Выбрать главу

Вядома, тэарэтычна Сіманенка мог кагосьці сустрэць ля пад’езду і кудысьці з гэтым кімсьці пайсьці. Падняцца да суседа, выправіцца ў гаражы, дарма што свайго гаражу яны ня мелі і стайня Іхнай Машыны была на звычайнай агароджанай стаянцы. Ці пайсьці на канал. Але ў тым і рэч, што з вобразам Сіманенкі гэта ўсё мала стасавалася. Сіманенка ну ніяк не пасаваў да гэтае ролі. У тым і рэч, што Сафія цудоўна ведала, што Сіманенка ня мог нікуды пайсьці, не папярэдзіўшы яе, ніводзін сусед ня быў у стане завабіць да сябе Сіманенку, бо хто-хто, а Сафія пастаралася, каб стасункі мужа з суседзямі абодвух палоў былі як стасункі кіроўцы аўтобуса з пасажырамі. Размовы — толькі ў мікрафон ці праз шкляную перагародку, у найлепшым выпадку — праз шчыліну, празь якую можна прасунуць талёнчык. Cафія жыла ў цэнтры гораду, ня ў самым цэнтры, вядома, аднак — «і ад цэзара далёка, і ад в’югі», то бок на прыстойнай адлегласьці ад вакзалу, але і не ў Шабанах. Добры, зялёны раён, ні табе заводаў, ні парадаў, ні рабаваньняў-згвалтаваньняў. Чыстая, цяністая вуліца маршала Маліноўскага. Наўрад ці каму прыйшло ў галаву выкрасьці ў яе Сіманенку, ды яшчэ ў выходны дзень. Кожны зь сяброў ведаў, чым гэта пагражае, ніхто б не наважыўся. А калі б у двары нешта раптам здарылася, Сафія абавязкова б пачула. Акно ж было адчыненае. Больш за тое, яна мела адмысловую інтуіцыю — хто, як не яна, выклікаў тады ўзімку хуткую. Што праўда, выклікала яна яе для сябе — надта ўжо балела галава, але ж хуткая, якая ўжо заяжджала да іх у двор, ледзь не пераехала цётку, што ляжала на дарозе з інфарктам і абмаражэньнем, і, як высьветлілася, гэтым самым уратавала цётцы жыцьцё. Сафія ўпотай ганарылася сваім учынкам.

Але гэтым разам яе інтуіцыя маўчала. Калі зусім сьцямнела, Сафія ўключыла ва ўсіх пакоях сьвятло, накінула швэдар і спусьцілася ўніз. У двары было ціха, раз-пораз, не зьвяртаючы ўвагі на Сафію, міма пад’езду праходзілі цьмяна знаёмыя ёй людзі, людзі з чэргаў, прыпынкаў, вагонаў і бальконаў. Прайшоў паліцэйскі патруль — трое сымпатычных паголеных хлопцаў. Па выходных патрулі праходзілі тут часта, але не затрымліваліся. Пад’ехала таксі, зь якога сталі выгружаць п’янага бацьку сямейства — мамка за татку, дачка за мамку, сынок за дачку, сабака за сынка: не дапамагло, давялося прасіць таксіста. «Мам, а гэта праўда, што хутка ў Шабаны мэтро правядуць?» — спытаў між справаю сын, але мама не адказала. Сафія адвярнулася, пастаяла, павіталася з кімсьці, хто прасьлізнуў міма яе ў пад’езд: сьпіна была шырокая, як у Сіманенкі, але на сьпіне боўтаўся доўгі хвост, перавязаны гумкаю — хлопец з чацьвертага паверху. Кажуць, сатаніст. Бацьку сямейства выгрузілі і пацягнулі ў суседні пад’езд. Апошнім увайшоў сабака, папярэдне агледзеўшы двор і зачыніўшы задняй лапаю дзьверы. Стала ціха. Паўсюль з-за сьценаў гаманілі тэлевізары: хорам. Можа, нешта цікавае паказваюць, падумала Сафія. Вярнулася, зачыніла дзьверы на замок. Сіманенкі дома не было. Яна прайшлася па кватэры, вярнулася ў перадпакой. Правяла рукой па аркушы, які быў прышпілены да сьцяны: яе рукой, чырвоным флямастэрам, там была выведзеная дата: 24 жніўня. Да гэтага дня заставалася яшчэ некалькі месяцаў. Можа, ёй і праўда трэба было паехаць дадому? Да сваіх бацькоў ці да Сіманенкавых. Яна ўключыла тэлевізар, ёй і праўда на момант здалося, што там могуць нешта сказаць наконт Сіманенкавага зьнікненьня. Можа, там зараз на экране зьявіцца й сам Сіманенка, паглядзіць на яе вінавата спадылба і ўсё растлумачыць. Але Сіманенка быў ня з тых, чыя прысутнасьць або непрысутнасьць у сьвеце нешта зьмяняе. Хаця зараз Сафія магла б з гэтым і паспрачацца. Яна разьдзелася, яшчэ раз падышла да акна ў кухні, агледзела двор, а потым легла ва ўмяціну, якая засталася ад Сіманенкі, і ўпершыню за гэты год выспалася.

