Выбрать главу

Вырашыўшы, што таксама будзе авангардыстам і прысьвеціць жыцьцё здабываньню шэрага колеру з стракатай разнастайнасьці сьвету, Андрэ пачаў старанна наведваць заняткі дзядзькі Івана ў студыі мясцовага шпалаўкладачнага камбінату. Магчыма, яму наканавана было стаць песьняром магілёўскіх туманаў, але раптам, калі ён крыху пасталеў, зьніадкуль паўстаў Зільдэрман. Ён вызначыў экспэрымэнт Івана Панцялеевіча як шэрую плесьню, балотны імпрэсіянізм, сказаў, што няма ў горадзе іншага авангардыста, апроч Яго, і ўзяўся знаёміць Андрэ з маніфэстамі супрэматыстаў, нумізматакубістаў, сынхараэлістаў, гіпэр-традыцыяналістаў, сукаперасоўных мануалістаў, пасьля чаго павёз у Пецярбург.

Пацягаўшы хулямата-хілярэта-нэафіта па піцерскіх майстэрнях, пагойсаўшы зь ім па «сайгонах», ліцейных і розных праграмных флэтах, Зільдэрман навучыў яго піць віно, прыгожа сплёўваючы, круціць «Беламор» і з асаблівым шыкам павязваць даўгі шалік. Вярнуўся Андрэ ў Магілёў ужо скончаным авангардыстам. Шляхі да адступленьня былі адрэзаныя. Заставалася адно – пачынаць свой пошук у мастацтве. Ён разьвітаўся з балотным імпрэсіянізмам і прыдумаў назву для ўласнага стылю – нэкрарамантычны турбаабстракцыянізм.

Андрэ ўзяўся экспэрымэнтаваць з матэрыяламі, паспрабаваў сябе ў скульптуры, стварыў першую ў Магілёве інсталяцыю з пустых віна-гарэлачных скрыняў, сьцягнутых уначы ад бліжэйшага гастраному. Потым была мастацкая вучэльня ў Менску, няўдалая спроба паступіць у інстытут, тужлівыя пошукі сябе, запоі, белы білет, налёты на Піцер, разрыў зь Зільдэрманам і, нарэшце, першыя выставы сапраўдных авангардыстаў.

У тыя часы Андрэ вельмі шкадаваў, што нарадзіўся ў Магілёве, а ня ў Віцебску, які знаходзіўся ўсяго кілямэтраў за дзьвесьце ад яго. Гэты горад лічыўся сапраўднай сталіцай рэвалюцыйнага мастацтва. Там працаваў гуру кожнага праўдзівага авангардыста – Казімір Малевіч, там зьявіўся на сьвет УНОВИС, у Віцебску жыў Марк Шагал. Магілёў жа здаваўся Андрэ правінцыйнай дзіркай, што не дала сусьвету ніводнага вялікага рэвалюцыянэра ў мастацтве.

Нават Менску пашанцавала болей: непадалёк нарадзіўся Хаім Суцін. На Берасьцейшчыне месьцілася радавое гняздо Хведара Міхайлавіча – найвялікшага для Андрэ аўтарытэта ў літаратуры ўсіх часоў і народаў. З Магілёўшчыны, калі хто й паходзіў з сапраўдных авангардыстаў, то толькі самазванец Ілжэдзьмітры Другі. Дый той, у адрозьненьне ад Ілжэдзьмітрыя Першага, аказаўся грэбаным лузэрам, бо яго намер захапіць Маскву абярнуўся няўдачай.

Некалькі разоў Андрэ рабіў спробы перабрацца ў Пецярбург. Сваім турбаабстрактным нэкрарамантызмам ён быў у Магілёве мала каму цікавы. Але завіснуць у Піцеры таксама не выходзіла. Ідэйныя праціўнікі – нэкрарэалісты экспрэсіянісцкага разьліву – яго не прымалі. «Дзікія» лічылі манэрным, «міцькі» – дэкадэнцкім. Таму, пашвэндаўшыся па сквотах, папіўшы гарэлкі з паэтамі на «Сайгоне» ці праз дарогу, у рэстарацыі Саюзу тэатральных дзеячоў, Андрэ зноўку вяртаўся дамоў. Адзіны, хто яго пахваліў, быў Чалавек-сабака, які ненадоўга неяк завітаў у Магілёў, лізнуў яго ў вуха ды назваў сапраўдным мастаком. Праўда, Сабака жыў у Маскве, а Андрэ яе не любіў, але з таго часу Чалавек-сабака стаў для яго першым аўтарытэтам у сучасным мастацтве.

Напрыканцы 80-х, калі прыадчыніліся межы, Андрэ пачалі запрашаць на першыя выставы ў Эўропу. Гэта былі залатыя часы. Ён раптам стаўся ўсім цікавы. Паўсюль закіпалі рэвалюцыі, мастакі з былога Саўка прыцягвалі ўвагу, карціны, нават правінцыйныя «-ізмы», хай і нядорага, але йшлі нарасхват. Здавалася, вось яно – новае, зь неверагоднымі пэрспэктывамі, жыцьцё! Жыцьцё, дзе ўсё давалася весела, проста, у якім нават папойкі былі не панурыя, а лёгкія, узвышаныя, быццам вясновыя карнавалы. Карнавалы… Карнавалы… Кар…на…валы…

Пад аднастайнае буркатаньне аўтабану Андрэ пачаў патанаць у салодкай дрымоце. Празь нейкія аддаленыя пакойчыкі сьвядомасьці да яго даносіліся ўрыўкі антыглябалісцкага рэпу з радыёпрымача. Дарога закалыхвала шэптам шынаў, гудзеньнем матораў вялікіх фураў, глухім посьвістам мэрсэдэсаў і бээмвушак, што на вялікай хуткасьці праносіліся наперад.

«Да д’ябла мастацтва…. Зільдэрман меў рацыю, своечасова зваліў…. цяпер на Брайтане дыскамі гандлюе…. а дзядзька Іван паранейшаму… ідыёт… да чорта бэрэты… німбы… шалом… шалом… ша…лом… шал…ом… шаа… лллл…ооомм…»

* * *

– Фак!!! Шайзэ!!! Шыт!!!

Андрэ падскочыў ад нечаканага ўдару і, толкам яшчэ ня сьцяміўшы, што адбылося, адразу адчуў – галава яго прыліпла да даху аўтамабіля.