Выбрать главу

Думкі моўчкі пазіралі на Андрэ.

– Але чаму менавіта прускі шалом? – нарэшце, ня вытрымаўшы, ляпнула адна, – Чаму ня каска рускага ваяра-вызваліцеля?

Усе з пагардай і абурэньнем паглядзелі на яе.

– Добра! Заканчваем дыскусіі! Заўтра рана ўставаць! – Андрэ падышоў да стала, зрабіў сабе канапку і, праглынуўшы яе, адправіўся праводзіць у сон гэты няпросты для яго дзень.

Уначы Андрэ спалося кепска. Шалом быў яшчэ нязвыклы, да таго ж выявіўся дастаткова мулкім. Хоць стома й валіла з ног, ён часта прачынаўся і скрозь сон лавіў нейкія ўрыўкі трывогі, што падступна прасьлізгвалі ў падкорак. Андрэ круціўся з боку на бок, спрабуючы знайсьці больш зручную позу, але шалом усё адно кудысьці ўпіраўся й нешта сьціскаў яму ў галаве.

Потым ён трапіў на Васілеўскі востраў, на «п’яны рог» непадалёк ад другой лініі. Аддаў чырвонец чарняваму пацану.

– Дзьве сухога, калі будзе, чырвонага, – сказаў ён і стаў чакаць.

Побач у цемры круцілася нейкая ніякая старая й кленчыла грошы. Андрэ даў ёй пяцьдзясят капеек. Пад’ехала таксоўка. Зь яе выйшлі дзьве дзеўкі – з выгляду блядзі. Зарадзілі дзьве гарэлкі.

– Зара зраблю, – адказаў ганец і зьнік у чорнай зяпе падваротні. Неўзабаве вярнуўся, аддаў дзеўкам дзьве пляшкі. Тыя скокнулі ў таксоўку й укацілі.

Хвілін празь пяць зьявіўся ягоны дзяцюк, адвёў Андрэ ўбок.

– На, трымай, – ён азірнуўся па бакох і дастаў з-за пазухі валёнак.

– Чаму адзін?

– Скончыліся валёнкі, – сказаў пацан, вяртаючы пяць рублёў. – Пойдзеш па гэтай адрэсе, скажаш: ад Севы, – ён працягнуў складзены шматок паперы. – Тамака павінны быць. Гэта тут побач. Зара выйдзеш на Сярэдні, збочыш налева, дойдзеш да Чацьвёртай, там направа й другая падваротня зноў налева.

Андрэ адразу знайшоў патрэбную падваротню. Спыніўся пад бляклым ліхтаром прачытаць нумар кватэры. У падваротні было цёмна, сыра й сьмярдзела катамі. Ён адшукаў пад’езд, адчыніў дзьверы й пачаў узьбірацца па стромкіх і вузкіх чарнавых сходах. Калі дайшоў да трэцяга паверху, спыніўся: «Мусіць, тут». Пакорпаўшыся ў кішэнях, адшукаў запальнічку. Слабы агеньчык асьвятліў маленькі кавалачак старых шчарбатых дзьвярэй. Андрэ павёў рукой уверх і натыкнуўся на нумар: «Дваццаць пяць, так, гэта тут!» Пазваніў.

Адчынілі не адразу. Празь нейкі час за дзьвярыма пачуўся шоргат. Хтосьці з таго боку зьняў дзьвярны ланцужок. Пстрыкнуў замок. Пры слабым агеньчыку запальнічкі Андрэ імгненна пазнаў таго самага калматага нахабнавокага мужыка з кнайпы. Праўда, на ім цяпер красаваўся чорны хасыдзкі капялюш, з-пад якога зьвісалі даўгія зь сівізною пэйсы. Мабыць, мужык таксама пазнаў яго. Ва ўсялякім разе, ён адразу сказаў: «Праходзь», – і павёў па доўгім і цёмным калідоры, асьветленым толькі адной бляклай лямпачкай, уздоўж нейкіх зачыненых дзьвярэй. Спыніўшыся ля адных зь іх, ён жэстам запрасіў увайсьці.

– Мне патрэбны яшчэ адзін валёнак, – сказаў Андрэ, працягваючы мужыку скамечаную пяцёрку.

– Пачакай тут, – вымавіў калматы і зьнік за цяжкой парцьерай, дзе хаваўся бакавы пакойчык.

Андрэ агледзеўся па бакох. Пакой быў даволі вялікі й двума высокімі вокнамі выходзіў на вуліцу. Са столі зьвісала масіўная масянжовая жырандоля. Прастору ўздоўж сьцен займалі старыя пацямнелыя шафы. Шафаў мелася так шмат, што стаялі яны адна на другой і нават у цэнтры залі, таму ў цэлым пакой здаваўся цесным. Дакладна пасярэдзіне, пад жырандоляй, месьціўся вялікі круглы стол, побач стаяў мэталічны ложак з панцырнай сеткай. На ложку сядзела старая, тая, якой Андрэ даў пяцьдзясят капеек, і ела кефір, чэрпаючы яго лыжкай проста зь літровага слоіку. Яна ела павольна й разьмерана, не зьвяртаючы на Андрэ ніякай увагі, як быццам яго тут зусім не было. Ён прыняўся зачаравана сачыць за рухамі старой. У іх дакладным рытме тоілася нейкая гіпнатычная сіла, нібы гэта быў ківач вялікага гадзіньніка, што ціха адлічваў час: цік-так, цік-так, цік-так…

– Тварам да сьцяны!!! Рукі на патыліцу!!! – нягучна, але рэзка й нечакана прагучала раптам ззаду.

Андрэ адчуў, як нешта цьвёрдае ды невялікае тыцнула яго ў сьпіну. Ён павольна падняў рукі й павярнуўся. Нябачная далонь моцна пхнула яго наперад так, што ён упёрся галавой у вялікую шафу. Яе драўляная, фарбаваная карычневым шурпатая паверхня была цяпер зусім блізка. Ён бачыў невялікія шчылінкі й прагалы аблупленай фарбы. Андрэ адчуў прыемнае казытаньне лямцу на сваёй шыі. Гэта быў той самы валёнак, які ён купіў у пацана і ўвесь гэты час трымаў у рукох.