Выбрать главу

– Чортаў прыдурак! Ты прабіў мне дах сваім рогам! – лямантаваў пачырванелы ад злосьці вадзіла.

Засьпеты зьнянацку, Андрэ тупа, спалохана й вінавата глядзеў па бакох, спрабуючы зразумець, што адбылося. Разуменьню перашкаджала нязручнасьць ягонага становішча. Галава нібы прысохла да даху гэтак, што ён нават ня мог павярнуцца, каб зірнуць на кіроўцу поўным вокам. Андрэ даводзілася спадылба касавурыцца на яго, таму нават вінаваты погляд здаваўся абуральна нахабным, што яшчэ больш разьюшвала вадзілу.

Пакуль Андрэ спаў, іх прыўкрасны кабрыялет на вялікай хуткасьці ўляцеў у велізарны затор – цалкам звычайную справу для нямецкіх дарог у нядзельны папаўдзённы час. Аднак шаша рабіла тут паварот, таму кіроўца, не адразу заўважыўшы яго набліжэньне, змушаны быў рэзка ўдарыць па тармазох, калі затор нечакана вырас перад імі. Ад тармажэньня сьпячага Андрэ кінула наперад, і ён літаральна працяў залатым шпілем скураны дах аўтамабіля. Вядома ж, калі б ён ехаў на мэрсэдэсе, і ўжо дакладна не ў кабрыялеце, гэтага не адбылося б. Ён адно парваў бы мяккую абіўку салёну. Але глямурная скурка францускай прыгажуні не змагла даць годнага супраціву сталі, адлітай на заводах Крупа, таму цяпер галава з шаломам заставалася ў салёне, а востры шпіль нахабна тырчэў звонку.

– Ідыёт!!! Хто мне заплаціць за рамонт даху!

– Перцы, путаны, тата за акіянам, маці марыхуана, бэмц, бэмц, бэмц, – па-ранейшаму хрыпеў па радыё і біўся ў канвульсіях нэрвовы антыглябалісцкі рэп.

Андрэ ўхапіўся за шалом дзьвюма рукамі й асьцярожна пацягнуў на сябе. Кіроўца, выскачыўшы з машыны, пачаў зь іншага боку прапіхваць яго ўсярэдзіну салёну. Людзі: мужчыны, фраў, фройляйн і мэдхен з аўто, што павольна рушылі міма, зь цікаўнасьцю паглядалі на дзіўнае відовішча. Нарэшце, калі шалом цалкам вярнуўся ў салён, спацелы і ашалелы вадзіла пракрычаў:

– Раганосец! Пайшоў прэч з маёй машыны, сэктант хрэнаў!

Зразумеўшы, што дыскутаваць ня мае сэнсу, Андрэ моўчкі падхапіў заплечнік, з пачуцьцём уласнай годнасьці выйшаў на дарогу і раздражнёна паслаў наўздагон:

– Сам раганосец! Валёнак дробнабуржуазны!

Апынуўшыся зноўку на трасе, ён разгублена паглядзеў на аўто, што праяжджалі міма, а потым павярнуўся і рушыў да бліжэйшай шыльды, каб зразумець, у якім прыкладна месцы яны прыпыніліся.

Першы дзень новага жыцьця хіліўся да вечару. Лавіць іншую машыну пакуль не хацелася. Ля першага вялікага шчыта з назвамі населеных пунктаў, зазірнуўшы ў мапу, ён адзначыў, што ўсё ж праехалі яны нямала. За сьпінаю былі Цукервафэль, Дзёнэрмітзэльц, Абэндкапут, Хам. Недзе наперадзе ўжо маячыў Нахрэннахостэн.

Да Гановэру заставалася ня больш за сто кілямэтраў, але Андрэ вырашыў збочыць з трасы для невялікага прыпынку. «Трэба выпіць піва ды нечага зьесьці», – прапанаваў ён сам сабе і рушыў у цішыню вясковых прыцемкаў. Сонца па-ранейшаму не было. Неба зацягнулася мяккай шэрай тканінай. «Мабыць, сонца, ладна стаміўшыся за дзень, вырашыла пайсьці з працы раней. Ну й добра, – думаў Андрэ, – самы час на піва. Толькі трэба знайсьці бэнзакалёнку, дзе яго можна набыць».

Ён збочыў на невялічкую мясцовую дарогу й накіраваўся па ёй, мяркуючы, што рана ці позна бэнзакалёнка абавязкова яму патрапіцца. Нядаўняе здарэньне не адпускала. Андрэ ніяк ня мог супакоіцца. Розныя крыўдныя думкі лезьлі ў галаву:

«Меў рацыю Чалавек-сабака: мастак цяпер, як псіна бяздомная, па дарогах вайны швэндаецца, лазіць па сьметніцах цывілізацыі, пазірае жаласьлівымі вачыма на калёну чалавецтва, што кудысьці йдзе, чакае, каб нехта прытуліў ці костку кінуў. А кожны Сабака-чалавек яго пакрыўдзіць намагаецца, кіем замахнуцца ды стукнуць, ці стрэльнуць, каб больш балюча было. Халера! Сьцямнее хутка. Дзе ж гэтая чортавая бэнзакалёнка?

А калісьці мастак з гонарам на чале ўсёй калёны ішоў, быў як Анубіс у старажытных эгіпцянаў – бог з галавой сабакі. Толькі ён таямніцай адлюстраваньня валодаў, і кожны, хто перад сьмерцю свой твар для вечнасьці захаваць хацеў, да яго прыходзіў. Ён быццам рука Творцы быў, як выглядае вырай, пекла, ды й сам Творца, толькі мастак мог чалавеку давесьці. А цяпер тэхніка ўсё робіць. Ідзе чалавецтва па дарогах вайны, а за ім у абозе, на фурманках – кампутары, станкі, фотакамэры. Захацеў перад сьмерцю ўласны адбітак пакінуць, забег у фургон, пстрык, пстрык – чатыры тры на чатыры без кутка, з вас тры баксы. А мастаку толькі й засталося, што дэкаратыўнымі плямкамі пакойчыкі аздабляць.

Вось бяжыць ён за калёнай ды жаласьліва скуголіць:

– Дама, дамачка! Купіце карцінку, нядорага. Яна вам бліндаж упрыгожыць!