Выбрать главу

– Ведаеш, Генрых, а прусы гэта ж ня вы, а мы!

– Якога чорта?

– Бо прусы – балцкае племя, што жыло на нашых землях! А вось якога чорта нашае імя да вас перакачавала?

– Увогуле, я саксонец, – зь легкай крыўдай у голасе прамовіў Генрых.

– А! Якая, на хрэн, розніца! Шкада, што ты не нарадзіўся ў Гурзуфе!

– Чаму менавіта ў Гурзуфе?

– Ды халера яго ведае! Так, прыгадалася! Я быў тамака ў дзяцінстве, з маці. Мы паехалі ў горы на возера Рыца, паелі шашлыкоў, а потым усю ноч ванітавалі. Хаця пачакай! Не! Гэта было ў Піцундзе, – з гэтымі словамі ён паднёс бутэльку да рота і зрабіў трэці глыток.

Далей падзеі разгортваліся па звычайным для Андрэйкі сцэнары. Калі б нават ён піў, але засяродзіў увагу на Францы, то, верагодна, усё пайшло б паводле пляну. Але, пабачыўшы столькі незнаёмых маладзенькіх фройляйн, якія пасьля сканчэньня ўрачыстай часткі высыпалі з павільёну, яго агаладалыя вочкі наліліся алеем валяр’яны, і ён кінуўся знаёміцца, паіць і спакушаць кожную, за каго чапляліся кіпцюры ягоных лапак.

Тым часам мастакі ды госьці пачалі разбрыдацца па парку. Большасьць інсталяцыяў ня месьцілася ў павільёне, а была раскіданая па вялікай тэрыторыі старой і крыху запушчанай садова-паркавай гаспадаркі. Андрэйка таксама скіраваўся да месца, дзе прытулілася ягоная скульптура, і падрыхтаваўся да сустрэчы гасьцей, асабліва маладых фройляйн, кожная зь якіх рана ці позна мусіла натыкнуцца на гэты твор. Пагатоў ён быў аб’ектам надзвычай прыкметным.

Андрэ збудаваў дзьве вялікія скульптуры з саломы. Адна ўяўляла зь сябе аголеную Вэнэру, другая была копіяй антычнага Апалёна. Статуі стаялі на пастамэнтах адна супраць другой у бакавой алеі парку і выглядалі, як два вялікія, вышэйшыя за чалавечы рост, калматыя мядзьведзі.

Пазнаць у адным зь мядзьведзяў Вэнэру магчыма было па адсутнасьці рук і вялікіх саламяных грудзях, што крыху нязграбна тапырыліся вожыкамі ў тры бакі сьвету. Апалён жа стаяў з узьнятай рукой і чамусьці гэткім жа значным калматым узбуджаным чэлесам, што пяўся кудысьці ў напрамку Вэнэры, быццам руля расійскага танка ў бок Прусіі.

Як толькі пачалі зьяўляцца госьці, Андрэйка з розным градусам натхненьня ўзяўся тлумачыць ім, што ён, уласна, жадаў сказаць гэтым творам. Калі падыходзіла сталая пара або які-небудзь крытык, яго аповед быў скупы й халодны. Ён нешта казаў пра новыя магчымасьці, якія дае мастаку такі матэрыял, як салома, пра сувязі з традыцыяй, пра новае прачытаньне клясыкі, удавана цяжка ўздыхаў і нешта няўцямна падтакваў, калі гутарка заходзіла аб нягодах яго няшчаснай краіны.

Але калі падыходзіла маладзенькая зграбная фройляйн, ён тут жа ўскокваў на каня, выцягваў шкляначку, прапаноўваў паненцы віскі, сам рабіў ладны глыток з бутэлькі, а далей яго несла ў неўтаймаваныя стэпы натхненьня. Ён распавядаў пра геніяльнасьць саломы як матэрыялу і яе двухсэнсоўнасьць. Пра тое, што пры сьвятле яна зьзяе чыстым золатам, але, калі прыгледзецца, кожны прадмет, выраблены з саломы, уяўляе зь сябе ўзор спарахненьня матэрыі, пацяруху, якой, па сутнасьці, ёсьць усё зямное. Асабліва гэта тычыцца саламяных чалавекаў, якія нагадваюць яму паўспарахнелых ваўкалакаў зь фільмаў жахаў.

Далей ён пераходзіў да асаблівасьцяў саламянага сэксу. Распавядаў пра ягоную абсалютную экалягічнасьць і пэрспэктыўнасьць. Пра тое, як менавіта павінны займацца гэтым саламяны Апалён і саламяная Вэнэра, пра тое, куды лепей устаўляць чэлес і што рабіць, каб партнэры не разваліліся падчас акту.

Паненкі не без задавальненьня й цікаўнасьці выслухоўвалі гэтую ахінею, пасьмейваючыся, выпівалі віскі і адвальвалі. На жаль, яны зьяўляліся, як правіла, не адныя, а ў суправаджэньні кавалераў альбо невялікімі кампаніямі. Таму ў Андрэйкі ніяк не выходзіла затрымаць якую-небудзь фройляйн каля саламяных мядзьведзяў надоўга.

Тым часам паступова сьцямнела. Наведнікаў стала менш. Андрэйка раптам згадаў пра Франку і з жахам зазначыў, што віскі ў пляшцы амаль скончылася. Перш за ўсё, падумаў ён, неабходна знайсьці Генрыха, бо ў яго мусіць заставацца яшчэ бутэлька, а потым выправіцца на пошукі Франкі.

Ён прысьпеў Генрыха ў адным з зацішных куткоў парку ў невялікім, але вясёлым таварыстве. Ён быў ужо добра п’яны, і віскі ў яго бутэльцы заставалася ня болей за шклянку. Упэўненым жэстам прыватызаваўшы апошняе, Андрэйка зрабіў вялікі глыток і ўсе наступныя падзеі гэтага вечару й ночы памятаў ужо фрагмэнтарна.

Яны яшчэ пілі нешта зь іншых бутэлек, ператусоўваліся з кампаніі ў кампанію. Ён паранейшаму спрабаваў спакусіць нейкіх паненак, але быў ужо ў такім градусе, што палёт яму не даваўся, і выглядала гэта неяк непрыстойна й пошла. Пару разоў яны сустракаліся з Франкай, але тая была ў кампаніі незнаёмага і агіднага плэйбоя. Потым яны ганялі з Генрыхам на бэнзакалёнку купіць яшчэ бухла. Затым ён сьпяваў нейкім фройляйнам «Очи черные, очи страстные…» і «Тумбалайку», размаўляў з кімсьці ў хмызах пра ролю будучай беларускай рэвалюцыі, выконваў басам «Смело мы в бой пойдём…» і запрашаў усіх у Магілёў. У іншых хмызах ён распавядаў пра Маскву як новую Мэку і сталіцу сусьветнага мастацтва, сьпяваў ужо зусім разьдзяўбаным басам «Боже, царя храни», нахабна заляцаўся да Франкі ў прысутнасьці незнаёмага плэйбоя і каля чатырох гадзін ночы незразумела якім чынам прыцеляпаўся да сябе ў пакой, адразу адключыўшыся на неразабраным ложку.