх тамоў знаходзім патрэбнае: Шабаны — ws. nad rz. Świsłoczą, pow. miński, w gm. Siennica, o 12 w. od Mińska, ma 16 osad; grunta szerkowo-gliniaste, urodzajne, łąki obfit. Зазіраньне ў чужыя слоўнікі дае наступныя вынікі: слэнгавае турэцкае слова «şaban» значыць «дурань».

Магчыма, яно зьявілася дзякуючы папулярнаму фільму сярэдзіны васьмідзясятых «Імігрант Шабан» («Gurbetçi Şaban»): пра тое, як наіўны вясковы мужык Шабан едзе на заробкі ў Нямеччыну. Па дарозе ў аўтобусе ён сустракае дзяўчыну, імя якой — Бахар… Апрача гэтага, ша’абан — назва восьмага месяца мусульманскага календара. На трасянцы «шабаны» — далёкая, пазбаўленая начных клюбаў, талеранцыі і мэтро мясцовасьць, дасьледаваньне якой зьвязанае з пэўнай рызыкай. Па-нямецку «schaben» — шкрабаць, церці, дзерці. Роднасныя словы з блізкім значэньнем сустракаем у гоцкай мове: skaban, у швэдзкай: skava, у літоўскай, якую празь яе некранутую старажытнасьць часта клічуць папрацаваць лінгвадэгустатарам: skabėti, рэзаць, сячы. Зрэшты, усе гэтыя нянаскія шабаны можна зьвесьці да простага лацінскага scabere. Ангельцы маюць свой абрад шабанаваньня: досыць згадаць вяршковае, духмянае to shave. Нават расейскія скапцы маюць з шабанамі аднолькавы корань, хай сабе і трохі падрэзаны.

Такім чынам, вёска. Магчыма, у вёсцы жылі нейкія скрабуны, якія скрэблі для ўсяго навакольля, і штодня ў Шабаны цягнуліся драбіны, да верху напоўненыя рознымі рэчамі, якія няблага было б аддаць трохі паскрэбці ў дасьведчаныя рукі. Скуру там, гузікі, дзеці, патэльні, грамафоны, маладую бульбу… Адзін стары вар’ят, які неўзабаве патануў у катлаване, распавядаў неяк Рошу, што ніякіх шабаноў да першай сусьветнай тут не было, проста безыменны хутар, пакуль дажджлівай восеньню 1918 году нямецкі атрад не заблукаў у ваколіцах Сеньніцы — прычынаю стала поўная непраходнасьць адзінай затопленай, ледзь угадванай пад тоўстым пластом гразі дарогі, па якой туды можна было трапіць (цяпер гэта паварот на Шабаны ў раёне супэрмаркету «Прастор»): «Was für eine scheußliche Slammbahn!» — усклікнуў ушчэнт мокры нямецкі ахвіцэр, на гражданцы — паэт-экспрэсіяніст, пазіраючы на тое, як на топкай дрыгве, што была пазначаная на трафейнай мапе як дарога, лопаюцца бурбалкі бруднай жоўтай пены. Зрэшты, гэтая вэрсія падаецца малаверагоднай. Наяўнасьць іншых населеных пунктаў і тэрыторый з назвай Шабаны (назва Шабаны з вытворнымі сустракаецца ад Атлянтыкі да Ўралу і сягае далей: у сібірскім сяле Шабаноўскае быў усталяваны ў 1924 годзе першы ў Савецкім Саюзе помнік Ільлічу, паселішча Шабаны маецца нават каля Пскову, а ў Францыі ё цэлы кантон Chabanais) дазваляе меркаваць, што, магчыма, нашая вёска раней месьцілася ня тут і потым проста пераехала з усім майном бліжэй да вялікага гораду, бо так было лягчэй пракарміцца — Менск заўсёды меў патрэбу ў спрытных шабанах-скрабунах.

Дарэчы, кантон Шабанэ даў у свой час назву самаму знакамітаму парыскаму публічнаму дому. І вуліцы, на якой той дом стаіць: 12 Rue Chabanais. Бардэль праіснаваў з 1878 па 1946 год, калі ўсе публічныя дамы ў Францыі былі зачыненыя. Заснавала яго ірляндка Мадам Келі, а стартавы капітал, кажуць, склаў каля двух мільёнаў франкаў. Сярод заўсёднікаў Le Chabanais былі Мапасан, ТулюзЛятрэк, які падарыў бардэлю шаснаццаць палотнаў, і будучы брытанскі кароль Эдвард VІІ, для якога тут нават быў абсталяваны асобны пакой — меднае бідэ з таго пакою набыў Сальвадор Далі, калі стаў багаты і знакаміты. Цяпер у будынку шматкватэрны дом, а ў доме — музэй бардэлю. У яго і сайт ёсьць, як, зрэшты, і ў Шабаноў Менскіх: а ў каго цяпер няма сайту, нават нябожчыкі і яшчэ ненароджаныя дзеці маюць уласныя інтэрнэт-старонкі. А яшчэ пафранцуску «chaban» — не хто іншы, як чабан. Што праўда, археалягічныя раскопкі ня выявілі ў нетрах шабаноўскай зямлі ні авечак, ні сабак, ні бурак, ні бурэкаў, ні буркатлівых горных рэчак — адны буракі.

Шабаны вы мае, Шабаны, дайце зараз я вас пацалую. О, як бы я хацеў мець іншае мінулае, іншую маладосьць. Нарадзіцца ў мястэчку, назва якога пачыналася б на Бад-. Ці сканчалася б: нарадзіцца мінулым летам у Марыенбадзе. Жыць з бацькамі ў сьціплай віле, побач з Томі і Анікай. Хадзіць у госьці, не баяцца, атрымліваць на Каляды ровар, ведаць на памяць малітвы, а не заклёны. Вучыць тое, да чаго ляжыць душа, а ня тое, ад чаго яна толькі ляжыць пластом. Вандраваць. За цябе ўсё ўжо зрабілі — раскашуй, крытыкуй, ганарыся прыналежнасьцю. Libertatem quam peperere maiores digne studeat servare posteritas. Што здабылі продкі, хай з гонарам нясуць нашчадкі. Мець столькі свабоды, каб несвабода вабіла, нібы страшная казка перад сном. Глядзець на вас вялікімі вачыма і паўтараць з павагай: «О шайсэ!..» Выконваць законы, не заўважаючы гэтага. Лічыць, што Шабаны — сталіца Сібіры. Жыць там, дзе можна паразумецца бяз слоўніка, ня ведаць асабіста ні Яфэта, ні Эзопа. Каб ня быць асуджаным зноў і зноў апісваць гэты катлаван, гэтых тапельцаў, гэтую чыгунку. Не, такое мінулае таксама можна прадаць, хто спрачаецца — але ці ня лепш быць пакупніком?