Выбрать главу

Вярнуўшыся, Сафія трохі паразважала і патэлефанавала ў паліцыю. «Муж зьнік», — сказала яна, цалкам разумеючы ўсю пачварную недарэчнасьць і ўсё глупства гэтых словаў. «Муж прапаў» — як «бялізну скралі». А вы ня вешайце, грамадзянка, бялізну на двары, як калгасьніца. Лепш слухаўку павесьце. На месцы паліцыянта яна б так і сказала. Але Сафія нічога не змагла з сабой зрабіць і, таропка распавядаючы ўсе нешматлікія падрабязнасьці, пачала міжволі дурнавата хіхікаць, што скончылася сапраўдным ровам. Яе, тым ня менш, выслухалі без асаблівага інтарэсу і сказалі абзваніць шпіталі, бо ўсе так робяць. Яна абзваніла, на гэта нечакана спатрэбілася так шмат часу, што, паклаўшы нарэшце слухаўку, Сафія адчувала сябе замардаваным вязьнем каменаломняў. Паабедаўшы, яна зноў набрала паліцыю. Слухаўку ўзяў ужо іншы паліцыянт, больш цярплівы і ветлівы, давялося яму наноў усё тлумачыць, гэты сказаў пачакаць дні тры, бо звычайна акурат тры дні — інкубацыйны пэрыяд бацылы зьнікненьня чалавека, пасьля якога чалавек гэты або сам знаходзіцца, жывы або мёртвы, але найчасьцей усё ж жывы, брудны, п’яны і з пахам якойнебудзь блядзі. Або не знаходзіцца, і тады ўжо яго можна пачынаць шукаць: задзейнічаць усе каналы, рассылаць сьпісы прыкметаў, апытваць грамадзян, шукаць у базах, вынюхваць, езьдзіць на апазнаньні і пісаць у «Чакай мяне». А чаму тры дні? Чаму не чатыры, чаму ня два, ня шэсьць з паловай — хацелася спытаць Сафіі? Што за магічны рэалізм, што за паліцэйская кабала? А як я буду акно зачыняць на кухні? Тады дашліце мне кагосьці, хто ведае «асаблівы падыход», хацелася сказаць ёй, але яна зрабіла выгляд, што супакоілася, паабяцала патэлефанаваць праз тры дні, калі «бялізна» ня знойдзецца, разьвіталася і паклала слухаўку, пачуўшы перад гэтым на тым канцы проваду шчыры, з прысмакам дэзадаранту мужчынскі сьмех.

Яна адшукала сярод мужавых рэчаў ягоную банкаўскую картку, сінюю з залатым надпісам «Symanienka», бо ейная, на якой усё яшчэ стаяла «Ziablik», была ўжо даўно проста кавалкам плястмасы. Аскепкам той дзіўнай пары, калі яна яшчэ працавала — «як конь», дадавала яна чамусьці кожны раз, калі прыгадвала тую эпоху, хаця праца была зусім няцяжкая. «О» ў гэтым кароткім слове ў яе зь невядомай прычыны заўжды станавілася дыфтонгам; напэўна, недзе ў падсьвядомасьці Сафіі гэта мусіла падкрэсьліваць адмысловую конскасьць працы. Схадзіла да банкамата і зьняла амаль усё, што было на рахунку, на ўсялякі выпадак. Калі вярнулася і села ў кухні ля акна, адкрыўшы куплены ёгурт і прагна паглынаючы яго сталовай лыжкай, то першым, што кінулася ёй у вочы, стала адсутнасьць сьмецьця ў кантэйнэры, да якога ўвечары яна выправіла свайго мужа. Нібы нехта замёў сьляды. Мусіць, пакуль яе не было, прыяжджала машына і забрала ўсё сьмецьце. Гэта ж відавочны факт, папярхнулася яна — і ўсё ж ёй стала яшчэ больш не па сабе. Відаць, яна яго ўсё ж кахала. Як дзіўна, сказала сабе Сафія, пры чым тут гэта.

Яе вялікі, недалёкі і сьветлы, як раённая паліклініка, муж Сіманенка быў чалавек добры… Шчыры… Што яшчэ? Вялікі, недалёкі, сьветлы (у сэньсе бляндын), добры, шчыры… Вялікі — у сэньсе такі мядзьведзь. Недалёкі, так — мог вось, напрыклад, узяць сканворд і не адгадаць за вечар ніводнага слова. Патэлефанаваў ёй неяк і дурным, радасным голасам паведаміў, што іхнага начальніка пасадзілі за хабар. Нібыта новы браць ня будзе. Купляў лятарэйкі. Шчыра верыў, што сяброўка Сафіі Вера, якая працавала ў бардэлі ў турэцкім Карсе, спэцыялізуецца выключна на танцах. Хаця тая як ужо толькі ні зьдзеквалася зь беднага Сіманенкі, апісваючы свой нудны job. Забываў рэшту ў краме. І гэтая гісторыя зь мясам… Як гэта ён яшчэ каніны не прыцягнуў. Куонь. Куонская каўбаса. Вось гэта што — гэта недалёкасьць ці няўважлівасьць? Ці проста тупасьць? Сафія адчыніла акно і ўтаропілася на пусты кантэйнэр для сьмецьця. Яна раптам раззлавалася на мужа так, што вырашыла чагосьці выпіць. Наліла сабе віна, хаця й ведала, што будзе балець галава. Пасьля віна зьнікненьне Сіманенкі стала падавацца ёй добра сплянаванай акцыяй, накіраванай супраць яе, Сафіі. Спробай пазьбегнуць адказнасьці — тыпова мужчынскім дзеяньнем, якое, на думку мужчын, ураўнаважваецца прынесеным імі мясам. Мясам невядомага паходжаньня. Кім была сплянаваная акцыя? Ды ім, зьніклым Сіманенкам. Сафія хрыпата рохкнула. Думка пра тое, што Сіманенка мог нешта сплянаваць, ды яшчэ ажыцьцявіць сплянаванае, падалася ёй бязглуздай. Але, нібы ў пацьверджаньне гэтай вэрсіі, пайшоў дождж, паліў на пусты, як сцэна, двор, у спарожнены кантэйнэр для сьмецьця, у выстаўлены на падваконьне келіх, у душу Сафіі. Ад дажджу лысеюць. Яна прыбрала келіх і паспрабавала зачыніць акно, але асаблівага падыходу Сафіі акно не прызнавала, таму яна паклала на падваконьне ангельскі слоўнік, прыціснуўшы ім раму. Праз шчыліну былі чуваць нейкія сырэны. Сырэны, сырыя старонкі, саркастычныя позіркі. Сафія ссунула фіранкі і села на стол. Пазванілі зь Сіманенкавай працы, спыталі, дзе ён. «Захварэў», — адрывіста сказала Сафія і кінула слухаўку. Дзе ён падзеўся. Дзе. Вядома ж, гэта магла быць і баба. Якая можа адрозьніць карову ад сьвіньні. Нават у такім выглядзе. Характарыстыка. Чаму ў гэтым слове так і чуецца нейкае харканьне? На грамадзяніна Сіманенку. Вялікі, недалёкі, сьветлы (у сэньсе бляндын). Добры, шчыры. Няўважлівы. Няздарны. Тупы. Зьніклы. Гад. Скрадзены (закрэсьлена). Каханы. Мядзьведзь. Конь. Куонь. Муж. Прафэсія. Што яшчэ? Майстар на ўсе рукі. Ну, можна сказаць, усьміхнулася Сафія. Яе, здаецца, трохі адпусьціла.