Назаўтра яе з самай раніцы біла дрыготка, яна яшчэ ніколі такой ня мела; яна адзелася як мага прасьцей і выправілася на стаянку, дзе стаяла Іхная Машына. Стаянка падалася ёй агромністай, нібы незнаёмы горад. У цёмных акулярах, намацваючы ў кішэні не бязь цяжкасьці адшуканыя ёй у Сіманенкавых рэчах ключы, яна прабіралася між чужых аўтамабіляў, кожны зь якіх пры яе набліжэньні курчыў ёй дзіўную пысу; яна пачувалася заблукалай у нейкім гета, дзе ня вельмі любяць адзінокіх дамачак. Часам яе нават клікалі, вясёлыя, грубыя мужчынскія галасы, сьпіна ўздрыгвала, але яна не абарочвалася. Яшчэ загадзя яна вырашыла, што калі машыны ня будзе на месцы, то, значыць, усё вельмі кепска, а калі будзе, то ня ўсё яшчэ страчана і можна жыць далей, жыць з надзеяй. Стаянка, залітая сонцам і бэтонам. Яна была тут толькі аднойчы, даволі даўно, яшчэ да вясельля, і ўжо забылася, дзе дакладна стаіць Іхная Машына. «Чорт, нават спытаць няма ў каго», — падумала яна, спыніўшыся перад шчыльнымі радамі — уладальнікі аўто ўжо разьяжджаліся па сваіх справах, але шэрагі радзейшымі не рабіліся, так іх тут было шмат. Так, адрэсы Іхнай Стайні яна ня ведала. Часам ёй хацелася паклікаць Іхную Машыну — як клічуць бадзячых сабак ці кароў, але Сафія стрымлівалася. А яны стаялі перад ёй, такія безнадзейна аднолькавыя, «як кітайцы», падумала Сафія з роспаччу — калі яна і магла іх адрозьніць, то толькі па колеры: сінія, белыя, чырвоныя, чорныя, цёмна-зялёныя, высакародных мэталічных адценьняў. Ключы ўпалі з кішэні, яна таропка кінулася падымаць — а калі выпрасталася, убачыла яе, убачыла здалёк. Іхная Машына пазнала Сафію і кінулася да яе ўсім сваім ладным, прыземістым целам, сваёй акруглай заднічкай і замілавальнымі бакавымі люстэркамі. Сафія адамкнула дзьверы, села на месца кіроўцы, прамакнула лоб сурвэткаю. Пасядзела трохі, адчуваючы сябе ўсё больш упэўнена. Агледзелася, праверыла тое, што называлася сьмешным словам «бардачок» — у машыне не было ніякіх сьлядоў Сіманенкі. Але сама машына была на месцы і нікуды не зьбіралася ўцякаць. Гэта быў добры знак.