Выбрать главу

Там, дзе канчаліся Шабаны, пачыналася чыгунка. Яе начны грукат лепш за ўсё было чуваць у кватэры Роша; у кватэры Сала яна чулася як далёкі, бясьпечны звон недзе ня ў нашай, у суседняй вёсцы; Бэн часам прачынаўся на досьвітку ад яе гукаў — яму сьнілася, што камусьці вялікаму і нямому рвуць зубы; Ён жа зусім ня чуў чыгункі, бо жыў каля Магілёўскае шашы. У цёмны час з вакна восьмага паверху шаша выглядала як бясшумная чарада агнёў, якія рухаюцца па замкнёным коле — калі першы зьнікаў за лесам, то адразу ж зноў прыладжваўся ў хвасьце. Пасьля школы яны часта хадзілі на чыгунку, не задумваючыся пра тое, чым яна іх так вабіць. Гіпнатычная моц чыгункі была такая, што дзень лічыўся страчаным, калі ты не прыклаў вуха да яшчэ не астылых рэек, не запэцкаўся ў мазуце і ня скраў чагосьці жалезнага. Гэта была грузавая ветка «Калодзішчы-Міханавічы», пасажырскія цягнікі тут не хадзілі, толькі самотныя прывіды-дызэлі і брунатныя грузавыя саставы, якія стаялі ў Шабанах, бывала, па некалькі дзён, чакаючы ці то разгрузкі, ці то рамонту. Да шашы хадзіць баяліся: у народзе жыла вера ў дзядзьку на чорным «Масквічы», які спыняецца каля тых, хто ідзе па ўзбочыне, запрашае ў машыну — і ніхто ня можа адмовіцца, а потым дзядзька закатвае чалавечыну ў слоікі з-пад агуркоў і прадае на калгасным рынку. «Масквічоў» чорнага колеру на дарогах тады было не сустрэць, і гэта надавала вобразу дзядзькі асаблівую злавеснасьць. Казалі, неяк да дзядзькі ў машыну села цэлая апэратыўная група, накіраваная, каб яго злавіць — і зьнікла.

Зрэшты, аднойчы пасажырскі цягнік на чыгунцы ўсё ж зьявіўся. Стары, пафарбаваны ў цёмна-зялёны колер, як і ў кіно. З адмысловымі суставамі на колах, падобнымі да мазолістых локцяў, з забітымі вокнамі, з прагнілымі драўлянымі тамбурамі. Незвычайны — такі нельга было прапусьціць. На вагонах бялелі арлы ды свастыкі, ды чатырохзначныя нумары, ды літары гатычныя, нянаскія. Цягнік быў пусты, і навокал не было нікога відаць, толькі біліся і рыпелі на ветры адарваныя дзьверцы трансфарматарнай будкі, побач зь якой стаяў лякаматыў. Яны ўлезьлі ў адзін з вагонаў: Сал, за Салам Рош, за Рошам Бэн — Бэн! Бэн! — а потым Ён, якога на ўваходзе апанавала дзіўная паніка, і яго давялося ўцягваць за рукі. Усярэдзіне было брудна і пахла чалавечым дзярмом, у некаторых цёмных купэ стаялі лужыны, што й нядзіўна — праз вузкія прарэхі ў даху крапала вада. Пад нагамі храбусьцела шкло. Было відавочна, што вагон нікога нікуды не вазіў, што ягонае прызначэньне абмяжоўвалася выключна яго вонкавым выглядам. Высока падымаючы ногі і зазіраючы ў купэ, яны рушылі наперад па вузкім калідоры: Сал, за ім Рош, за Рошам Бэн і потым Ён. У апошнім купэ на паліцы ляжаў скручаны шынэль, а на ім — лыжная шапачка. Бэн нагой скінуў скрутак на падлогу. Нейкі час яны проста стаялі, убіраючы ў сябе паветра вагона, цяжка, шумна дыхаючы. Раптам унутры цягніка нешта бразнула, па ўсім саставе — і празь целы Сала, Роша, Бэна і Ёна — прайшла дзіўная, нейкая доўгая сутарга, састаў нібы нехта паддзеў лапатаю і прыўзьняў; вагон закалаціла, і Рош міжволі абапёрся на плячо Сала. Яны працягвалі стаяць, здранцьвелыя ад невядомых адчуваньняў. У шчыліне між дошак, якімі было закалочанае акно, мільганулі дрэвы.

Цягнік паволі браў разгон. Яны павярнулі да тамбуру, затупалі, хапаючыся за шурпатыя сьцены. Дзьверы вагона рытмічна грукалі, падскоквалі на падлозе бутэлечныя шкельцы. Праз каламутнае шкло дзьвярэй у тамбуры яны бачылі, як міма праплываюць дом Сала, дом Роша, дом Бэна, дом Ёна, які жыў найбліжэй ад шашы. Цягнік з намаляванымі крэйдай арламі і свастыкамі, зь нянаскімі літарамі і чатырохзначнымі нумарамі прамінаў рэдкі лясок, у якім пакаленьні шабаноў гулялі ў вайну. Сотні хлопчыкаў ляжалі там на моху, строга пазіраючы ў нізкае неба, марачы пра санітарак. Лясок усё радзеў; марудна, урачыста, рыхтык чайка, праплыў чорны «Масквіч» на ўзгорку, з задранай пысай. Сал скочыў першы — і нават здолеў прызямліцца на ногі, праўда, потым паваліўся, як гумовы гімнаст. Рош высунуў галаву — і адхіснуўся, схапіўшыся за ліпучыя парэнчы. Тады з-за ягонай сьпіны вылез Бэн — і пакаціўся па насыпе, галавой у чорныя хмызы. За ім скочыў Ён, упаўшы дужа няўдала — на азадак, у такой блізіні ад колаў, што Рошу падалося, нібы цягнік у апошні момант адштурхнуў Ёна сваім жалезным локцем, якім пракладваў сабе шлях наперад. Рош зноў высунуўся, выцягнуўшы шыю, каб зірнуць назад. Бэн, Ён і Сал стаялі каля насыпу, як прыдарожныя слупкі, галовы павернутыя ў адзін бок, нібы паказваючы цягніку кірунак. Рош яшчэ трохі паглядзеў на тое, што адбываецца ўнізе — а там мільгалі мокрыя чорныя і белыя каменьчыкі, падобныя на насыпаныя ў кучкі зьбітыя шахматныя фігуры, і час ад часу рваліся ўверх, прагнучы дастаць калі не галаву, то хаця б ногі Роша, нейкія лаўровыя вянкі. Рош пастаяў яшчэ трохі, уважліва вывучаючы складзены са стракатых прастакутнікаў краявід, і зачыніў дзьверы.