Выбрать главу

На ўсе рукі. А рук у Сіманенкі было шмат. Адна рука абдымала Сафію перад фотакамэрай, а другая рука лезла Сафіі ў станік (ён казаў, гэта яго супакойвае, а Сафія чытала, што дотык да жаночых грудзей падаўжае мужчынам жыцьцё — вось і падоўжыла), а трэцяя рука ведала асаблівы падыход да акна на кухні, а чацьвертая рука ведала асаблівы падыход да Сафіінай дзірачкі. Пазаймаемся сафістыкай — так ён гэта называў. А пятая рука кіравала машынай, а шостая рука прадавала тавары, якія ніхто не хацеў купляць, а ўсё ж куплялі, і нават пераплачвалі, а сёмая рука прыносіла мяса, а восьмая прыбівала, гудзела, сьвідравала і клеіла, а дзявятая рука трымала кніжку і пульт ад тэлевізара, а дзясятая рука падымалася, галасуючы, а адзінаццатая і дванаццатая часам апускаліся, і Сафіі трэба было пакутліва шукаць нейкія словы, каб іх падбадзёрыць. Ненавісныя моманты. Падбадзёрваць не ўваходзіла ў сьпіс яе талентаў. А трынаццатая рука несла пакет са сьмецьцем. І Сафіі, самотнай Сафіі на кухні з мокрым падваконьнем, Сафіі зь сякерай на каленях трэба было добра падумаць, якую руку адсекчы першай, калі Сіманенка ў рэшце рэшт вернецца.

Якое ён меў права зьнікнуць? — бясьсільна думала Сафія, і перад ёй выразна паўставаў вобраз пачка цыгарэт, схаванага за кнігамі. Яшчэ ўвосень, напісаўшы на аркушы чырвоным флямастэрам «24 жніўня», яна кінула паліць, пачаўшы такім чынам падрыхтоўку да гэтай важнай даты. Часам усё ж, прыкінуўшы меркаваную працягласьць Сіманенкавай адсутнасьці й аб’ём ягонай сёньняшняй занятасьці, яна дазваляла сабе цыгарэту-другую на бальконе, але не злоўжывала. Усе яе недапалкі дагэтуль ляжалі ў траве пад бальконам, яна бачыла іх кожны дзень, паліваючы кветкі, магла паказаць кожны на сьледчым экспэрымэнце, але Сіманенка ні пра што не здагадваўся. А тут наогул незразумела, ці мае яшчэ дзень 24 жніўня нейкі сэнс і з кім яна яго сустрэне. І ў якім выглядзе. Можа, у жалобнай сукенцы. Зрэшты, нават такое разьвіцьцё падзей не вызваляла б Сіманенку ад адказнасьці. Зьнікаюць яны, панімаеш, на сьмерць намякаюць. Муж адной знаёмай галадоўку абвясьціў, невядома зь якой прычыны. Знаёмая казала, нібы з-за палітыкі. Сафія зь цяжкасьцю магла ўявіць сабе чалавека, здольнага адмовіцца ад ежы дзеля палітыкі. А калі і магла, вобраз гэты не выклікаў у ёй нічога, апрача пагарды. Два тыдні муж знаёмай сядзеў на кухні, піў ваду, курыў, здымаў сябе вэб-камэрай і матам лаяўся на ўладу. Потым месяц ляжаў у шпіталі з атручаньнем. Бо ў першы дзень наліў ваду ў слоік, зь яго й піў, а слоік быў брудны, у ім нават знайшлі нейкую кішэчную палачку. Ад кішак не ўцячэш, нават калі захочаш, думала Сафія, з асалодаю закурваючы. Зноў жа — яна прыцягнула на балькон крэсла — рэч у адказнасьці. Калі маеш жонку і дзяцей, мусіш сам жэрці і іх карміць. А не галадаць і не зьнікаць ля сьмецьцевых кантэйнэраў. Можа, і добра, што краіна ў моцных руках. Каб на адказнасьць не забываліся.